Душа-птушка, нараджэнне арабкоў і дыктоўка пра ўдода. Бліц-інтэрв’ю з сябрамі АПБ

ад 23 снежня 2020 года

Мы задалі па пяць пытанняў вядомым сябрам АПБ — кінарэжысёру Ігару Бышнёву, журналісту Глебу Лабадзенку, літаратару Адаму Глобусу і фатографу Алене Адамчык. І вось што яны адказалі.

Ігар Бышнёў

Игорь Бышнев с внуком Робертом

Ігар Бышнёў, кінарэжысёр і аператар-анімаліст, Абаронца дзікай прыроды, з унукам Робертам

Якія кадры для вас сталі галоўнай удачай у гэтым годзе?

Думаю, гэта здымкі арабкоў у Беларусі (і ў першую чаргу – з’яўленне малянят на свет і іх першыя крокі). Гэта было незвычайна. Ёсць у мяне сябар Андрэй Несцераў. Ён фатограф-анімаліст, захапляецца арабкамі ўжо не адзін год. Здаецца, часам яны яму плацяць поўнай узаемнасцю. Мы ўсю вясну маглі назіраць за дзікімі арабкамі літаральна з некалькіх метраў, за іх натуральнымі сямейнымі паводзінамі. Але самае дзіўнае было потым – калі самка села наседзваць яйкі. А мы з нецярплівасцю чакалі моманту з’яўлення на свет малянят. Не думаю, што нехта змог назіраць за гэтымі працэсамі так, як гэта ўдалося сёлета Андрэю. Больш за тое, перад самым вылупленнем самачка амаль не пакідала гнязда нават дзеля кармёжкі. Але яна брала ў Андрэя з рук кветкі вярбы і ласавалася імі. І ўсё гэта – седзячы на гнядзе. Птушаняты арабка праводзяць у гняздзе ўсяго некалькі гадзін, а потым пакідаюць яго і адпраўляюцца следам за мамай… І нам удалося зняць гэта ўсё… Гэта было незабыўна…

 

Цісні на кнопку, каб падпісацца на ютуб АПБ!

Якія новыя прыродныя мясціны вы сёлета для сябе адкрылі або наведалі пасля доўгага перапынку?

Год-наадварот. Апошнія шэсць гадоў мы шмат падарожнічалі за межамі Беларусі. І, выявілася, амаль не здымалі нашую прыроду. Ну, так – неяк наскокамі, бегла…  А сёлета мы зноў, як калісьці даўно-даўно акунуліся ў прыроду Бярэзінскага запаведніка. Гэта месца, дзе я жыву ўжо 35 гадоў. Разам з жонкай Наташай сёлета мы практычна кожны вечар праводзілі на Сергуцкім канале, назіраючы, здымаючы птушак і запісваючы прыродныя гукі. І выявілася, што самае дзівоснае – побач. 🙂

Якая птушка вам найбольш блізкая “па духу”, па сваёй натуры?

Добрае пытанне! А вось заўсёды з сімпатыяй назіраю за дзятламі. Рупліўцы. Сямейныя. Часам асцярожныя, часам нахабныя. Розныя. Паўсюль, дзе мы бываем, нават на Курылах, яны ёсць і звяртаюць на сябе ўвагу сваёй нястомнай дзейнасцю.

Чаму вы ўсе гэтыя гады застаяцеся сябрам АПБ?

Ведаеце, пра АПБ я магу сказаць прыкладна як чарадзей Гэндальф пра сябе: «таму што я — гэта Гэндальф, а Гэндальф… — гэта… я…” :))) АПБ нараджалася пры маім удзеле і заўсёды заставалася «часцінкай майго жыцця”… як бы пафасна гэта ні гучала…

Што б вы хацелі сказаць, чаго пазычыць людзям, якія чытаюць нашы сацсеткі і сайт?

Хай вашае віртуальнае знаёмства з АПБ і захапленне зробіцца рэальным: з птушкамі, балотамі, лясамі, кіламетрамі, камарамі, новымі знаёмымі, новымі ведамі і новым спасціжэннем таінства жыцця дзікай прыроды.

Глеб Лабадзенка

Глеб Лабадзенка, журналіст

Глеб Лабадзенка, журналіст

Якую птушку ты марыш пабачыць?

На паштоўцы «Птушкі горада», дасланай мне АПБ, мяне найбольш уразіў удод! Не верыцца, што такая незвычайная з выгляду птушка ўвогуле можа жыць у Беларусі! Да таго ж, яшчэ са школы я запомніў гэтую назву, не ведаючы, як выглядае сама птушка. Мы пісалі дыктоўку, дзе сустракалася такое слова — і з той пары раз-пораз між аднакласнікамі ўзнікалі спрэчкі, дзе крайнім аргументам было «ну ты ўдод!»

Куды выбіраецеся з сям’ёй на прыроду і чым вас прыцягваюць гэтыя мясціны?

Маё любімае месца — гарадзішча Х стагоддзя над ракой Менкай. Яно знаходзіцца ўсяго за 7 кіламетраў ад кальцавой, за Малінаўкай. На гэтых велічных валах некалі стаяў замак Усяслава Чарадзея. А цяпер тут можна паслухаць птушак, блукаючы ў рамантычных прысадах. А пасля наведаць унікальны музей «Стары Менск«, які месціцца ўсяго за 200 метраў ад замчышча.

Якая птушка табе найбольш блізкая “па духу”, па сваёй натуры?

Мяне зачароўваюць буслы — сваёй вытанчанасцю, прыгажосцю, грацыяй. Роўна насупраць музея «Стары Менск» ёсць буслянка, дзе штогод буслы выгадоўваюць двох, а тое і трох птушанятаў! Самая беларуская птушка, я лічу. Яшчэ і з прычыны, якую апісаў Рыгор Барадулін:

Няма сумневу,

Ён даўно гатоў,

Указ чарговы,

Як заўсёды, сьмелы.

Што трэба перафарбаваць буслоў,

Бо кожны бусел

Бел-чырвона-белы.

Белы бусел. Фота Глеба Лабадзенкі

Белы бусел. Фота Глеба Лабадзенкі

Чаму ты вырашыў стаць і ўжо некалькі гадоў застаешся сябрам АПБ?

Вельмі люблю птушак. За хараство, за спевы, за спрытнасць. Хоць, калі каўкі вясной не давалі мне спаць, пра любоў да іх я задумаўся. Мы з’яўляемся сябрамі АПБ усёй сям’ёй. І трэба бачыць, з якім гонарам дзеці паказваюць свае сяброўскія пасведчанні аднакласнікам!

Стань і ты сябрам АПБ!

Што б ты хацеў сказаць, чаго пазычыць людзям, якія нас чытаюць?

Усім нам я б хацеў пазычыць, каб памянёная класікам «зямля пад белымі крыламі» нарэшце ачысцілася ад рознай набрыдзі і стала вольнай і па-сапраўднаму незалежнай!

Адам Глобус

Літаратар і мастак Адам Глобус

Літаратар і мастак Адам Глобус

Якая птушка ці жывёла (дзікая) здзівіла або асабліва парадавала вас у гэтым годзе?

Перачытаў свае хайку за апошні год, найбольш удала атрымалася напісаць з натуры пра вавёрку ў мінскім скверыку…

*

Уздымаецца

вогненны хвост вавёркі

над сухой травой…

Якія прыродныя мясціны Беларусі вас натхняюць або супакойваюць?

Мне падабаюцца мінскія скверы і паркі, я люблю іх з дзяцінства. Асабліва радуюць паркі і скверы на вуліцы Янкі Купалы.

Якая птушка вам найбольш блізкая “па духу”, па сваёй натуры?

Верабейка, голуб і фламінга. )))

Чаму вы вырашылі стаць і ўжо шмат гадоў застаяцеся сябрам АПБ?

Люблю бацькаўшчыну ва ўсіх яе праявах. Люблю палёт. Веру. Што пташка – сястра анёла.

Што б вы хацелі сказаць, чаго пазычыць людзям, якія нас чытаюць?

Птушкі ведаюць гнёзды свае, так і чалавек… Адным словам, любіце іншых, і яны будуць вам удзячныя за любоў. Можа я і памыляюся, але душа чалавека нечым падобная да птушкі, прынамсі, яна ўмее лётаць.

Алена Адамчык

Алена Адамчык, выдавец, аўтар міжнароднага праекта «Women of ...", фатограф, біёлаг

Алена Адамчык, выдавец, аўтар міжнароднага праекта «Women of …», фатограф, біёлаг

Дзе вы больш за ўсё любіце назіраць за птушкамі?

Назіраю за птушкамі пастаянна і паўсюль — на вуліцы, у парку, у садзе, з акна дома, машыны… Яны самыя вясёлыя з усіх істот у свеце. Галоўнае іх не палохаць і не перашкаджаць — тады адкрыецца цэлы дзіўны свет: прырода птушак дасканалейшая за прыроду іншых. Хто не хацеў хоць на імгненне ператварыцца ў птушку, каб паспытаць задавальнення і весялосці іх жыцця?

Як вы любіце адпачываць на прыродзе – прагуляцца па парку, з’ездзіць у заказнік, схадзіць у грыбы ці неяк яшчэ?

Люблю працаваць у садзе, які сама выгадавала. Скакаць з сябрамі на конях па лугах і лясах.

Алена Адамчык на кані

Алена Адамчык на кані

Якая птушка вам найбольш блізкая “па духу”, па сваёй натуры?

Усе птушкі, якія навокал, — блізкія мне: каўкі, гракі, вераб’і…. Нават тыя, якія ад мяне далёка: совы, пеліканы, грыфы, арлы

Чаму вы вырашылі стаць і ўжо шмат гадоў застаяцеся сябрам АПБ?

АПБ — самая лепшая арганізацыя. У яе ўваходзяць і працуюць вельмі блізкія для мяне людзі, якія разумеюць, што мы — частка вялікай прыроды. Яны ўпарта вывучаюць і аберагаюць яе самых прыгожых крылатых прадстаўнікоў. Бо забіваць і страляць у тых, хто ўмее лётаць і радавацца – не па-людску!

 Што б вы хацелі сказаць, чаго пазычыць людзям, якія чытаюць нашы сацсеткі і сайт?

Хачу павіншаваць усіх, хто чытае, з Калядамі! Любіце птушак, беражыце іх і сябе! Я вас люблю і абдымаю!

Гутарыла Алеся Башарымава

Телеграм АПБ



Падзяліся артыкулам у сацсетках:


Сообщить об опечатке

Текст, который будет отправлен нашим редакторам: