Калі вы знайшлі памылку, калі ласка, вылучыце фрагмент тэксту і націсніце Ctrl+Enter.
Выйшаў новы том арніталагічнага бюлетэня Subbuteo!
Апошнія навіны,Навіна арганізацыі ад 30 снежня 2020 года
Выйшаў 12-ты том бюлетэня Subbuteo з навуковымі артыкуламі беларускіх арнітолагаў. Расказваем, што ў ім.
У справаздачы аб працы станцыі кальцавання “Сасновы бор” за 2018 год ты знойдзеш пералік і статыстыку па адлоўленых там відах птушак, а таксама пералік дальніх знаходак птушак, акальцаваных на станцыі за ўсе гады яе дзейнасці з 2014 года.
У аналізе ўплыву лясных высечак на колькасць глушца ў Белавежскай пушчы паказана, як рэзка негатыўна яны могуць уздзейнічаць на папуляцыю гэтай птушкі, часам да яе поўнага знікнення. Пры гэтым зазначаецца, што агульным аб’ёме рознага кшталту высечак нацпарк не саступае вакольным гаспадарчым лясам, а часам і перавышае іх.
У артыкуле пра першыя сустрэчы вялікіх арляцоў светлай морфы ў Беларусі, акрамя апісання гэтых сустрэч, канстатуецца, што такія морфы ў Еўрапейскім рэгіёне назіраюцца ўсё часцей.
У артыкуле пра гнездаванне шыладзюбкі ў Беларусі прыводзяцца сведчанні пра гнездаванне гэтага віду на поўдні нашай краіны – ад няўдалай спробы ў 2013 годзе да масавага паспяховага гнездавання на Днепра-Брагінскім вадасховішчы ў 2019-м. Апісаваецца статус і прычыны змен колькасці шыладзюбкі ў суседніх краінах, асаблівасці рэгістрацыі віду ў Беларусі падчас міграцыі і гнездавання.
У храналогіі гнездавання пары барадатых кугакавак у Прыпяцкім Палессі прыводзяцца вынікі доўгатэрміновага сачэння за іх гняздом з дапамогай фотапастак. Апісаны самы ранні пачатак наседжвання і самы вялікі для рэгіёну памер вывадку гэтага віду, а таксама расказана пра рацыён гэтых птушак, дзве траціны якога складаюць палёўкі.
Ёсць і даследаванні па іншых краінах. У артыкулы пра новыя віды гусіных вострава Кунашыр (Расія) гаворка пра назіранні белай гусі і алеуцкай канадскай казаркі, якія раней не сустракаліся на гэтай тэрыторыі.
У гэтым томе Subbuteo прыведзены сістэматычны спіс відаў і статус птушак Палескага дзяржаўнага радыяцыйна-экалагічнага запаведніка. Тут налічваецца 233 віды птушак, з іх гняздуецца 176, а 62 віды ўключаныя ў нацыянальную Чырвоную кнігу.
У раздзеле кароткіх паведамленняў можна пачытаць пра назіранні рэдкіх птушак у заказніку “Ельня” і я го ваколіцах, апісанне гнездавання малых арляцоў у Мінскім раёне, першай для Беларусі рэгістрацыі пласканосага плывунчыка, зробленай у лістападзе 2013 года, апісаныя такія цікавыя паводзіны птушак, як паляванне шэрай вароны на амялушак.
У гэтым выпуску Subbuteo прыведзены пералік знаходак і сустрэч птушак, зацверджаных у 2015-2018 гадах Беларускай арнітафаўністычнай камісіяй.
Усе тамы Subbuteo ты знойдзеш тут.
Тэкст: Алеся Башарымава
Падзяліся артыкулам у сацсетках: