Ляляк – птушка 2021 года ў Беларусі!

ад 9 лістапада 2020 года

На змену глушцу ляціць ляляк! Рыхтуйся сустракаць птушку 2021 года.

Звычайны ляляк (рус. Козодой обыкновенный) – адзіны прадстаўнік атраду лялякападобных у Беларусі. А ўсяго ў свеце — каля 120 відаў з гэтага атраду. Руская назва, як і ў многіх іншых еўрапейскі мовах, — калька з лаціны. Яно паказвае на сувязь гэтага віду з пашамі і свойскай жывёлай, вакол якой птушкі лавілі насякомых.

Козодой

Ляляк — геній маскіроўкі. Фота Мікалая Вараб’я

Сямён Левы, спецыяліст па прыродаахоўных пытаннях:

— Пакуль леляку не пагражае знікненне, але ў нас ёсць толькі ацэнка колькасці ў Беларусі 1997 года: 35 000 —  50 000 пар на гнездаванні. Нярэдкія выпадкі гібелі ад аўтамабіляў, бо лелякі чамусьці любяць адпачываць на лясных дарогах. Гэтай праблемай мы хацелі б заняцца ў наступным годзе ў першую чаргу. Акрамя таго, як і ўсе птушкі, якія гняздуюцца на зямлі, лелякі пакутуюць ад знішчэння гнёздаў наземнымі драпежнікамі.

Ляляк памерам з голуба, з даўжэйшымі крыламі і хвастом. Даўжыня цела да 29 см, размах крылаў да 64 см. Вага не перавышае 100 г.

Убачыць леляка ў дзікай прыродзе — вялікая ўдача, і не толькі таму, што ён актыўны толькі ў прыцемках і ноччу. Гэтая птушка — майстар маскіроўкі, яго апярэнне практычна зліваецца з колерам лясной падсцілкі ці кары дрэва. Прыжмурыўшы свае вялікія вочы, птушка становіцца днём незаўважнай як для чалавека, так і для птушак-драпежнікаў. Кароткія пальцы не прыстасаваныя для абхоплівання галін, і ляляк, напэўна, адзіны від у нас, які сядае ўздоўж галіны!

Козодой сидиит на ветке

Ляляк сядае ўздоўж галіны. Фота Валера Дамброўскага

Ляляк мае ўнікальную дзюбу. Закрытай яна выглядае вельмі маленькаю. Але варта птушцы адкрыць яе, як мы ўбачым незвычайна шырокі рот. Разам з раснічастым пер’ем па краях дзюбы, гэта не толькі выдатнае прыстасаванне для лоўлі на ляту жукоў і начных матылькоў, але сродак запалохвання ворагаў.

Ляляк не турбуе сябе будаўніцтвам гнязда. Кладку з двух яек самка робіць адразу на лясной падсцілцы, часцей за ўсё ў сасновым лесе. Пра прысутнасць леляка можна даведацца па яго працяглай манатоннай трэлі, якая нагадвае тарахценне матацыкла.

На зімоўку ў верасні нашыя лелякі адлятаюць у Паўднёвую Афрыку, а вяртаюцца толькі ў канцы красавіка.

 

Як выбіраецца птушка года?

Птушку года абіраюць сябры АПБ галасаваннем на З’ездзе арганізацыі, які праходзіць у пачатку года. Кожны сябра атрымлівае бюлетэнь з птушкамі-кандыдатамі, адна з якіх прапанаваная Цэнтральным саветам АПБ, другая – Сакратарыятам арганізацыі, а трэцяя абраная адкрытым анлайн-галасаваннем на сайце АПБ.

Гэтым разам у анлайн-галасаванні лідарамі сталі адразу дзве птушкі – ляляк і сініца-апалонік. Іх прыхільнікі запусцілі цэлую перадвыбарчую кампанію на сваіх старонках у сацсетках і Telegram, і ў выніку абодва віды атрымалі права “балатавацца” на званне птушкі года. Таму на З’ездзе АПБ 8 лютага 2020 года кандыдатаў на птушку года было не тры, як звычайна, а чатыры! Акрамя іх, у выбарах балатавалася стрынатка-чаротаўка і звычайная туркаўка.

На З’ездзе былі яшчэ раз прадстаўленыя ўсе кандыдаты. Пасля таемнага галасавання З’езду ўсе бюлетэні былі запячатаныя ў папку. Каб захаваць інтрыгу да канца года, падлік галасоў прайшоў у канцы лета. А цяпер прыйшоў час абвясціць пераможцу галасавання: год глушца заканчваецца, і трэба рыхтавацца да сустрэчы новага крылатага сімвала!

Калі хочаш паўплываць на выбар наступнай птушкі года, далучайся да АПБ і ўдзельнічай у галасаванні на штогадовым З’ездзе. У пачатку наступнага года сябры арганізацыі змогуць аддаць галасы за птушку 2022 года.

Нацыянальную кампанію “Птушка года” АПБ праводзіць з 2000 года, каб прыцягнуць увагу людзей да дзікіх птушак Беларусі іх праблемаў і неабходнасці захавання тых месцаў, дзе яны жывуць. Увесь наступны год будуць праходзіць мерапрыемствы, прысвечаныя леляку, да якіх змогуць далучыцца дарослыя і дзеці.

Калі ў вас ёсць карысныя ідэі і прапановы, якія можна ажыццявіць у межах кампаніі, дасылай іх, калі ласка, на паштовую скрыню каардынатара кампаніі ptushki.org@gmail.com.

У мінулыя гады сімваламі Беларусі былі: белы бусел, белая пліска, авяльга, дамавы верабей, гарадская ластаўка, барадатая кугакаўка, кнігаўка, салавей, вялікая белая чапля, шэрая гусь, сокал-пустальга, вялікі кулён, чорны свіргуль, удод, звычайная зязюля, вушатая сава, жаўрук-смяцюх, шчыгел, вялікі арлец, глушэц.

Тэкст: Алеся Башарымава

Телеграм АПБ



Падзяліся артыкулам у сацсетках:


Сообщить об опечатке

Текст, который будет отправлен нашим редакторам: