Як пад Мінскам з капкана выратавалі драпежную птушку

ад 6 студзеня 2021 года

Шуляк-галубятнік трапіў у капкан пад Мінскам і лётаў з ім некалькі дзён. Сёння, 6 студзеня, птушку выратаваў Ігар Таркан. Мы распыталі яго пра гэты выпадак.

Ігар Таркан з выратаваным шуляком-галубятнікам

Ігар Таркан з выратаваным шуляком-галубятнікам

Ігар жыве ў Міханавічах, што за 16 кіламетраў ад Мінска. Побач з яго домам – лес і балота. Раней некалі паляваў, але гадоў 15 як перастаў, ды ў лес усё адно цягне. Ігар назірае за ляснымі жывёламі, якія суседнічаюць з людзьмі, здымае іх на фотапасткі (аўтаматычныя фотакамеры). Улетку ён зрабіў некалькі саланцоў для капытных, здымаў на фотапастку ласёў і казуль. Узімку яны перайшлі на іншае месца, і Ігар пачаў здымаць драпежнікаў на прынадах.

Нядаўна я ўбачыў, што на адну з маіх прынад прылятае шуляк, — расказвае ён. — Звычайна дзікая птушка блізка не падпускае, а тут метраў 7-10 – узляцела і ў лапах нешта панесла. Я як паляўнічы ведаю: калі птушка пужаецца, яна забывае пра здабычу, выпускае. А тут не. Другі раз прыйшоў – тое ж самае паўтарылася.

Ігар перанёс адну з фотапастак на гэтае месца, і яна засекла, што ў шуляка на левай лапе вісіць капкан.

Безумоўна, у мяне адразу з’явілася ідэя выратаваць птушку. Я напісаў пост, і мне параілі знайсці арніталагічную сетку, каб адлавіць шуляка, але дзе яе тут знойдзеш? Але была і другая прапанова – знайсці пошукавы магніт і злавіць птушку з капканам на яго. Такі магніт у мяне акурат быў. Але з ім трэба акуратна: нельга, каб злоўленая на яго птушка доўга сядзела. Таму я пастаянна правяраў яго, і як толькі шуляк злавіўся, я вызваліў яго з капкана і апрацаваў рану сродкам, які выкарыстоўваю для свойскай птушкі. Скура на лапе была сцёртая з двух бакоў, было відаць, што птушка доўга спрабавала вырвацца. Але костка засталася цэлая: капкан быў невялічкі, “адзінка” – такую ставяць на куніцу, тхара, андатру. Магчыма, шуляк прылятаў да кагосьці ў двор і капкан паставілі менавіта на яго. Кроў на лапе была яшчэ свежая, не пачарнелая, таму я б сказаў, што ён з гэтым капканам лятаў дні тры. Скура на лапе працэнтаў на 70 была цэлая, таму пасля апрацоўкі раны выпусціў шуляка, і ён паляцеў.

Ігар ведае павадкі птушак і кажа, што шуляк-галубятнік будзе працягваць прылятаць на гэтае ж месца. Ён збіраецца падкормліваць яго і назіраць за яго станам.

Аляксандр Вінчэўскі, дырэктар АПБ:

У інтэрнэце ёсць фатаграфія арла-маркута з пасткай на пальцы лапы, зробленая на Віцебшчыне. Невядома, колькі пражыла тая птушка пасля таго, як атрымала такі сувенір на памяць ад чалавека. Акрамя драпежных птушак у пасткі трапляюць і паляўнічыя сабакі, «чырванакніжныя» рысі і барсукі. Але нават і паляўнічыя жывёлы ў пастках неймаверна пакутуюць, пакуль памруць ад голаду ці ран. Гэтаму маладому шуляку неверагодна пашанцавала, што ён трапіўся на вочы аматару прыроды, які да таго ж прыняў усе неабходныя меры, каб выратаваць дзікую птушку. Рэспект, Ігар!

У снежні пры грамадскім абмеркаванні праекта ТКП па капканах АПБ накіравала ліст у Міністэрства лясной гаспадаркі Рэспублікі Беларусь з прапановамі па забароне капканаў.

У прыватнасці, там зазначаецца: “Нашы дадзеныя пацвярджаюць высокую рызыку выпадковых адловаў пры выкарыстанні пастак-капканаў, якія заціскаюць лапу. Больш за тое, у адкрытым доступе рэгулярна з’яўляецца інфармацыя пра выпадкі адлову пасткамі буйных драпежных птушак, такіх як арол-маркут і арлан-белахвост, уключаных у нацыянальную Чырвоную кнігу і ў дадатак да канвенцыі СІТЭС. Выкарыстанне капканаў, якія заціскаюць лапу, часта наносіць жывёле траўмы, несумяшчальныя з жыццём, ці негатыўна адбіваюцца на яе выжыванні ў будучыні. З гэтага можна зрабіць выснову, што такі спосаб палявання змушае паляўнічых, якія не мелі намеру парушаць закон, да браканьерства і звязанай з гэтым крымінальнай адказнасці.

Капкан, у які трапілася драпежная птушка

Капкан, у які трапілася драпежная птушка

Так, у выпадку з шуляком-галубятнікам таму, хто паставіў гэты капкан, давялося б заплаціць 175 базавых велічынь кампенсацыі шкоды (35 Х 5), нанесенай навакольнаму асяроддзю. Усе драпежныя птушкі Беларусі ўключаны ў дадаткі да канвенцыя СІТЭС, якую падпісала наша краіна, і таму ахоўваюцца законам.

Вясной Мінлясгас атрымаў 125 каментароў супраць прымянення капканаў падчас грамадскага абмеркавання праекта Указа з новымі “Правіламі палявання”. Указ быў прыняты ў верасні і наконт капканаў там амаль нічога не змянілася, але гэтыя просьбы не былі праігнараваныя. Мінлясгас агучыў абяцанне цягам двух гадоў згарнуць паляванне з “негуманнымі” капканамі ў Беларусі.



Падзяліся артыкулам у сацсетках:


Сообщить об опечатке

Текст, который будет отправлен нашим редакторам: