Калі вы знайшлі памылку, калі ласка, вылучыце фрагмент тэксту і націсніце Ctrl+Enter.
У цэнтры Мінска можна назіраць рэдкага белакрылага крыжадзюба
Апошнія навіны,Навіна арганізацыі ад 24 лістапада 2020 года
Каля Акадэміі навук сярод крыжадзюбаў-яловікаў угледзелі белакрылага крыжадзюба. Апошні раз гэты від назіраўся ў Беларусі ў 2016 годзе!
Ад пятніцы па сённяшні дзень шмат якія мінакі маглі назіраць людзей з біноклямі і фотакамерамі ля дома 13 на вул. Сурганава і ў парку імя Герасіменкі. Птушкары нешта выглядвалі на верхалінах экзатычных ялін.
Белакрылы крыжадзюб. Фота Юліі Алтунюва, t.me/ptushkafota
У нашай краіне сустракаюцца тры віды крыжадзюбаў, кожны спецыялізуецца на сваім корме: яловік – на насенні яловых шышак, сасновы крыжадзюб – на насенні сасновых шышак, а белакрылы крыжадзюб, які мае слабейшую дзюбу, корміцца насеннем лістоўніцы. Гняздуецца ў нас толькі яловік, а два іншыя віды – выпадкова залётныя.
Для Беларусі зараз лістоўніца — гэта экзатычнае дэкаратыўнае дрэва, таму і белакрылы крыжадзюб – рэдкі ў нас госць, вядомыя толькі адзінкавыя выпадкі яго залётаў сюды. Звычайна ж ён жыве ў тайзе далей на ўсход Еўропы і ў Сібіры. У Беларусі белакрылыя крыжадзюбы цікавяцца акрамя лістоўніц насеннем экзатычных відаў елак.
Цісні на кнопку, каб падпісацца на ютуб АПБ!
Першым птушку адзначыў сябра Клуб200 АПБ Віктар Рындзевіч. Клуб200 — гэта добраахвотнае аб’яднанне людзей, якія цікавяцца назіраннямі птушак (бёрдвочынгам ці птушкаваннем). Далучыцца да клубу можа любы чалавек, але паўнавартасным сябрам гэтага клуба можа стаць той, хто назіраў не менш за 200 відаў птушак на тэрыторыі Беларусі. Для Віктара белакрылы крыжадзюб стаў акурат 200-м відам.
Ён хацеў зрабіць цікавыя здымкі крыжадзюбаў-яловікаў, бо яшчэ ўлетку заўважыў, што на елках сёлета шмат шышак, а значыць, увосень будуць вялікія шанцы пабачыць гэтых птушак. Калі Віктар зрабіў першую серыю фота, крыжадзюбы даволі хутка зляцелі. І толькі калі ён вярнуўся ў машыну, то зразумеў, што пабачыў рэдкасць.
— Гэта, вядома, адрэналін і захапленне! Усе, хто ловіць у кадр рэдкую птушку, ведаюць гэтае пачуццё, — падзяліўся ўражаннямі Віктар. – Мне заўжды была цікавая і блізкая дзікая прырода. Жывучы за горадам, мы сям’ёй назіралі за навакольнымі птушкамі, але проста для задавальнення, хоць ужо 3-4 гады як мелі вызначальнікі птушак і біноклі. І вось сёлета спачатку праз пандэмію, а потым яшчэ і праз гнятлівыя падзеі ў краіне я больш сур’ёзна заняўся бёрдынгам. Мне пашчасціла, што ўдалося пазнаёміцца з сапраўднымі прафесіяналамі-бёрдвочарамі Андрэем Барадзіным і Юрыем Шашэнькам – я ім вельмі ўдзячны за навуку і дапамогу. Сотні важных парад і нюансаў можна даведацца ад дасведчаных паплечнікаў. Так што бёрдынг – гэта не толькі яднанне з прыродай, але і вельмі цікавыя чалавечыя стасункі.
Многія птушкары ўжо таксама паспелі паназіраць за белакрылым крыжадзюбам, які аблюбаваў яліны каля Акадэміі навук у Мінску. Самкі ў крыжадзюбаў зеленаватага колеру, а самцы – кармінавыя. Белакрылы крыжадзюб памерам з вераб’я, але прасцей за ўсё яго адрозніць ад яловіка па дзвюх шырокіх белых палосах на кожным крыле.
У Мінск прыляцела не менш за двух самцоў белакрылага крыжадзюба. Другога прыгожага самца ўбачылі на елках мінскага парку імя Герасіменкі Алена і Міхаіл Ціхановічы ў суботу. Птушка разам з чародкай яловікаў і цяпер трымаецца там, бо шышак і насення хопіць тут на палову зімы. Шышкі сыпяцца з елак як яблыкі. Гэтых рэдкіх для Беларусі птушак хутчэй за ўсё можна ўбачыць і ў іншых гарадах Беларусі, дзе ёсць экзатычныя хвойныя. Голад ці непагадзь сагналі іх на захад.
Калі ты яшчэ не назіраеш за птушкамі, то ў цябе ёсць цудоўная магчымасць пачаць гэта з адметнага віду. А параду і падтрымку больш вопытных птушкароў можна знайсці ў тэлеграм-чаце бёрдвочараў Беларусі “Ціў-ціў!”
Тэкст: Алеся Башарымава
Падзяліся артыкулам у сацсетках: