Дзікі глушэц затакаваў каля глушцовага гадавальніка ў Налібоцкай пушчы!

ад 1 верасня 2020 года

Незвычайныя паводзіны птушкі 2020 года — глушца — назіраюць у Налібоцкай пушчы. Дзікі самец прыляцеў у жніўні да гадавальніка, дзе разводзяць гэты від, і пачаў такаваць.

Налібоцкі глушэц

У гадавальніку цецеруковых птушак, які ў 2016 годзе стварыла Міністэрства лясной гаспадаркі Рэспублікі Беларусь у рэспубліканскім ландшафтным заказніку «Налібоцкі», ужо другі год паспяхова выводзяцца глушаняты. Сёлета атрымалі 22 птушаняці.

Тут разводзяць глушцоў заходнееўрапейскага падвіду, каб аднавіць іх папуляцыю, колькасць якой у Беларусі стабільна памяншаецца. На 2018 год яна паводле падлікаў паляўнічых склала ўсяго 460 асобін.

Відаць, гадавальнік пачаў прыцягваць глушцоў з лесу. На гэтым месцы калісьці існавала такавішча — можа быць, нам удасца яго аднавіць, — лічыць Аляксандр Казарэз, начальнік аддзела паляўнічай гаспадаркі Мінлясгаса.

Ён расказаў, што глушэц паводзіць сябе не вельмі палахліва, але і не падпускае зусім блізка. Калі яго паспрабавалі адлавіць, каб паглядзець, ці не паранены ён, то ён парваў пастку, адляцеў на пэўную адлегласць, пасядзеў, а пасля зноў прыляцеў такаваць.

Цяпер мы проста назіраем за яго цікавымі паводзінамі, — кажа Аляксандр Казарэз. — Птушка, хутчэй за ўсё, маладая.

Звычайна глушцы такуюць у красавіку. Але бывае ў гэтых птушак і фальшывае такаванне. Як правіла, яно праходзіць у верасні — пачатку кастрычніка. У гэты прамежак часу даўжыня светлавога дня якраз супадае з вясновай, таму гармоны прымушаюць глушцоў такаваць. Часам на такое такаванне прылятаюць і самкі. Фальшывае такаванне нядоўгае і не такое эфектнае, як звычайнае, таму што даўжыня светлавога дня з кожным днём памяншаецца.

Незвычайна тое, што ў глушца, які наведвае гадавальнік, фальшывае такаванне пачалося практычна на месяц раней.

Зусім нядаўна недалёка ад гэтых месцаў адбыўся падобны выпадак. Аляксандр Казарэз расказаў, што ў вёску каля Налібоцкай пушчы таксама прыляцеў глушэц, цэлы дзень правёў на падворку разам з курамі, карміўся з імі, а потым гэтак жа спакойна зляцеў. А ў мінулым годзе АПБ пісала пра тое, як глушэц пасябраваў з сялянамі пад Нароўляй.

Аляксандр Вінчэўскі, дырэктар АПБ
У сувязі са зменамі клімату і, напэўна, яшчэ праз нейкія фактары, пра якія мы пакуль не ведаем, колькасць глушца ў Беларусі імкліва памяншаецца. Заходнееўрапейскі падвід ў нас ужо знікае. Дзікая лясная птушка ляціць у вёскі, да людзей. Гэта ненармальныя паводзіны. Такія факты фіксуюцца па ўсёй краіне. Глушцы пасылаюць нам сігнал SOS.

Глушэц быў абраны птушкай 2020 года ў Беларусі. Даведацца цікавыя факты пра яго можна на сайце АПБ.

Тэкст: Алеся Башарымава

Фота і відэа: Аляксандр Казарэз

Хочаш дапамагчы нам захоўваць дзікую прыроду Беларусі? Падтрымай нас!

 

 

 

Телеграм АПБ

 



Падзяліся артыкулам у сацсетках:


Сообщить об опечатке

Текст, который будет отправлен нашим редакторам: