Калі вы знайшлі памылку, калі ласка, вылучыце фрагмент тэксту і націсніце Ctrl+Enter.
Вынікі вывучэння і аховы скапы ў 2020 годзе ў Беларусі
Апошнія навіны,Навіна арганізацыі ад 22 кастрычніка 2020 года
Апошняя беларуская скапа адляцела зімаваць у Афрыку – значыць, прыйшоў час падвесці вынікі працы па яе захаванні ў гэтым сезоне.
Улетку сябры Рабочай групы па сокалападобных і совападобных (РГСС) Дзяніс Кіцель, Аляксандр Рак і Дзмітры Шамовіч даследавалі 28 гнёздаў скапы, з якіх 15 аказаліся паспяховымі (з птушанятамі). На адным з незанятых гнёздаў загнездаваў сокал-кабец – таксама від з Чырвонай кнігі Беларусі. Большая частка гнёздаў месцілася на наступных Тэрыторыях, важных для птушак: «Чырвоны бор», «Асвея», «Лебядзіны мох», «Галубіцкая пушча», «Бярэзінскі запаведнік».
Не ўсе паспяховыя гнёзды былі дасяжныя для арнітолагаў. Некаторыя птушкі пабудавалі на сухіх дрэвах. Тым не менш, атрымалася закальцаваць 26 птушанят, што на шэсць больш, чым у 2018 годзе. Такім чынам, новы своеасаблівы рэкорд. Усе скопы, што нарадзіліся ў Беларусі, акрамя стандартнага металічнага кальца былі таксама пазначаны каляровым – блакітным.
— За апошнія гады мы не аднойчы назіралі, як гнёзды скоп падалі з дрэваў пасля моцных вятроў, — расказаў старшыня РГСС Дзяніс Кіцель. — Вопыт еўрапейскіх краін і ЗША даказвае, што поспех гнездавання значна вышэйшы ў птушак, якія жывуць на добра замацаваных штучных платформах. За вясну і лета мы ўсталявалі 22 такія платформы ў Полацкім, Расонскім і Гарадоцкім раёнах. Частку з іх паставілі на месцах гнёздаў, абрынутых ветрам.
Гнездавыя платформы выглядаюць максімальна натуральна, каб не выклікаць у птушак адмоўных рэакцый.
Але самая важная частка працы — непасрэдная ахова месцаў гнездавання скапы. Для кожнага гнязда РГСС рыхтуе пакет дакуметаў, паведамляе пра месца знаходжання гнязда землекарыстальніку (лясгас) і накіроўвае ліст да мясцовай інспекцыі Мінпрыроды. Адна гнездавая тэрыторыя — гэта прыкладна 100 га леса-балотнай плошчы, на якой павінна быць абмежавана гаспадарчая дзейнасць, а ў радыусе 200 м забараняюцца ўсе віды рубак дрэваў. На сёння такая працэдура распачата на тэрыторыях Полацкага, Дрэтуньскага, Расонскага, Лепельскага, Вушацкага і Глыбоцкага лясгасаў.
Рэалізацыя ўсяго пералічанага вышэй стала магчымай дзякуючы падтрымцы Міжнароднага фонду скапы.
Тэкст: Дзяніс Кіцель
Фотаздымкі і відэа Дз. Кіцеля, А. Рака
Падтрымай працу па захаванні драпежных птушак! Зрабі ахвяраванне на спецыяльны рахунак АПБ BY70BPSB31351049261149330000 праз пошту ці банк. Дадатковыя рэквізіты: «УНП: 101546170. Региональная Дирекция № 700 по г. Минску и Минской области ОАО «БПС-Сбербанк», БИК BPSBBY2X, г. Минск, пр-т Машерова, 80».
Увага! У графу «Прызначэнне плацяжу» пішы строга «ахвяраванне» ці, калі па-руску, — «пожертвование», інакш РГСС не зможа скарыстацца гэтымі сродкамі.
Падзяліся артыкулам у сацсетках: