Забойства ў Грабаўцы
Усё здарылася пад вечар на адкрытым участку паміж лесам і кукурузным полем непадалёк ад вёскі Грабаўка. Сабака заскуголіў, козы захваляваліся, іх гаспадар убачыў сілуэты жывёл памерам меншых, чым аўчаркі, якія перагрызалі горла адной казе і хутка браліся за іншую. На месцы загінула амаль 10 жывёл, яшчэ некалькі коз ён знайшоў пазней крыху воддаль, дзве былі сур’ёзна параненыя.
Паляўнічыя ў гутарцы з журналістам выказалі здагадку, што вінаватыя ў здарэнні ці то бадзяжныя сабакі, ці ваўчыца з ваўчанятамі, якая вывела на паляванне маладняк. Але ніякіх доказаў магчымага ўдзелу ваўкоў у забойстве коз паляўнічыя не далі. Ні фатаграфій слядоў, ні свежых здымкаў з месцаў падзей.
«Слядоў ваўка ў ваколіцах я не выявіў. Ды і на самім месцы здарэння, калі верыць словам гаспадара коз — шчыльная зямля, парослая травой», — кажа Андрэй Шэўчык, палявы супрацоўнік АПБ.
У пасёлку, паводле словаў мясцовых, усяго некалькі чалавек трымаюць коз, але каб нехта раней скардзіўся на драпежнікаў — такога не было. На малочнай ферме, якая знаходзіцца каля вёскі Маркавічы, пад высокім плотам вялікі лаз — не толькі драпежнік з лёгкасцю пройдзе, але і чалавек. Пры гэтым праблем з дзікімі жывёламі, па словах супрацоўніка фермы, у іх не было з савецкіх часоў.

Плот вакол малочнай фермы ў Маркавічах не абараняе жывёлу ад драпежнікаў
Не было ваўкоў і на сельскагаспадарчым складзе паміж вёскамі Пясочная Буда і Хутаранка, што за пяць кіламетраў ад Грабаўкі.
Сабакі, якія гуляюць самі па сабе
Наш палявы супрацоўнік пагаварыў з вартаўніком склада і адзначыў сёе-тое цікавае.
Сховішча ахоўваюць пяцёра аўчарак. Паводле вартаўніка, днямі жывёлы сядзяць на ланцугу, а ўначы атрымліваюць вольную, ён адпускае іх пагуляць. Ад склада да Грабаўкі, дзе былі забітыя козы, наўпрост менш за пяць кіламетраў — для сабак, якія цэлы дзень былі навязаныя — лёгкая прагулка.

Вартавы сабака на складзе ў 5 кіламетрах ад Грабаўцы
Аб сабачым самавольстве вядомыя тысячы гісторый. Бадзяжныя сабакі хутчэй здольныя прыдушыць ахвяру не дзеля ежы, а дзеля забавы. У большасці расследаваных выпадкаў у межах праекта vouk.by не воўк, як пісалі ў СМІ, наводзіў страх на вёску і забіваў хатніх жывёл, а якраз бяздомныя або здзічэлыя сабакі. Расследаванне можна пачытаць тут.
І ваўкі не сытыя, і козы не цэлыя
Ваўкі вельмі баяцца чалавека. Маладыя драпежнікі вучацца трымацца далей ад чалавека, калі назіраюць за старэйшымі чальцамі зграі. Ваўкі з Гомельскай вобласці навучаныя не менш, а можа і больш за іншых сваіх суродзічаў, бо паляўнічыя на шэрага драпежніка там вельмі актыўныя. Толькі ў ваколіцах Грабаўкі за 2020 год здабылі пяцёх ваўкоў. Не спяць у шапку і браканьеры.
У ваўкоў-адзінцоў няма шанцу на буйную здабычу, але і яны разумеюць, што там дзе чалавек — небяспечна. Зграя, якая адважылася напасці на коз у яго прысутнасці — нешта з вобласці фантастыкі.
У навіне, якую апублікаваў партал, пераважала меркаванне пацярпелага боку і паляўнічых, для якіх воўк — здабыча. Vouk.by, у сваю чаргу, пагутарыў з выпадковымі мясцовымі жыхарамі, якія жывуць і працуюць у навакольных вёсках, і выявілася, што яны нічога не чулі пра ваўкоў доўгія гады.
Выснова напрошваецца такая — спецыялістамі па дзікіх жывёлах у Беларусі перш за ўсё лічаць паляўнічых і толькі потым навукоўцаў. На жаль, гэта не спрыяе падтрыманню здаровай папуляцыі ваўка.

Бадзяжны сабака паблізу сельскагаспадарчага склада
Эксперты vouk.by выступаюць за мінімізацыю ўмяшання чалавека ў прыродныя механізмы. Дапамажы нам распаўсюджваць толькі ўзважаную інфармацыю пра ваўка! Падпісвайся на нашы каналы ў ФБ, ВК і Інстаграм і цісні — падзяліцца.
Тэкст Аліны Ляпёшкінай, vouk.by. Фотаздымкі Андрэя Шэўчыка