Як вяртлявыя чаротаўкі мігруюць праз Сахару?

ад 3 лістапада 2020 года

Каб эфектыўна ахоўваць птушак, якім пагражае знікненне, трэба добра ведаць стратэгіі міграцыі і даступнасць месцаў адпачынку падчас пералётаў. На аснове ранейшых публікацый польскія даследчыкі праверылі, ці неабходныя месцы адпачынку вяртлявай чаротаўцы (Acrocephalus paludicola) у Сахары, альбо птушкі могуць пралятаць пустыню без пасадкі.

У апошнія гады стала нашмат больш вядома і пра біялогію размнажэння, і пра міграцыйныя паводзіны вяртлявых чаротавак – віду, які мае міжнародны статус VU (Vulnerable —  пагражальны), колькасць і распаўсюджанне якога працягваюць скарачацца. Агляд месцаў прыпынку, важных для віду падчас восеньскай міграцыі, дазволіў выявіць 40 такіх месцаў у Заходняй Еўропе і 72 — у Афрыцы. Гэты шлях міграцыі вяртлявых чаротавак атрымаў назву Атлантычнага.

вертлявая камышовка

Вяртлявая чаротаўка. Фотаздымак Сяргея Зуёнка.

На аснове ацэнкі энергетычных рэзерваў злоўленых у гэтых месцах чаротавак даследчыкі разлічылі максімальна магчымую для птушак адлегласць беспасадачнага пералёту з розных месцаў іх масавага адпачынку на Атлантычным міграцыйным шляху. Так вучоныя правяралі гіпотэзу, што вяртлявыя чаротаўкі могуць за адзін палёт пераадолець Сахару. Аказалася, што сярэдняя адлегласць вядомых на сёння беспасадачных пералётаў хутчэй звязаная з геаграфічным размяшчэннем месцаў адпачынку віду, а не залежыць ад узросту птушак ці тыпу біятопаў у іх.

Птушкі, якіх адлавілі ў Францыі, маглі праляцець значна меншыя адлегласці без адпачынку, чым птушкі, адлоўленыя ў Партугаліі (у сярэднім адпаведна 612,7 і 857,5 км). Такім чынам, энергетычнага запасу ім хапіла б, каб пераадолець Гібралтарскі праліў, аднак не Сахару. Тым не менш, самыя цяжкія чаротаўкі тэарэтычна маглі праляцець без адпачынку нашмат большыя адлегласці: 2370 км для птушкі, адлоўленай у Францыі, і 2000 км для птушкі з Партугаліі.

Праведзеныя разлікі адназначна дазваляюць сцвярджаць, што большасць вяртлявых чаротавак не можа без адпачынку пераадолець Сахару. Нешматлікія выключэнні яўна існуюць для самых “падрыхтаваных” чаротавак, якія ляцяць праз Партугалію. Аднак вельмі магчыма, што праз вялікую розніцу паміж дзённымі і начнымі тэмпературамі ў Сахары чаротаўкі вымушаныя ляцець пераважна ноччу і рабіць як мінімум адзін адпачынак на сваёй трасе пралёту недзе пасярод пустыні, каб перачакаць гарачыню.

Унутры Сахары вядомыя шматлікія невялікія па плошчы месцы, дзе вераб’іныя птушкі могуць адпачыць і, магчыма, падхарчавацца. Аднак змяншэнне колькасці гэтых месцаў і змены ў геаграфіі іх размяшчэння могуць мець сур’ёзныя негатыўныя наступствы не толькі для вяртлявай чаротаўкі, але і многіх іншых відаў з падобнай стратэгіяй міграцыі.

Паводле bioone.org для сайта «Птушкі штодня» падрыхтаваў Дзмітры Вінчэўскі. 

ВКонтакте АПБ



Падзяліся артыкулам у сацсетках:


Сообщить об опечатке

Текст, который будет отправлен нашим редакторам: