Пад Наваградкам адзначылі новы для Беларусі від птушак – шэрага жаўрука!

ад 10 лістапада 2020 года

8 лістапада ў Наваградскім раёне група бёрдвочараў адзначыла шэрага жаўрука. Назіранне новага для краіны віду зрабілі Наталля Капорыкава, Юры Шашэнька і Генадзь Ардзюк.

— Мы ў нядзелю ўвечары вырашылі з’ездзіць на поўдзень Налібоцкай пушчы ў Наваградскі раён паслухаць пугача, — расказвае сябра АПБ Генадзь Ардзюк. — Не даязджаючы метраў 300 да лесу на палявой дарозе з-пад машыны выпырхнула дробная птушачка – ледзь не наехалі на яе! Яна праляцела крыху наперад і метраў праз 20 прызямлілася. Мы спыніліся, адразу не зразумелі, хто гэта – звычайна ў такі час жаўрукоў няма. Было каля пяці гадзін вечара, пачынала сутонець. Спачатку падумалі – можа, стрынатка? Паглядзелі ў біноклі – не, не стрынатка. Снежны падарожнік? Не. Пачалі фатаграфаваць, каб разабрацца, што за птушка. З дапамогай вызначальніка высветлілі, што гэта шэры жаўрук, які раней у Беларусі не рэгістраваўся.

Жаўрук стаяў перад машынай і дзве-тры хвіліны карміўся, не зважаючы на людзей. Таму атрымалася зрабіць некалькі неблагіх фота. Пасля птушка збегла пешкі ў поле.

серый жаворонок

Шэры жаўрук. Фота Юрыя Шашэнькі

Шэры жаўрук – паўднёвы від, найбліжэйшыя ад нас гняздуюцца ў азоўскіх і саратаўскіх стэпах. Гэта адзін з самых маленькіх па памеры жаўрукоў. Дагэтуль у Беларусі рэгістраваліся чатыры віды жаўрукоў – рагаты, палявы, баравы і жаўрук-смяцюх, з іх першы прылятае толькі ўзімку, а астатнія гняздуюць у нас.

Далучайся да Тэлеграм-чату птушкароў «Ціў-ціў!»

Шэры жаўрук летась упершыню быў зарэгістраваны ў Польшчы, пакуль гэта адзіная рэгістрацыя там. Сёлета была адна рэгістрацыя ў Літве. Нядаўна адзначаўся ў Фінляндыі.

Шэры жаўрук стане 337-м відам у Спісе птушак Беларусі пасля зацвярджэння Беларускай арніта-фаўністычнай камісіяй.

Нагадаем, што зусім нядаўна на Гарадзеншчыне Юры Шашэнька, Дзяніс Кіцель, Вольга Лукшыц і Дзмітры Вінчэўскі зарэгістравалі яшчэ адзін новы для Беларусі від – бурую пячураўку з Сібіры.

На сённяшні дзень у Спісе птушак Беларусі 332 віды, зацвярджэння чакаюць таксама нільская гусь, палярная чайка і стрынатка-рэмез.

Хочаш дзяліцца з намі сваімі здымкамі птушак? Запрашаем у чат «Птушкі з фотастужкі»!

Тэкст: Алеся БашарымаваТелеграм АПБ

 



Падзяліся артыкулам у сацсетках:


Сообщить об опечатке

Текст, который будет отправлен нашим редакторам: