Калі вы знайшлі памылку, калі ласка, вылучыце фрагмент тэксту і націсніце Ctrl+Enter.
Таямнічая палятуха, расліны-сфінксы і лісты з выраю — у новым нумары часопіса “Птушкі і мы”
Апошнія навіны,Навіна арганізацыі ад 29 снежня 2020 года
Выйшаў 37-мы нумар часопіса АПБ «Птушкі і мы» з цікавымі інтэрв’ю, фотаздымкамі, адказамі на пытанні і нават лістамі птушак з выраю!
Як дырэктар Іван Барок стаў дырэктарам «Ельні», у чым магчымасці і праблемы развіцця мясцовых заказнікаў — у інтэрв’ю, узятым падчас фестываля «Жураўлі і журавіны Міёрскага краю».
Апошнім часам мы нямала пісалі пра палятуху ды публікавалі ў сацсетках відэа з ёй. Але яшчэ некалькі гадоў таму навукоўцам нічога не было вядома пра стан яе папуляцыі ў Беларусі. І вось у 2017 годзе біёлагі Андрэй Абрамчук і Дзяніс Кіцель зладзілі паспяховую трохдзённую экспедыцыю і знайшлі звярка ў паўночных беларускіх лясах! Пра прыгоды тых дзён расказвае Андрэй Абрамчук.
Змены клімату нясуць і змены ў асяроддзі, у жыцці жывёл. Які ўплыў ад гэтых змен зазнаюць рыбы Беларусі? Чытай у артыкуле іхтыёлага Аляксея Палятаева.
Ці даводзілася табе назіраць, як такуюць цецерукі? Сяргею Зуёнку — не раз. Ён дзеліцца, чым гэтае відовішча так уражвае.
Улетку разам з грамадскай арганізацыяй «Багна» мы распрацавалі 10 водных маршрутаў і запусцілі сплаў «Прыпяць, дай пяць!» у новым фармаце. Уражанні ўдзельнікаў сплаву сабрала сябра клуба АПБ «Рэдкая птушка» Ірына Груздзіловіч.
Что ты знаешь о Припяти? Пройди тест!
Вельмі цікава пра лішайнікі — саюз водарасцяў і грыбоў — расказвае біёлаг Алег Маслоўскі. Гэтыя так званыя «расліны-сфінксы» — выдатныя індыкатары забруджвання!
А яшчэ ты даведаешся пра важныя перамогі ў ахове птушак свету за апошнія 10 гадоў.
Хочаш атрымліваць часопіс “Птушкі і мы”? Далучайся да АПБ: ptushki.org/anketa.
Мінулыя нумары часопіса можна пачытаць або спампаваць тут.
Тэкст: Алеся Башарымава, АПБ
Падзяліся артыкулам у сацсетках: