Лебедзі не зляцелі ў вырай? Усё ў парадку!

ад 16 снежня 2020 года

З надыходам маразоў да нас часта звяртаюцца людзі, якія перажываюць за лебедзяў, што засталіся зімаваць у Беларусі. Тлумачым, чаму птушкі не злятаюць у вырай.

Для птушак не столькі страшны холад, колькі голад. Пёры абараняюць ад маразоў вельмі добра, лапы і дзюба ў птушак не мерзнуць, а ў вадаплаўных да таго ж тоўсты слой тлушчу.

Лебеди на водохранилище Дрозды

Лебедзі на вадасховішчы «Дразды». Фота Вольгі Котавай, t.me/ptushkafota

Як лебедзі выжываюць зімой?

Мяккія і маласнежныя зімы, якія назіраюцца ў апошнія гады ў Беларусі, дазваляюць лебядзям лёгка знайсці незацягнуты лёдам вадаём або падсілкавацца на палях. Штогод у Беларусі зімуюць сотні белых грацыёзных птушак. У пошуках лепшага месца лебедзі могуць пералятаць за дзень нават сотні кіламетраў. Таму перажываць за вадаплаўных птушак не трэба: холад ім не страшны, а корм сабе яны знойдуць самі. Лебедзі-шыпуны – звычайныя птушкі, не ўключаныя ў Чырвоную кнігу, але як і іншыя птушкі — знаходзяцца пад аховай дзяржавы.

 

Цісні на кнопку, каб падпісацца на ютуб АПБ!

Ці трэба падкормліваць лебедзяў і чым?

Анастасія Пярко, спецыяліст АПБ:

Падкормліваць вадаплаўных птушак у цэлым непажадана, лебедзі – не выключэнне. Натуральнае харчаванне лебедзяў – падводная расліннасць. Нядобра, калі прычытана таго, што птушкі застаюцца – гэта падкормка людзьмі. Калі на дварэ трымаецца моцны мароз, штучная падкормка змяншаецца ў разы: нікому не хочацца выходзіць з дому ў такое надвор’е. лебедзі, якія звыклі да дапамогі людзей, рызыкуюць загінуць. Другі бок медаля – тое, што праз такую “дапамогу” выпадкаў, калі птушкі застаюцца зімаваць, робіцца больш, і мы не можам прадказаць, як гэта паўплывае на папуляцыю ў цэлым.

Падкормка будзе дарэчы толькі ў маразы з тэмпературай ніжэй за мінус 15 градусаў. Але не давай птушкам хлеб і батон. Такі корм дае адчуванне сытасці, але не дае дастатковай энергіі і вітамінаў. Падкарміць лебедзяў і качак можна аўсянымі шматкамі ці крыху адваранымі аўсянымі крупамі, ячменем або пшаніцай або дробна парэзанай свежай гароднінай (морква, буракі, капуста).

Птушкам гамон

Ілюстрацыя створана ў рамках праекта Школы ілюстрацыі і smm «Draw end Save» Лізаветы Ганчаровай і крамы I-Store. Падчас працы Школы кожны з удзельнікаў рэалізаваў свой уласны эка-праект.
Аўтар ілюстрацыі: Алеся Русак.

Як дапамагчы хвораму ці траўмаванаму лебедзю?

Часам людзей турбуе тое, што лебедзі сядзяць нерухома на лёдзе, не рэагуюць на людзей. Такія паводзіны птушак тлумачацца проста: яны не прымерзлі да лёду, а проста берагуць энергію. Не трэба спрабаваць прагнаць або злавіць птушку, гэта для яе лішні стрэс, ды і для чалавека можа быць небяспечна: лебедзь — моцная птушка і можа нават зламаць крылом руку.

Дапамога патрэбная толькі тым аслабленым птушкам, якія відавочна спрабуюць, але не могуць зрушыць з месца; птушкі на беразе, якіх можна злавіць, у якіх выразна відаць пашкоджанне: напрыклад, птушка кульгае, валачэ крыло або заглынула кручок і ў яе з дзюбы вісіць лёска. Каб выратаваць такую птушку, паведамі пра яе ў тэрытарыяльныя органы Мінпрыроды, Міністэрства па надзвычайных справах або міліцыю.

Як дапамагчы параненым птушкам?

Калі табе вядомыя выпадкі палявання на лебедзяў — тэлефануй на гарачую лінію Дзяржаўнай інспекцыі аховы жывёльнага і расліннага свету.

Калі ўбачыш лебедзя з жоўтай дзюбай – гэта хутчэй за ўсё лебедзь-клікун, які ўжо 20 гадоў як таксама гняздуе ў Беларусі.

Лебедзі з кольцамі і ашыйнікамі — што рабіць, калі пабачыш такога?

На нагах у лебедзяў могуць быць металічныя кольцы, а на шыі пластыкавы жоўты ашыйнік з літарамі і лічбамі. Гэта птушкі, памечаныя арнітолагамі, якія вывучаюць перамяшчэнні птушак. У Беларусі адзначаны лебедзі амаль з 10 краін Еўропы. Ашыйнік птушцы не замінае, нават калі шыя вакол яго здаецца таўсцейшай: проста ў лебедзя выбіваюцца адтуль пёры, таму можа складвацца ўражанне “апухласці”. Ашыйнік ці кальцо трэба сфатаграфаваць і даслаць фота ў Беларускі цэнтр кальцавання птушак разам з датай і месцам назірання: bym.minsk@gmail.com. Калі  пакінеш свае кантактныя дадзеныя, то праз нейкі час табе прыйдзе інфармацыя пра гэтую птушку: калі, кім і дзе яна была акальцавана.

Лебедзь з ашыйнікам. Фота Макса Чарнова

На зіму ў Беларусі цяпер застаюцца не толькі лебедзі, але і іншыя пералётныя птушкі, напрыклад, белыя буслы. Звычайна гэта слабыя ці хворыя птушкі. Яны кормяцца на незамерзлых ручаях ці нават на сметнішчах. Але з кожным годам у АПБ паведамляюць пра больш буслоў, якія засталіся на зімоўку. І шмат якія нават добра перазімоўваюць.

Тэкст: Алеся Башарымава

Телеграм АПБ



Падзяліся артыкулам у сацсетках:


Сообщить об опечатке

Текст, который будет отправлен нашим редакторам: