Незвычайныя муралы ў вёсцы Пераброддзе

ад 21 кастрычніка 2020 года

У вёсцы Пераброддзе Міёрскага (Мёрскага) раёна з’явіліся два муралы. Іх стварыў стрыт-артар Алесь Kontra, які некалькі месяцаў таму ўпрыгожыў сцяну дома ў Міёрах выявай дывана-маляванкі.

Мурал у Пераброддзі

Усе гэтыя муралы зробленыя ў межах праекта “Разам для грамады і прыроды: узмацненне працэсу развіцця ў Міёрскім раёне праз супрацоўніцтва мясцовай улады і грамадзянскай супольнасці”, які рэалізуецца Міёрскім раённым выканаўчым камітэтам, грамадскай арганізацыяй “Ахова птушак Бацькаўшчыны” і Латвійскім сельскім форумам пры фінансавай падтрымцы Еўрапейскага саюза.

На адным з муралаў ў Пераброддзі можна пабачыць сюжэт на аснове элементаў патэрну з новага брэндбука Міёрскага раёна: лодка з ветразем, якая плыве па хвалях, журавіны і журавель.

Мурал у Пераброддзі

На другім графіці на будынку былой такарнай піларамы – прыродна-бытавы сюжэт у стылі падвойнага ткацтва.

Я ў нейкі момант хацеў рабіць графіці ў стылі, падобным да тэхнікі падвойнага ткацтва, таму ідэя, як распісаць сцяну будынка ў Пераброддзі, прыйшла практычна адразу, — расказаў мастак Алесь Kontra. — Гэта забытая тэхніка, збольшага яна была распаўсюджаная акурат ў Заходняй Беларусі, хаця раней ёй карысталіся і на астатняй тэрыторыі нашай краіны. Зараз у Беларусі і Польшчы засталіся лічаныя майстрыцы, што выкарыстоўваюць такую тэхніку. Цікава, што ў Польшчы яны выкарыстоўваюць больш сюжэтныя лініі, а ў нас – арнаментальныя. Я спалучыў абодва падыходы.

Мурал у Пераброддзі

Завітвай у Пераброддзе і Міёры, каб палюбавацца цудоўнымі мураламі, зрабіць фота на памяць і даведацца новае пра Міёрскі край — цудоўны куток Беларусі, які здзіўляе!

Тэкст: Алеся Башарымава, фота Алены Шокель

Телеграм АПБ



Падзяліся артыкулам у сацсетках:


Сообщить об опечатке

Текст, который будет отправлен нашим редакторам: