Бурая пячураўка — новы від для Беларусі!

ад 28 кастрычніка 2020 года

На Гарадзеншчыне зарэгістравалі новы від для нашай краіны — бурую пячураўку. Расказвае Дзмітры Вінчэўскі.

Бурая пячураўка ў Бутане. Ілюстрацыйны здымак. Фота Франчэска Веранэсі, Wikimedia Commons

Бурая пячураўка ў Бутане. Ілюстрацыйны здымак. Фота Франчэска Веранэсі, Wikimedia Commons

Калі ў пятніцу сябры-бёрдэры з Маларыты, Лагойска і Мінска звярнуліся да мяне з прапановай разам паглядзець на птушак навокал Гродна, ніхто з нас і не думаў, што ў выніку атрымаецца ўбачыць новы для краіны від птушак.

У суботу зранку йшоў дождж, але Дзяніс Кіцель праверыў прагноз і “паабяцаў”, што пасля абеду павінна распагодзіцца. Так і атрымалася. Але перш мы павінны былі вызначыцца – куды едзем? Пасля нядоўгага абмеркавання, вырашылі праверыць мае ўлюбёныя мясціны – даліну Нёмана і Свіслачы вакол і ў межах заказніка “Гродзенская Свіслач”. І не пашкадавалі, хаця планы паглядзець розныя віды гусей, казарак і лебедзяў і не выканалі цалкам. Таму што раптоўна з’явіўся іншы прыярытэт, які надоўга “затрымаў” нас ужо ў трэцім пункце нашага маршрута.

Пакуль ехалі, абмяркоўвалі апошнія навіны пра залёты рэдкіх відаў ў нашу краіну і да суседзяў. Усе пагадзіліся, што гэтая восень багатая на цікавосткі, асабліва з усходу, але магла б быць для нас і больш шчoдрай.

Даліна ручая паміж вв. Віцькі і Дарошавічамі, дзе адбылася рэгістрацыя новага для Беларусі віду птушак. Фота Дз. ВІнчэўскага

Даліна ручая паміж вв. Віцькі і Дарошавічамі, дзе адбылася рэгістрацыя новага для Беларусі віду птушак. Фота Дз. Вінчэўскага

Па краі маляўнічай і глыбокай даліны безыменнага ручая, які ўпадае ў Нёман паміж вёскамі Віцькі і Дарошавічы (Гродзенскі раён), мы паспелі прайсці некалькі дзясяткаў метраў, калі Юры Шашэнька звярнуў нашу ўвагу на гучную і выразную пазыўку.

 

Пазыўка была вельмі падобная да нейкай лескі, але нашы лескі павінны ўжо былі адляцець. Таму мы паспрабавалі ўбачыць птушку, і праз некалькі хвілін выявілася, што гэта… пячураўка! Юра аказаўся падрыхтаваны і адразу сказаў, што сярод пячуравак такую пазыўку мае толькі адзін від – бурая.

Птушка харчавалася сярод шматлікіх кустоў і невысокіх дрэваў у даліне ручая пад намі, яўна трымалася ніжняга ярусу расліннасці і толькі зрэдку вылятала на секунду-дзве вышэй, на вершаліны кустоў – магчыма, каб агледзецца. Гучная пазыўка то раздавалася, то змаўкала на нейкі час. Таму мы вырашылі запісаць гэты характэрны голас і, калі атрымаецца, абавязкова сфатаграфаваць птушку.

Месца, дзе пераважна кармілася бурая пячураўка. Фота Дз. Вінчэўскага

Месца, дзе пераважна кармілася бурая пячураўка. Фота Дз. Вінчэўскага

Рэч у тым, што ўсе пячураўкі – вельмі невялікія птушачкі, на адлегласці выглядаюць падобна, і звычайна розныя віды выразна адрозніваюцца па песні. Хаця “наша” пячураўка спяваць не хацела, яе пазыўка таксама аказалася дастаковай для вызначэння яе да віду. Але адна справа – вызначыць від, і нашмат цяжэйшая – сабраць у палявых умовах доказы для іншых, што наша вызначэнне правільнае.

Запіс пазыўкі зрабіць атрымалася ўжо праз некалькі хвілін: птушка актыўна харчавалася і перамяшчалася ў даліне ручаіны ўздоўж аднаго берагу. А вось фатаграфавацца яна “не хацела”. Дзяніс Кіцель, які гэтай зімой назіраў бурую пячураўку ў В’етнаме, сказаў, што мае яе здымкі адтуль. Таму ў нас нарадзілася жартаўлівая прапанова паказаць замест сённяшніх здымкаў, якія мы ўсё ніяк не маглі зрабіць, в’етнамскія. :- )

Юры Шашэнька робіць фота-рэгістрацыю новага для Беларусі віду птушак. Фота Дз. Вінчэўскага

Юры Шашэнька робіць фота-рэгістрацыю новага для Беларусі віду птушак. Фота Дз. Вінчэўскага

Дзяліся птушынымі фота для публікацый АПБ у Тэлеграм-чаце «Птушкі з фотастужкі»!

Але прыкладна праз гадзіну птушка вылецела і пачала даследаваць невысокія дрэвы амаль без лістоў на адным з намі узроўні. Тут і атрымалася зрабіць дакументацыйныя здымкі, якіх павінна быць дастаткова для доказаў правільнасці вызначэння: своеасаблівыя бровы і цалкам шэра-карычневая афарбоўка без жоўтага, параўнальна тонкая дзюба і не цёмныя ногі.

Бурая пячураўка - новы для Беларусі від птушак, 24.10.2020, Гродзенскі раён. Фота Дз. Вінчэўскага

Бурая пячураўка — новы для Беларусі від птушак, 24.10.2020, Гродзенскі раён. Фота Дз. Вінчэўскага

Дзякуючы паведамленню пра новы для краіны від, зроблены у Клуб200 АПБ (ён якраз быў створаны некалькі гадоў таму, каб хутка распаўсюджваць інфармацыю пра назіранні ў Беларусі рэдкіх і новых відаў птушак, і гэтым дапамагае іх назіранне іншым), бурую пячураўку, акрамя нашай каманды, паспелі паглядзець яшчэ два бёрдэры. Адзін з іх адмыслова для гэтага прыехаў з Гродна, а другі з Мінска.

На наступны дзень зранку пошукі пячураўкі на папярэднім месцы не далі станоўчага выніку. Птушка адляцела. Але куды – застаецца загадкай. І вось чаму.

Дзяліся птушынымі назіраннямі з аднадумцамі ў Тэлеграм-чаце «Ціў-ціў!»

Бурая пячураўка (бурая пеночка – рус.) насяляе Цэнтральную і Усходнюю Азію ад ракі Об да Ахоцкага мора і паўднёвай часткі Кітая. Звычайна зімуе на поўдзень ад гнездавога арэалу ў Бангладэш і Індакітаі. Таму зразумела, што пячураўкі, якія ляцяць зімаваць туды, ніяк не могуць апынуцца ў Еўропе. Аднак падобныя, усё больш частыя рэгістрацыі сібірскіх і нават далёка-ўсходніх відаў вераб’іных птушак далёка на захад ад іх асноўных шляхоў міграцыі у апошнія некалькі гадоў дазваляюць выказаць здагадку, што нейкая колькасць асобін такіх відаў усё ж зімуе не там, дзе гэта рабілі і працягвае рабіць большасць з іх, — г.зн. у Азіі. І гэтыя параўнальна новыя, яшчэ без шматлікіх птушак месцы зімоўкі знаходзяцца або ў Афрыцы, або/i на Іберыйскім паўвостраве у Еўропе. Зразумела, што гэта цяжка даказаць, і ў апошнія гады атрымалася толькі для пячураўкі-зарнічкі.

Таму ўсе такія рэгістрацыі вельмі цікавыя не толькі з пункту гледжання бёрдвочараў, але і арнітолагаў. І калі ў выніку зімоўкі “не там, дзе раней” такія птушкі не гінуць часцей за тых, што зімуюць на ранейшых, азіяцкіх зімоўках, то натуральны адбор будзе таксама падтрымліваць паступовае павелічэнне колькасці такіх зімоўшчыкаў у новых для віду месцах.

У Польшчы, уключна з адзіным сёлетнім назіраннем у пачатку кастрычніка, усяго адбылося 22 рэгістрацыі бурай пячураўкі. Прычым да 2016 года іх было 12, і з іх толькі адна адбылася па-за ўзбярэжжам Балтыйскага мора.

У Літве бурая пячураўка да 2013 года адзначана 5 разоў, прычым усе рэгістрацыі былі зробленыя пачынаючы з 1991 года і дзякуючы адлоўленым на арніталагічнай станцыі «Вентас рагас» птушкам. Пасля за 4 гады адбыліся яшчэ 5 рэгістрацый, прычым усе птушкі таксама былі адлоўлены арнітолагамі на станцыі кальцавання і на Куршскай касе.

Калі Беларуская арніта-фаўністычная камісія (БАФК), без рашэння якой назіранні новых і многіх рэдкіх для краіны відаў не маюць навуковай сілы, зацвердзіць гэтую рэгістрацыю бурай пячураўкі, від стане 335-м у Спісе птушак Беларусі. На сённяшні дзень у Спісе 332 віды + адкрытая ў 2018 годзе стрынатка-рэмез і ў 2019-м палярная чайка яшчэ не разглядаліся БАФК.

Каманда бёрдэраў, якая зарэгістравала бурую пячураўку: Вольга Лукшыц, Дзяніс Кіцель, Юры Шашэнька і Дзьмітры Вінчэўскі. Фота Дз. Вінчэўскага

Каманда бёрдэраў, якая зарэгістравала бурую пячураўку: Вольга Лукшыц, Дзяніс Кіцель, Юры Шашэнька і Дзьмітры Вінчэўскі. Фота Дз. Вінчэўскага

Тэкст, відэа, фота (акрамя загалоўнага): Дзмітры Вінчэўскі для сайта «Птушкі штодня«

Выкарыстаны дадзеныя з кніг:

Телеграм АПБ

 



Падзяліся артыкулам у сацсетках:


Сообщить об опечатке

Текст, который будет отправлен нашим редакторам: