Калі вы знайшлі памылку, калі ласка, вылучыце фрагмент тэксту і націсніце Ctrl+Enter.
Майстры Мёршчыны рыхтуюць адметныя сувеніры для гасцей раёна
Апошнія навіны,Навіна арганізацыі ад 25 жніўня 2020 года
17-18 ліпеня рамеснікі Міёрскага (Мёрскага) раёна сабраліся на трэнінг па вырабе сувеніраў з воўны, каб падрыхтавацца да мясцовага экалагічнага свята.
Яно мае адметную назву – “Жураўлі і журавіны Міёрскага краю”, бо гэты паўночны рэгіён Беларусі славуты сваімі балотамі, журавінамі і магчымасцю паназіраць за тысячамі шэрых жураўлёў, што спыняюцца тут адпачыць падчас міграцыі на поўдзень.
Трэнінг адбыўся ў межах праекта “Разам для грамады і прыроды: Міёрскі раён”, які рэалізуецца Міёрскім раённым выканаўчым камітэтам, АПБ і Латвійскім сельскім форумам пры фінансавай падтрымцы Еўрапейскага саюза.
Пад творчым кіраўніцтвам Вольгі Камінскай удзельнікі трэнінга распрацавалі эскізы тэматычных сувеніраў, а потым паводле некаторых з іх зрабілі прыгожыя журавіны і жураўлікаў. Сувеніры вырабляліся з воўны тэхнікамі сухога ды мокрага валяння.
Калі Ксенія Маскаленка ўпершыню трапіла на трэнінг Вольгі, то думала, што прыйдзе проста паназіраць: ёй здавалася, тэхніка валяння не для яе. Але ў канцы трэнінга ў Ксеніі былі свае выдатныя работы, і з таго часу яна кожны раз стараецца трапіць на заняткі з Вольгай.
– Падчас майстар-класа мы зрабілі маленькага жураўліка і брошку-журавінку. Планую такіх сувеніраў нарабіць да экалагічнага свята “Жураўлі і журавіны Міёрскага краю”. Летась я змайстравала да свята каля 20 магнітаў – няшмат, бо баялася, ці спадабаецца людзям. Але іх усе раскупілі вельмі хутка!
Галіна Паўлоўская таксама падзялілася ўражаннямі ад удзелу ў трэнінгу:
— Уражанні самыя найлепшыя, таму што вяла майстар-клас цудоўны майстар – яна ўмее рабіць усё, а галоўнае, ведае, як наладзіць работу ў рознаўзроставай групе, дзе ёсць і дзеці, і моладзь, і сталыя людзі. Для кожнага ў яе знайшлося заданне па сілах, усе былі задаволеныя і шчаслівыя і доўга не маглі разысціся – так цікава ўсім было. Кожнаму Вольга давала падказкі, абнадзейвала, што ўсё атрымаецца. Лямец – мой любімы матэрыял. У маёй аграэкасядзібе“Мацейкава сяліба” ёсць куток “Мацейкавы рамёствы”, які складаецца з музея сельскага побыту і майстэрня, дзе знаходзіцца выстава вырабаў з воўны і дзе я праводжу са сваімі гасцямі майстар-класы. Але павучыцца ў іншых майстроў мне заўсёды цікава, і дзякуй вам за такую магчымасць, бо Вольга – майстар з вялікай літары.
Экалагічнае свята “Жураўлі і журавіны Міёрскага краю” адбудзецца 19 верасня. Вельмі раім на ім пабываць, пачаставацца журавінавымі прысмакамі, набыць экалагічна чыстых журавін з мясцовых балот, паназіраць за шэрымі жураўлямі ў падзорную трубу, палюбавацца адметнымі краявідамі і, вядома, набыць на памяць ды ў падарунак сябрам сувеніры, зробленыя рукамі мясцовых майстроў.
Тэкст: Алеся Башарымава
Падзяліся артыкулам у сацсетках: