Калі вы знайшлі памылку, калі ласка, вылучыце фрагмент тэксту і націсніце Ctrl+Enter.
Гогаль, свіцьва, сава-бярозаўка: у Міёрах прайшла зімовая Школа бёрдвочара
Апошнія навіны,Навіна арганізацыі ад 13 студзеня 2021 года
У Міёрскім (Мёрскім) раёне з 12 лістапада па 12 снежня 2020 года прайшла чарговая Школа бёрдвочара. Мясцовыя жыхары змаглі вывучыць 100 відаў птушак і зрабіць цікавыя назіранні падчас палявых экскурсій.
Заняткі праходзілі ў Міёрскай раённай цэнтральнай бібліятэцы ў межах праекта “Разам для грамады і прыроды: Міёрскі раён”, які рэалізуецца Міёрскім раённым выканаўчым камітэтам, грамадскай арганізацыяй “Ахова птушак Бацькаўшчыны” і Латвійскім сельскім форумам пры фінансавай падтрымцы Еўрапейскага саюза, прадстаўленага Еўрапейскай камісіяй.
Знаёміла навучэнцаў з птушкамі арнітолаг Анастасія Кузьмянкова. Яна адзначыла, што “студэнты-птушкары” былі вельмі актыўныя, задавалі шмат пытанняў. А ў вольны час яна далучала да бёрдвочынгу і бібліятэкараў, якія таксама захапіліся назіраннем за птушкамі.
— На апошняй экскурсіі за горадам мы бачылі гогаля, качку-свіцьву, вялікую коўру ў зімнім апярэнні – а мы акурат гэта разбіралі на занятку, адрозненні зімовага і летняга апярэння коўры, адрозненні самцоў і самак гогаля і свіцьвы. Бачылі лебедзя-шыпуна, вялікую белую чаплю, дразда-піскуна, звычайную стрынатку, крумкача, вялікага грычуна. На апошніх занятках разбіралі канюха-мышалова і касматаногага канюха – і на экскурсіі ў палявых умовах змаглі акурат іх пабачыць. Пасля кожнага занятку я рыхтавала маленькія тэсты для замацавання матэрыялу, а таксама стварыла чат у вайберы, куды час ад часу скідвала фоткі птушак ці птушанят ды віктарыны, каб навучэнцы не толькі падчас заняткаў успаміналі пра птушак, але ўвесь час заставаліся ў тэме і трэніраваліся ў іх вызначэнні.
Сава-бярозаўка ў Мёрскім раёне, фота Максіма Доўгуна, birdwatch.by
Уладзімір Жабёнак, гаспадар аграэкасядзібы “Сядзіба аратага”:
— Зручна было навучацца зімой, бо вясной і летам многія занятыя, у гэты час нам ужо трэба свае веды выкарыстоўваць. Амаль усе, хто навучаўся, — гаспадары аграэкасядзіб і збіраюцца прымяняць свае веды на практыцы — паказваць птушак турыстам. Навучальны працэс быў добра наладжаны. Насця цудоўна выкладае, з артыстызмам, прыкладамі. Я нават атрымаў сертыфікат “выдатніка”. Нядаўна пабачыў зімародка ў Міёрах на паўвостраве, на Міёрскім возеры. Ён проста перада мной злавіў рыбіну! А ў лістападзе пабачыў саву-бярозаўку і адразу яе пазнаў – а гэта ўсяго другое назіранне ў Беларусі.
Нягледзячы на тое, што на фінальных занятках, на жаль, не ўсе змаглі прысутнічаць, дыпломы атрымалі ўсе выпускнікі Школы бёрдвочара. Віншуем іх і зычым цікавых сустрэч з птушкамі!
Тэкст: Алеся Башарымава
Падзяліся артыкулам у сацсетках: