Санаторый для кажаноў зноў адчыніў дзверы

ад 30 лістапада 2020 года

Мінскі цэнтр рэабілітацыі рукакрылых “Кажанаполіс” пачынае трэці сезон. Тут прымаюць кажаноў, знойдзеных людзьмі, і дапамагаюць ім перазімаваць.

Не ўсе віды адлятаюць на зіму ў вырай, частка зімуе ў Беларусі. Пачаліся маразы – сезон, калі рукакрылыя, знізіўшы тэмпературу цела да тэмпературы навакольнага асяроддзя, упадаюць у гібернацыю (зімовы сон). Калі ж падчас сну звярка нешта патурбуе і ён прачнецца, то на выхад са спячкі ён патраціць столькі энергіі, што можа не дажыць да вясны.

Гэтая зіма абяцае быць для кажаноў суворай, і многім спатрэбіцца дапамога.

— Праз цёплае надвор’е цягам лістапада ў кажаноў яшчэ працягваўся сезон размнажэння, — тлумачыць хіраптэролаг, старшыня Рабочай групы АПБ па рукакрылых Аляксей Шпак. — Анамальна высокія восеньскія і зімовыя тэмпературы не вельмі добрая з’ява для кажаноў: жывёлы не могуць пачаць спячку і працягваюць актыўнасць, але, з другога боку, іх ежы – насякомых — ужо няма. Таму кажаны вельмі інтэнсіўна расходуюць тлушч, назапашаны ўлетку. Калі такое надвор’е зацягнецца, можна прагназаваць, што кажаны, якія будуць трапляць да нас узімку, будуць знясіленыя і для іх спатрэбіцца інтэнсіўны дакорм. На гэта трэба шмат часу, таму для дакорму нам спатрэбіцца дапамога валанцёраў.

Як дапамагчы кажану?

Калі вы знайшлі кажана ў Мінску ці каля яго або хочаце быць валанцёрам па дакорме рукакрылых, тэлефануйце ў “Кажанаполіс”: +375 29 213 92 57 (МТС, Viber, WhatsApp).

Звярка забяруць, узважаць, пакормяць і адправяць зімаваць у лядоўню: гэта надзейнае месца для зімоўкі нашых кажаноў, бо там тэмпература для іх якраз прыдатная і стабільная.

Двухколерны кажан. Фота Ірыны Арахоўскай

Двухколерны кажан, госць «Кажанаполіса». Фота Ірыны Арахоўскай

Кажаны і каранавірус

Часам можна сустрэць міфы, нібыта кажаны могуць заразіць чалавека каранавірусам. Гэта не так, таму баяцца не трэба. Даказана, што кажаны не бяруць абсалютна ніякага ўдзелу ў цыркуляцыі COVID-19 у чалавечай папуляцыі. Наадварот, цяпер навуковая супольнасць заклапочана тым, што чалавек можа стаць крыніцай COVID-19 для кажаноў і спрычыніцца да іх масавай гібелі і вымірання буйных калоній.

Радуе, што ўзровень адукаванасці беларусаў на гэты конт даволі высокі.

— Датычна каранавіруса, я вельмі ўражаны тым, што большасць людзей, якія звяртаюцца да нас, вельмі добра інфармаваная пра тое, што кажаны — уразлівая група жывёл, якую трэба ахоўваць, і што яны ніяк не звязаныя з пандэміяй COVID-19, — гаворыць Аляксей Шпак.

Чаму важна ратаваць кажаноў?

Рукакрылыя размнажаюцца марудна (самкі могуць нарадзіць толькі 1-2 кажанятак у год), і на аднаўленне папуляцый многіх відаў патрэбныя дзесяцігоддзі. З 19 відаў кажаноў Беларусі восем уключаныя ў нацыянальную Чырвоную кнігу, але ўсе знаходзяцца пад строгай аховай дзяржавы.

У мінулым сезоне дзякуючы “Кажанаполісу” паспяхова перазімавалі 43 яго “пастаяльцы”.

Першага кажана ў новым сезоне прынялі на зімоўку ў “Кажанополісе” ў суботу 28 лістапада. Гэта двухколерны кажан, які трапляецца людзям у гарадах часцей за ўсё. У панядзелак да яго падсяліўся такі ж сусед.

Мінскі цэнтр рэабілітацыі рукакрылых “Кажанаполіс” створаны дзякуючы ініцыятыве Мінскага гарадскога аддзялення АПБ і працуе ў партнёрстве з Рэспубліканскім цэнтрам экалогіі і краязнаўства (РЦЭК) і Навукова-практычным цэнтрам Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі па біярэсурсах. Грошы на лядоўню былі сабраныя на краўдфадынгавай платформе “Мае сэнс”. “Кажанаполіс” працуе па адрасе Мінск, вуліца Макаёнка, 8, на базе РЦЭК.

Хочаш даведацца болей пра кажаноў? Глядзі нашу відэалекцыю!

Тэкст: Алеся Башарымава

 

 

ВКонтакте АПБ



Падзяліся артыкулам у сацсетках:


Сообщить об опечатке

Текст, который будет отправлен нашим редакторам: