Кажан у кватэры – добры госць, а не злыдзень

ад 24 жніўня 2021 года

У кажаноў пачалася восеньская міграцыя, падчас якой яны нярэдка залятаюць у кватэры. Панікаваць не трэба: кажаны адны з самых бяспечных для чалавека дзікіх звяроў.

Двухцветный кожан Дарья Васильева iNaturalist.org CC BY-NC 4.0

Двухколерны кажан выглядае для кагосьці страшны, але небяспекі няма: проста не чапай яго голымі рукамі. Фота Дар’і Васільевай / iNaturalist.org CC BY-NC 4.0

Мацярынскія калоніі кажаноў скончылі гадаванне патомства. Дарослыя і маладыя звяркі здымаюцца з месца і пачынаюць адлятаць на поўдзень: адны віды пралятаюць каля 2000 кіламетраў, іншыя ўсяго 10-20 або 100 км.  

Да спячкі яшчэ далёка: у кажана тэмпература цела змяняецца згодна з тэмпературай навакольнага асяроддзя, і пакуль як след не пахаладае, кажан у спячку не ўпадзе.

Куды ж кажаны імкнуцца? На спатканне, на так званы “свормінг”: дарослыя самкі і самцы злятаюцца ў месцы раення, дзе ў іх адбываецца спарванне.

Падчас міграцыі яны часам залятаюць у дамы. Часцей за ўсё гэта здараецца ў восеньскія месяцы, але бывае і ў снежні, і ў пачатку студзеня, калі няма маразоў.

Поздний кожан Martin Grimm iNaturalist.org CC BY-NC 4.0

Позні кажан. Фота: Martin Grimm / iNaturalist.org CC BY-NC 4.0

Некалькі гадоў таму ў Беларусі пісалі пра выпадак, як у кватэру заляцела каля 40 кажаноў! Добра, што гаспадар паставіўся да гэтага спакойна і з гумарам. Часцей бывае, што людзі панікуюць, баяцца, не ведаюць, што рабіць.

Падставаў для страху сапраўды няма. Кажаны неагрэсіўныя і не нападаюць на чалавека самі. Насуперак стэрэатыпам, кажаны не распаўсюджваюць COVID-19. Забіваць іх ні ў якім разе нельга. Усе кажаны ахоўваюцца законам, а 8 відаў уключаны ў Чырвоную кнігу Беларусі.

Што рабіць, калі кажан заляцеў у кватэру?

у хату заляцеў кажан

Самае важнае – не панікаваць, не спрабаваць злавіць ці прагнаць кажана, бегаючы за ім з венікам ці падобнымі прадметамі. Так ты толькі загоніш кажана ў кут, адкуль потым будзе цяжка яго дастаць. Кажан можа забрацца ў шчыліну шырынёй 1,5 см! Знайсці яго будзе цяжка: давядзецца перабіраць усе паліцы і нават адсоўваць мэблю.

Поздний кожан Mnolf Wikimedia Commons. CC BY-SA 3.0

Позні кажан. Фота: Mnolf / Wikimedia Commons. CC BY-SA 3.0

Ні ў якім разе не дапускай кантакту сваіх хатніх жывёл з кажаном. Цікаўныя кот ці сабака захочуць яго панюхаць або злавіць, і кажан з перапуду можа іх укусіць. Гадаванцу давядзецца рабіць прышчэпку. Лепш адразу выведзі жывёл-кампаньёнаў з пакоя і зачыні яго.

Усё, што трэба зрабіць, — дачакацца вечара, выключыць святло, расхінуць шторы і шырока расчыніць вокны – пасля захаду сонца кажан вылеціць сам. Ён арыентуецца ў прасторы дзякуючы ультрагуку і знойдзе дарогу на волю без праблем.

Што рабіць, калі ўсё ж даводзіцца ўзяць кажана ў рукі?

Бывае так, што кажан ляжыць на падлозе, і незразумела, траўмаваны ён ці не. Перш чым падняць яго, надзень шчыльныя пальчаткі (будаўнічыя або скураныя). Гумовыя пальчаткі не падыдуць: яны занадта тонкія, звярок можа іх пракусіць.

Двухколерны кажан. Калі кажана ўсё ж трэба ўзяць у рукі, рабіце гэта толькі ў пальчатках 800

Двухколерны кажан. Калі кажана ўсё ж трэба ўзяць у рукі, рабіце гэта толькі ў пальчатках. Фота Аляксея Шпака, група «Кажаны Беларусі»

Чым большы кажан, тым больш шчыльныя трэба пальчаткі. У Мінску вельмі часта трапляецца адзін з найбуйнейшых кажаноў Беларусі – позні кажан, часам – рудая вячэрніца, таксама адносна вялікіх памераў. 

Няма пальчатак? Акуратна накрый кажана каробкай, падсунь пад яе шчыльны аркуш паперы ці кардону і вынесі жывёлу на двор. Асцярожна пасадзі кажана на ствол дрэва ці іншую вертыкальную паверхню і пасля гэтага ўпэўніся, што жывёла адляцела. Лепш гэта рабіць увечары, каб птушкі не злавілі яе.

Ні ў якім выпадку не скідвай кажана з акна ці з балкона – ён можа ўпасці на зямлю і стаць здабычай драпежнікаў.

Што рабіць, калі не атрымліваецца перамагчы страх перад кажаном?

У такім выпадку звані хіраптэролагу (спецыялісту па кажанах) Цэнтра рэабілітацыі рукакрылых “Кажанаполіс”, старшыню Рабочай групы АПБ па рукакрылых Аляксею Шпаку: +375292139257.

Што рабіць, калі бачыш траўмаванага кажана?

На жаль, у Беларусі прафесійнай ветэрынарнай дапамогі для траўмаваных кажаноў няма. Але часам дапамагчы кажану можна.

Калі ў кажана парваная перапонка (тое, што звычайна называюць крылом) і дзірка вялікая, напрыклад, памерам з двухрублёвую манету, то звярку спатрэбіцца догляд, бо сам ён эфектыўна паляваць не зможа. Звярка давядзецца карміць насякомымі і паіць, а калі рана зацягнецца, яго трэба адпусціць на волю.

Вельмі часта людзі знаходзяць кажаноў з пераломамі, — кажа Аляксей Шпак. — На жаль, нават калі костка зрастаецца, часцей за ўсё жывёла потым усё адно не можа лятаць. Чалавек застаецца перад нялёгкім выбарам: завезці звярка ў ветклініку на эўтаназію (усыпленне), каб спыніць яго пакуты, або забяспечыць яму камфортнае жыццё ў няволі. Пры гэтым трэба ўлічваць, што кажаны, якія сустракаюцца ў Беларусі, часцей за ўсё дажываюць да 12, часам да 15 гадоў.

Пракансультавацца наконт дапамогі кажану можна, звязаўшыся з Цэнтрам рэабілітацыі рукакрылых “Кажанаполіс”.

Дасылай фота знойдзеных рукакрылых у Фэйсбук-месенджар, праз Вайбер/Тэлеграм +375292139257 або на электронную пошту batworkinggroup@gmail.com. Табе дапамогуць вызначыць від кажана і яго стан.

Двухцветный кожан Karol Tabarelli de Fatis iNaturalist.org CC BY-NC 4.0

Двухколерны кажан. Фота: Karol Tabarelli de Fatis / iNaturalist.org CC BY-NC 4.0

У 90 % выпадкаў у нашай краіне ў кватэры залятаюць двухколерныя кажаны, у астатніх выпадках – познія кажаны. Цікава, што раней двухколерныя кажаны адляталі ад нас на зімоўку ў Аўстрыю ды Славакію, а цяпер застаюцца зімаваць у Беларусі. Паводзіны кажаноў змяняюцца. Магчыма, дзякуючы твайму паведамленню стане вядома, што ў нас зімуюць і іншыя віды рукакрылых, якія раней адляталі з краіны, або будзе ўвогуле зарэгістраваны новы від.

Тэкст: Алеся Башарымава, Аляксей Шпак

 

Дапамажы нам у захаванні рэдкіх відаў!

 

 

 

ВКонтакте АПБ



Падзяліся артыкулам у сацсетках:


Сообщить об опечатке

Текст, который будет отправлен нашим редакторам: