Жураўлі на планшэце, распісныя пернікі і фотазона-пазл

ад 30 верасня 2020 года

19 верасня ў Міёрах (Мёрах) прайшло традыцыйнае экалагічнае свята – “Жураўлі і журавіны Міёрскага краю”. У гэтым паўночным беларускім раёне шмат балотаў, якія славяцца сваімі журавінамі і тысячамі жураўлёў, што спыняюцца тут падчас вандроўкі ў вырай.

Жураўлі і журавіны Міёрскага краю

На свяце. Фота Юрыя Струкава

Свята прайшло ў межах праекта “Разам для грамады і прыроды: Міёрскі раён”, які рэалізуецца Міёрскім райвыканкамам, грамадскай арганізацыяй “Ахова птушак Бацькаўшчыны” і Латвійскім сельскім форумам пры фінансавай падтрымцы Еўрапейскага саюза.

Жураўлі і журавіны Міёрскага краю

Стэнд АПБ на свяце «Жураўлі і журавіны Міёрскага краю». Фота Юрыя Струкава

Свята было напоўнена яркімі элементамі новага брэнду. Пазнавальны патэрн Міёрскага раёна ўпрыгожыў лавачкі, прыгожая канструкцыя з назвай горада, што ўзвышалася над вадой, вабіла пафатаграфавацца. Яшчэ адну цікавую інтэрактыўную фотазону АПБ падрыхтавала адмыслова да свята: госці фестываля маглі скласці, быццам мазаіку, лагатып Міёрскага раёна і сфатаграфавацца на яго фоне.

Жураўлі і журавіны Міёрскага краю

Інтэрактыўная зона з турыстычным лога Міёрскага раёна. Фота Юрыя Струкава

— На мой погляд, падтрымка ў межах праекта гэтага экалагічнага свята дазволіла ўзмацніць інтэрактыўны складнік і камфорт яго гасцей, — кажа Наталля Саракавік, спецыялістка па развіцці турызму АПБ. — Спадзяюся, у наступным годзе мы зможам парадаваць гасцей новымі ідэямі ды фестывальнымі падзеямі.

Жураўлі і журавіны Міёрскага краю

Майстар-клас ад АПБ «Птушачка на ўдачу». Фота Юрыя Струкава

Жураўлі і журавіны Міёрскага краю

Аніматар ад АПБ забаўляе дзяцей на свяце «Жураўлі і журавіны Міёрскага краю». Фота Юрыя Струкава

На свяце можна было не толькі набыць мясцовых журавінаў, зробленых уручную сувеніраў і пачастункаў, але і паўдзельнічаць у мностве майстар-класаў. Дзеці і дарослыя маглі паспрабаваць сплесці з лазы кошык, зрабіць ляльку, вылепіць гліняны сувенір, прыгатаваць слодычы з журавінамі ці адгадаць, для чаго прызначаліся рэчы сялян, якія цяпер сталі музейнымі экспанатамі. Самымі папулярнымі былі майстар-клас Ксеніі Маскаленка па роспісе пернікаў і роспіс гіпсавых птушачак ад АПБ. Акрамя гэтага, з дзеткамі працаваў аніматар.

Бадай, самай галоўнай “разынкай-журавінкай” свята стала назіранне за шэрымі жураўлямі на полі. Паназіраць іх за дзень прыехала каля паўтысячы чалавек.

Жураўлі і журавіны Міёрскага краю

Жураўлі кормяцца на палях пад Міёрамі. Фота Сямёна Левага

— Сёлета шэрых жураўлёў можна было назіраць літаральна за кіламетр ад горада, — расказаў спецыяліст АПБ па прыродаахоўных пытаннях Сямён Левы. – Птушкі ўжо некалькі дзён прыляталі карміцца на поле з азімымі. Пляцоўку па назіранні зладзілі на ўзбочыне дарогі. Гэтым разам паспрабавалі выкарыстаць “сістэму” з планшэта, далучанага да падзорнай трубы. Гэта дазволіла назіраць жураўлёў на вялікім экране планшэта. Вельмі зручна паказваць птушак і, напрыклад, звяртаць увагу на адрозненні ў афарбоўцы дарослых і маладых жураўлёў. На жаль, сядзець на полі ўсе пяць гадзін работы пляцоўкі не ўваходзіла ў планы жураўлёў. Птушкі ўвесь час пераляталі. Да таго ж, на палях перыядычна з’яўляліся людзі: то грыбнік, то здымачная група, то сабакаводы чамусці вырашылі, што гэта самае зручнае месца для прагулкі. Птушкі палохаліся, зляталі або, наадварот, не сядалі. Праз такія абставіны не ўсім атрымалася паказаць сімвал фестывалю.

Тым не менш, многія змаглі пабачыць вялікую чараду птушак, у якой было да 350 жураўлёў!

Жураўлі і журавіны Міёрскага краю, валанцёры АПБ

Валанцёркі АПБ. Фота Дзмітрыя Васіленкі, мясцовага валанцёра праекта

Шанец пабачыць гэтых грацыёзных птушак сёлета яшчэ ёсць. Экскурсіі на жураўлёў ладзяць заказнік “Ельня” (дырэктар Іван Барок) і гаспадар аграэкасядзібы “Жураўліная Ельня” Андрэй Літвінаў. І абавязкова заплануй сабе наведаць у наступным верасні свята “Жураўлі і журавіны Міёрскага краю”!

Тэкст: Алеся Башарымава

Телеграм АПБ



Падзяліся артыкулам у сацсетках:


Сообщить об опечатке

Текст, который будет отправлен нашим редакторам: