Палескія ваўкі зноўку дасылаюць вучоным сігналы

ад 27 лістапада 2020 года

У Лельчыцкім раёне двух ваўкоў пазначылі GPS-ашыйнікамі, каб сачыць за іх маршрутамі. У межах праекта “Палессе – дзікая прырода без межаў” мы даследуем жыццё ваўкоў, каб абмежаваць паляванне на іх.

Малады палескі воўк, пазначаны "разумным" ашыйнікам. Фота Уладзіміра Семашчука

Малады палескі воўк, пазначаны «разумным» ашыйнікам. Фота Уладзіміра Семашчука

У глыбіні палескіх лясоў на мяжы з рэспубліканскім заказнікам “Стары Жадзен” адбылася экспедыцыя па адлове ваўкоў.

Для адлову выкарыстоўваюцца адмысловыя пасткі, каб звяры не атрымлівалі сур’ёзных пашкоджанняў. Пасткі правяраюцца на досвітку, каб скараціць знаходжанне звера ў стрэсавай сітуацыі.

У экспедыцыі пабываў фатограф Уладзімір Семашчук. Яму ўдалося зрабіць прыгожыя здымкі маладога ваўка.

Люблю лес, люблю прыроду, і ніколі раней не бачыў ваўка, — расказаў Уладзімір. — Акурат меў вольны час і з радасцю адгукнуўся на прапанову АПБ далучыцца да экспедыцыі. Воўк быў вельмі спакойны, не кідаўся, не праяўляў агрэсіі.

Малады палескі воўк, пазначаны "разумным" ашыйнікам. Фота Уладзіміра Семашчука

Магчыма, гэты ваўчок з адной зграі з другой адлоўленай ваўчыцай. Фота Уладзіміра Семашчука

Самку і самца адлавілі даволі блізка адно ад аднаго. Гэта дае падставы меркаваць, што яны з адной зграі, магчыма, гэта маці і сын.

Раней мы не лавілі ваўкоў з адной зграі, і нам будзе асабліва цікава даведацца, як узаемадзейнічаюць чальцы воўчай сям’і, — кажа спецыялістка АПБ па прыродаахоўных пытаннях Ірына Кашпей. — Ходзяць яны разам ці паасобку? Якія тэрыторыі наведваюць дарослыя ваўкі і маладняк? Як часта іх маршруты будуць перасякацца паміж сабой? Чым харчуюцца ваўкі на гэтай тэрыторыі? Якую плошчу займае тэрыторыя зграі?

Па трэках ужо цяпер відаць, што самка праходзіць нашмат большую тэрыторыю, а шчаня застаецца на вельмі абмежаванай. Хутчэй за ўсё, гэта цэнтр тэрыторыі зграі. Мяркуецца, што прыкладна праз месяц будзе зразумела, якую плошчу яна займае.

Мінулагодняе сачэнне за палескай ваўчыцай Лунай паказала, што ў гэтым рэгіёне плошча тэрыторыі зграі можа быць вельмі вялікай, каля 600 квадратных кіламетраў. Гэта кажа пра тое, што тут невялікая шчыльнасць здабычы для ваўкоў.

Спадзяемся, што пазначаным ваўкам удасца выжыць. Іх гісторыі будуць публікавацца ў Воўчым блогу vouk.by.

След ваўка. Фота Уладзіміра Семашчука

След ваўка. Фота Уладзіміра Семашчука

Сачэнне за ваўкамі адбываецца ў межах праекта «Палессе — дзікая прырода без межаў: захаванне аднаго з найбуйнейшых у Еўропе прыродных рэгіёнаў», які ёсць кампанентам Праграмы захавання ландшафтаў пад пагрозай, што фінасуецца Аркадыяй – дабрачынным фондам Пітэра Болдуіна і Лізбет Раўзінг.

Тэкст: Алеся Башарымава

Телеграм АПБ



Падзяліся артыкулам у сацсетках:


Сообщить об опечатке

Текст, который будет отправлен нашим редакторам: