Школа бёрдвочараў у Міёрах запрашае!

ад 21 кастрычніка 2020 года

Ужо ў другі раз у Міёрах (Мёрах) пройдзе Школа бёрдвочараў – жыхароў раёна пазнаёмяць з сотняй беларускіх птушак і навучаць іх вызначаць у дзікай прыродзе. Далучайся! Заняткі бясплатныя.

Вушатая сава, фота Аляксандры Кудзінавай 800

Вушатая сава, фота Аляксандры Кудзінавай, t.me/ptushkafota

Як прайшла мінулая Школа бёрдвочараў у Міёрах

Школа бёрдвочараў пройдзе ў межах праекта “Разам для грамады і прыроды: узмацненне працэсу развіцця ў Міёрскім раёне праз супрацоўніцтва мясцовай улады і грамадзянскай супольнасці”, які рэалізуецца Міёрскім раённым выканаўчым камітэтам, грамадскай арганізацыяй “Ахова птушак Бацькаўшчыны” і Латвійскім сельскім форумам пры фінансавай падтрымцы Еўрапейскага саюза.

Бёрдвочынг, або птушкаванне, ужо даўно зрабілася адным з самых папулярных хобі ў многіх краінах. Вельмі цікава адкрываць для сябе новыя віды птушак, сачыць за іх паводзінамі і атрымліваць асалоду ад назірання за імі – і рабіць гэта можна нават у гарадах.

— Я для сябе набыла шмат цікавых ведаў і выкарыстоўвала іх у асабістых назіраннях за птушкамі, — дзеліцца ўражаннямі Таццяна, выпускніца мінулай Школы бёрдвочараў у Міёрах. — Раней я б не звярнула ўвагі на некаторых птушак, а цяпер я назіраю і разумею, што гэта зелянушка, гэта стрынатка, а гэта прыгожая берасцянка паляцела. Раней я думала, што на камені сядзіць чайка, а аказваецца, гэта зусім не чайка, а крычка. Раней я, хоць і бачыла белую чаплю, але не звяртала ўвагі на палёт гэтай птушкі. А цяпер з задавальненнем назіраю за ёй на дачы, што стаіць на беразе Дзвіны.

Хочаш даведацца, якія птушкі пяюць у кустах, ці баліць у дзятла галава, якая сава носіць штаны, а якія птушкі маюць зачосы? Запісвайся ў Школу бёрдвочара ў Міёрах – і хутка ты ўбачыш, як многа самых розных птушак вакол цябе.

Заяўкі прымаюцца ад жыхароў Міёрскага раёна.

Школа будзе праходзіць у Міёрах і складаецца з заняткаў у класе і двух практычных птушыных экскурсій, якія пройдуць у выходныя. Заняткі будуць праходзіць у чацвяргі, пятніцы і суботы цягам чатырох тыдняў, іх будзе праводзіць арнітолаг Анастасія Кузьмянкова.

Каб запісацца ў Школу, запоўні форму. Улічвай, што колькасць месцаў абмежаваная.

Заняткі пачынаюцца з 12 лістапада.

Наталля Саракавік, спецыялістка АПБ па развіцці турызму:

— Калісьці я сама прыйшла ў АПБ, скончыўшы школу бёрдвочара-пачаткоўца. З таго моманту ўжо мінуў час, і цяпер мне вельмі радасна ўдзельнічаць у арганізацыі такой школы ў Міёрскім раёне. Бёрдвочынг, або птушкаванне – гэта цудоўнае хобі і выдатная магчымасць сумясціць актыўны і спакойны час для адпачынку. Я крыху зайздрошчу ўсім будучым навучэнцам гэтай школы, бо іх чакаюць усе цудоўныя адкрыцці птушынага свету. Запрашаем далучацца і вельмі чакаем сустрэчы з вамі!

Усе выпускнікі Школы атрымаюць сертыфікаты аб яе паспяховым заканчэнні.

Школа бёрдвотчера в Миорах

Назіранні за птушкамі – гэта спазнанне свайго роднага краю і хараства яго дзікай прыроды. Далучайся!

Тэкст: Алеся Башарымава

Телеграм АПБ



Падзяліся артыкулам у сацсетках:


Сообщить об опечатке

Текст, который будет отправлен нашим редакторам: