Калі вы знайшлі памылку, калі ласка, вылучыце фрагмент тэксту і націсніце Ctrl+Enter.
Больш за 100 000 грамадзян патрабуюць ад ААН дадаць да правоў чалавека права на здаровую планету
Апошнія навіны,Навіна арганізацыі ад 8 кастрычніка 2020 года
Грамадзяне Зямлі патрабуюць дадаць да Міжнародных правоў чалавека права на чыстае і здаровае асяроддзе. Петыцыю на сёння падпісалі больш за 100 000 чалавек. АПБ заклікае беларусаў падтрымаць гэты зварот.
У верасні 2020 года на Генеральнай Асамблеі ААН падчас паседжання Савета па правах чалавека пяць краін-удзельніц прапанавалі новае права [2]. Гэта першы крок да прыняцця рэзалюцыі спачатку ў Савеце па правах чалавека, а потым – у Генеральнай Асамблеі ў 2023 годзе.
Згодна з дадзенымі СААЗ, 23% ад агульнай колькасці смерцяў звязана з вынішчэннем прыроды, а сотні мільёнаў людзей цярпяць ад хваробаў, выкліканых уздзеяннем нездаровага і ненатуральнага асяроддзя. [3] Непасрэднымі наступствамі зменаў у клімаце з’яўляюцца больш частыя і моцныя штормы, засухі, пажары, павышэнне ўзроўня мора, што пагражае жыццям мільярдаў людзей. Пандэмія COVID-19 узнікла ў выніку знішчэння арэала пражывання і нелегальнага гандлю дзікімі жывёламі і раслінамі. Новае права чалавека можа гарантаваць тое, што глабальнае зялёнае ўзнаўленне, неабходнае свету для перабудовы грамадства пасля пандэміі, прыцягне ўвагу да крызісу біяразнастайнасці і прыродных катаклізмаў.
Доктар Дэвід Р. Бойд, спецыяльны дакладчык ААН па пытаннях правоў чалавека і прыроднага асяроддзя:
“Права на здаровую планету ў якасці міжнародна прызнанага права будзе важным дадаткам да набору інструментаў для ратавання планеты. Права на здаровае асяроддзе дапамагае будаваць падмурак для значнага прагрэсу, які мы назіраем сярод розных народаў свету. Цяпер нам неабходна карыстацца момантам глабальнага экалагічнага крызісу, каб гарантаваць прызнанне гэтага права, якое будзе карысным кожнаму чалавеку ў кожнай краіне. Права чалавека на здаровую планету, пры ўмове прызнання яго ўсімі народамі, можа зрабіцца найважнейшым правам чалавека ХХІ ст. ”
Патрысія Сурыта CEO, генеральны дырэктар BirdLife International:
“Здароўе нашай планеты – гэта наша здароўе. Калі наша планета хворая, мы таксама хварэем. І наша планета ніколі не была настолькі хворай, як цяпер. Члавецтву ўжо пагражаюць змена клімату і крызіс біяразнастайнасці, а пандэмія яшчэ больш наблізіла яго да бездані. Першым крокам да змены і выратавання грамадства мусіць быць адзіны для ўсіх людзей пункт адліку – гарантыя кожнаму чалавеку права на здаровую планету”.
Аляксандр Вінчэўскі, дырэктар АПБ:
“Людзі ў сваім жыцці адчуваюць падзенні, пасля якіх ідуць ўздымы. Знікненне відаў і экасістэм, як правіла, незваротна. Дзясяткі краін замацавалі ў сваіх канстытуцыях права грамадзян на здаровае навакольнае асяроддзе. Уключэнне гэтага права ў Сусветную дэкларацыю правоў чалавека дасць правільны арыенцір усяму чалавецтву, як палепшыць якасць жыцця людзей”.
Петыцыя была перакладзеная на розныя мовы свету, яе тэкст ёсць па-руску і па-беларуску. Падпішыце, калі ласка, гэты важны заклік дзеля здаровай будучыні планеты і яе насельнікаў!
Тэкст: BirdLife International, пераклад Алены Раманоўскай, валанцёркі АПБ
Падзяліся артыкулам у сацсетках: