Балотныя ўспаміны нашых валанцёраў

ад 5 снежня 2020 года

5 снежня – Міжнародны дзень валанцёраў, і мы з гонарам і радасцю віншуем тых, хто сваёй працай дапамагае нам ратаваць дзікую прыроду!

Мы пагутарылі з валанцёркамі, якія ўдзельнічалі ў вераснёвым летніку на балоце Ельня.

Валерыя Шчупак. Фота з яе архіву

Валерыя Шчупак. Фота з яе архіву

Валерыя Шчупак прыехала на летнік разам з сябрам Янам Клапоцкім. Вось што яна расказала:

— Гэта быў наш першы валанцёрскі летнік у жыцці, дый на балотах мы раней не бывалі. Гэта неверагодныя мясціны для Беларусі, такіх больш нідзе не ўбачыш! Я ўпершыню ўбачыла, як растуць журавіны, упершыню адчула пах багуна – у першы дзень ад яго нават закружылася галава і пачало хіліць у сон.

Жураўлі над Ельняй захапілі валанцёраў. Фота Алены Майсюк

Жураўлі над Ельняй захапілі валанцёраў. Фота Алены Майсюк

У адзін вечар ездзілі глядзець на шэрых жураўлёў – іх было так шмат, ляцяць і ляцяць! Быў адзін вечар, калі было вельмі многа зорак, Млечны шлях — я ў Беларусі яшчэ такога прыгожага неба не бачыла. Мы на ўсё глядзелі шырокімі вачыма – здавалася, усё цела было і вачыма, і вушамі, і пахі ўбірала.

Мы вярнуліся дадому такія падсушаныя, падкачаныя трошкі, таму што многа даводзілася хадзіць, цягаць. Але праца была такая цікавая, што стомленасць пад канец дня, здавалася, была не ад яе, а ад уражанняў і ад любові да прыроды.

Мікалай Чэркас. Фота Валерыі Шчупак

Мікалай Чэркас. Фота Валерыі Шчупак

Вельмі нам спадабаўся кіраўнік летніка Мікалай Чэркас – столькі баек, столькі жартаў! Пасябравалі мы з ім. Надзвычай цікавыя былі людзі, усе розныя, але невыпадковыя. Мы з Ясікам музыканты, ён фламенка-гітарыст і джазавы басіст, а я піяністка. Кожны вечар злаваліся на сябе што не ўзялі гітару, а ў апошні вечар спявалі разам усю ноч.

 

Памяць пра летнік. Фота Валерыі Шчупак

Памяць пра летнік. Фота Валерыі Шчупак

Памяць пра летнік застанецца для мяне і на фотаздымках: я здымала “Зенітам” на чорна-белую стужку 1999 года — фоткі атрымаліся, нібы гэта паход маіх бацькоў.

Волонтеры у отремонтированной ими плотины

Пасля гэтага летніка Валерыя і Ян паўдзельнічалі ў яшчэ адным тэрміновым летніку на Ельні. Фота Мікалая Чэркаса

Алена Майсюк займаецца даследаваннем свайго жыцця і прыроды і называе сябе вольнай вандроўніцай.

— Я была на летніку ўсе дні і сустрэлася з усімі, хто там быў. Гэта вельмі патрэбная справа, якую мы зрабілі. Прыемна, што некаторыя вынікі можна было ўбачыць адразу, хаця, вядома, больш поўныя вынікі будуць відаць праз 35-40 гадоў.

Алена Майсюк - адна з валанцёраў АПБ, якія дапамагалі чыніць плаціны на балоце Ельня

Алена Майсюк, фота з яе архіву

Летась я была на летніках АПБ у Тураве і на Альманскіх балотах, а таксама з Багнай на адукацыйным летніку пад Белаазёрскам. Мяне захапіла балотная тэма, і я з задавальненнем далучылася да летніка на Ельні. Я пабывала там упершыню, мне было цікава паглядзець на самае вялікае верхавое балота.

Захад на Ельні - вось такое хараство паўставала перад вачыма валанцёраў. Фота Алены Майсюк

Захад на Ельні. Фота Алены Майсюк

Я ўпершыню паплавала ў балотным возеры і ўпершыню пабачыла арэхаўку – аказваецца, яна такая вялізная! Я нават паспела яе сфатаграфаваць, і потым мы з сяброўкай вызначылі яе па вызначальніку.

Кедровка на Ельне. Арэхаўка на Ельні. Птушкі радуюць валанцёраў.

Арэхаўка. Фота Алены Майсюк

Яшчэ мы бачылі саву, што лунала над возерам, — дакладней, яе сілуэт, бо было цёмна. З’ездзілі на хутар Андрэя ЛітвінаваЖураўліная Ельня” і паназіралі за жураўлямі. У апошні дзень проста над намі вельмі прыгожа луналі чатыры драпежныя птушкі. У мяне зноў прачнуўся апетыт да фатаграфавання птушак – у мяне над домам у вёсцы ўвосень іх пралятае вельмі шмат.

Захад на Ельні. Фота Алены Майсюк

Захад на Ельні. Фота Алены Майсюк

Я рамесніца, маю банкаўскую адукацыю, два гады таму была намесніцай дырэктара фірмы, а цяпер жыву на вольным хлебе ў вёсцы на Шчучыншчыне. Займаюся вывучэннем дзікіх траў, перайшла на сырую ежу, дзікія расліны. Хоць сама не ем прыгатаваную ежу, але апошнія два дні ў летніку заставалася дзяжурыць і гатавала на вогнішчы вячэру для валанцёраў. Атрымала прызнанне і на словах, і на справе: суп і другое з’елі цалкам!

Дзяжурства. Алена гатуе вячэру для валанцёраў. Фота з архіву Алены Майсюк

Дзяжурства. Фота з архіву Алены Майсюк

Вячэра для валанцёраў. Фота Алены Майсюк

Вячэра для валанцёраў. Фота Алены Майсюк

Дарагія валанцёры, вы – наша сапраўдная каштоўнасць, вы адметныя людзі, і галоўнае, што кожны гатовы падзяліцца сваімі ведамі, уменнямі, працай для таго, каб захаваць дзікую прыроду. Мы ганарымся, што робім гэтую важную справу разам з вамі!

Летнік на Ельні адбыўся ў межах праекта “Разам для грамады і прыроды: Міёрскі раён”, які рэалізуецца Міёрскім райвыканкамам, грамадскай арганізацыяй “Ахова птушак Бацькаўшчыны” (АПБ) і Латвійскім сельскім форумам пры фінансавай падтрымцы Еўрапейскага саюза. Будаўнічыя матэрыялы для плацін прафінансавала Coca-Cola HBC Belarus, партнёр валанцёрскіх летнікаў па аднаўленні Ельні з 2007 года.

Тэкст: Алеся Башарымава

Падтрымай захаванне дзікай прыроды Беларусі!

 

 

Инстаграм АПБ



Падзяліся артыкулам у сацсетках:


Сообщить об опечатке

Текст, который будет отправлен нашим редакторам: