Калі вы знайшлі памылку, калі ласка, вылучыце фрагмент тэксту і націсніце Ctrl+Enter.
Хамяк, суслік і палятуха ў Беларусі: што мы даведаліся пра іх за паўтара года?
Апошнія навіны,Навіна арганізацыі ад 21 кастрычніка 2020 года
АПБ падвяла вынікі экалагічнай ініцыятывы “Хамяк, суслік і палятуха: выратаваць супергрызуноў!” Дзе ў Беларусі знайшлі апошніх з гэтых незвычайных звяркоў і што патрэбна для іх захавання?
Да пачатку ініцыятывы дакладных фактаў сучасных сустрэч са звычайным хамяком у Беларусі не было. АПБ удалося сабраць фотадоказы, што гэты звярок яшчэ жыў у 2019 годзе ў Бярозаўскім раёне, а ў 2015-м – у Камянецкім. Апытанні мясцовых жыхароў і іх падрабязныя апісанні сустрэч з дзікімі хамякамі сведчаць пра імавернасць таго, што гэты грызун яшчэ захаваўся ў Кобрынскім і Жабінкаўскім раёнах. У Добрушскім раёне людзі таксама добра знаёмыя са звычайным хамяком, але апошні раз апытаныя жыхары назіралі яго некалькі гадоў таму.
Хамяк звычайны, фота — Богдан Моренец, Украіна
Але жылых нор дзікіх хамякоў эксперты дагэтуль не знайшлі. Пошукі працягваюцца, і АПБ нават абвясціла грашовае ўзнагароджанне да канца года таму, хто знойдзе такую нару ў Беларусі. Гэта шанец захаваць звычайнага хамяка ў нашай краіне.
— Мы вельмі разлічваем на мясцовых жыхароў, — кажа спецыяліст АПБ па сувязях з грамадскасцю Алеся Башарымава. – Калі вы бачыце нару дыяметрам каля 10 см і побач з ёй выкінута шмат зямлі, то гэта можа быць нара хамяка. Сфатаграфуйце яе, паклаўшы побач для маштабу мабільны, і дашліце разам з каардынатамі месца на info@ptushki.org.
Але праблема з хамяком не толькі ў Беларусі. Колькасць звычайных хамякоў так значна ўпала за апошні час, што сёлета від атрымаў новы статус у Міжнародным чырвоным спісе. Ён прызнаны відам, які знаходзіцца пад крытычнай пагрозай знікнення. Гэта значыць, што без спецыяльных захадаў ён знікне на Зямлі ў найбліжэйшыя тры дзесяцігоддзі.
Гэты прыгожы звярок жыве калоніямі. Звычайна ён селіцца на пашах і сельскагаспадарчых палях. Раней суслікаў, як і хамякоў, лічылі ў Беларусі шкоднікамі і масава знішчалі. Сем гадоў назад зніклі адзіныя вядомыя калоніі суслікаў у нашай краіне. Дзякуючы ініцыятыве ўдалося знайсці новыя калоніі ў Нясвіжскім, Капыльскім і Баранавіцкім раёнах. Гэтыя месцы пражывання суслікаў цяпер перадаюцца пад ахову.
Самая вялікая калонія ў Беларусі і адна з самых вялікіх у Еўропе знаходзіцца пад Нясвіжам. Яе плошча складае больш за 90 га, тут пражывае больш за 1000 суслікаў!
Від зверху на калонію суслікаў. Фота Уладзіміра Малашэвіча
Палятуха – “сваячка” звычайнай вавёркі. Самая цікавая яе адметнасць – тое, што яна ўмее планіраваць паміж дрэвамі дзякуючы нацягнутай скуры паміж заднімі і пярэднімі лапкамі.
Палятуха, фота Райнара Курбеля, Эстонія
Эксперты АПБ вызначылі сучасны арэал пражывання палятухі. Аказалася, што сустрэць гэтага скрытнага начнога звярка можна на большай частцы Гарадоцкага і Віцебскага раёнаў.
Дзякуючы нашым фотапасткам удалося не толькі зняць першае відэа палятухі ў Беларусі, але і высветліць, што гэты грызун вельмі цікаўны і перыядычна правярае ўсе дуплы на сваім участку.
Да пачатку ініцыятывы вельмі мала хто з беларусаў ведаў, што ў Беларусі можна сустрэць дзікага хамяка, сусліка і палятуху. Цяпер жа дзясяткі тысяч жыхароў краіны даведаліся пра іх. АПБ прыцягнула да пошуку трох самых рэдкіх грызуноў Беларусі сотні людзей і атрымала ад іх дзясяткі паведамленняў пра сустрэчы з гэтымі відамі.
Каб людзі ведалі, як і дзе шукаць “супергрызуноў”, у межах ініцятывы былі створаныя прэзентацыі, роставыя фігуры ў выглядзе грызуноў, налепкі, буклеты і інтэрактыўная карта. Нягледзячы на тое, што ініцыятыва заканчваецца, пошукі “супергрызуноў” не спыняюцца. Калі вы ведаеце месца пражывання дзікага хамяка, сусліка або палятухі, адзначайце каардынаты на гэтай карце.
— Сабраныя дадзеныя паказваюць, што папуляцыі ўсіх трох відаў грызуноў у Беларусі значна скараціліся, — адзначае спецыяліст АПБ па прыродаахоўных пытаннях Сямён Левы. — Палятуха, рабы суслік і звычайны хамяк знаходзяцца на мяжы знікнення. Адна з галоўных агульных для іх праблем – змяненне ўмоваў пражывання праз гаспадарчую дзейнасць чалавека. Для сусліка гэта разворванне шматгадовых пашаў і прыдарожных палос, перавод кароў на стойлавае ўтрыманне, прыборка бутавых камянёў з ускраін палёў. На арэал палятухі моцна ўплываюць высечкі і будаўніцтва лясных дарог, бо гэта фрагментуе стараўзроставыя лясы. Эксперты мяркуюць, што на хамяка негатыўна ўплывае знос нежылых хутароў з садамі каля палёў – там звяркі раней знаходзілі сабе добрыя месцы для нор. Але ў нас усё яшчэ ёсць шанец захаваць самых рэдкіх грызуноў. Мы падрыхтавалі патрэбныя дакументы для перадачы пад ахову амаль 100 месцаў пражывання палятухі і рабога сусліка. Цяпер адміністрацыі раёнаў павінны прыняць гэтыя ахоўныя дакументы, а землекарыстальнікі — узяць месцы пражывання “супергрызуноў” пад ахову.
Ініцыятыва “Хамяк, суслік і палятуха: выратаваць супергрызуноў!” ажыццяўляецца АПБ у партнёрстве з Гарадоцкім лясгасам, Эколага-краязнаўчым грамадскім аб’яднаннем “Неруш” і Навукова-практычным цэнтрам НАН Беларусі па біярэсурсах і праходзіць у межах праекта “Далучэнне грамадскасці ў экалагічны маніторынг і паляпшэнне кіравання аховай навакольнага асяроддзя на мясцовым узроўні”, які фінансуецца Еўрапейскім Саюзам і рэалізуецца ПРААН у партнёрстве з Мінпрыроды.
Тэкст: Алеся Башарымава
Падзяліся артыкулам у сацсетках: