Дапамажы падлічыць вадаплаўных птушак на зімоўцы!

ад 19 студзеня 2021 года

У студзені праходзяць штогадовыя зімовыя ўлікі вадаплаўных птушак. Дапамажы нам падлічыць іх!

зимние учеты водоплавающих

Навошта лічыць вадаплаўных?

Улікі праводзяцца, каб ацаніць колькі і якіх відаў гэтых птушак зімуюць у Беларусі. Гэта дазволіць лепш планаваць дзеянні па іх захаванні і на ўзроўні краіны, і на міжнародным узроўні. Зімовыя ўлікі вадаплаўных праводзяцца ў многіх краінах свету і даюць інфармацыю амаль пра 900 відаў птушак.

Улікі птушак – гэта яшчэ і нагода пагуляць на свежым паветры і зрабіць цікавыя назіранні. Праз пацяпленне клімату ўсё больш птушак сустракаюцца на зімоўцы. Летась на зімоўцы налічылі 23026 асобін 31 водны і каляводны від птушак. Вынікі ўлікаў можна паглядзець тут

Калі адбудзецца “птушыны перапіс”?

Да ўлікаў вадаплаўных можна далучыцца на працягу з 15 па 31 студзеня. Нам важна, каб у гэтыя дні на ўлікі выйшла як мага больш людзей. Гэта значна павысіць дакладнасць выніку.

Як праводзіць улік?

Мы падрыхтавалі для цябе памятку па ўліку птушак: як выбраць месца і час для “перапісу”, як правільна запоўніць анкету – адказы на гэта знойдзеш у ёй. Спампуй і карыстайся!

Улікі вадаплаўных ідуць па ўсёй Беларусі. Наведай найбліжэйшы вадаём, палічы, колькі там якіх відаў вадаплаўных і каляводных птушак, ды занясі ўсе дадзеныя ў анкету.

Важна: не падкормлівай вадаплаўных падчас улікаў. Гэта не спрыяе дакладнасці падліку і можа нашкодзіць птушкам. Помні, што хлеб і батон для іх небяспечныя: стрававальная сістэма птушак для такой ежы не прызначаная. Такі корм дае адчуванне сытасці, але не дае дастатковай энергіі і вітамінаў. 

Лебедзі на зімоўцы: калі і як дапамагаць?

Карыстайся вызначальнікам птушак guide.florafauna.by або яго мабільнай версіяй. Таксама можаш далучыцца да Тэлеграм-чату «Ціў-ціў!» — аднадумцы-птушкары дапамогуць з вызначэннем птушкі.

Калі ўсё ж пазнаць від не атрымліваецца, запішы агульную колькасць птушак, сфатаграфуй ці прынамсі апішы невядомыя табе віды і пазнач іх колькасць таксама. Фота можаш даслаць нам на info@ptushki.org, спецыялісты дапамогуць вызначыць птушку. 

Вадаплаўныя на зімоўцы ў Барысаве. Фота Інэсы Паркулевіч

Вадаплаўныя на зімоўцы ў Барысаве. Фота Інэсы Паркулевіч

Памятай, што для кожнага ўліку запаўняецца асобная анкета! Напрыклад, калі ты ў адзін дзень будзеш улічваць птушак на рацэ і на возеры, а праз некаторы час правядзеш паўторны ўлік на тым жа возеры, то табе трэба будзе падаць тры анкеты.

Даслаць нам анкету можна ў электронным або папяровым выглядзе.

Дзе шукаць птушак?

У гэтым годзе на другую палову студзеня прагназуюць моцныя маразы. Большасць вадаёмаў будуць замерзлымі. Вадаплаўныя птушкі будуць збірацца ў месцах, дзе ёсць хуткая плынь або сцёкі цёплай вады. Таму ў першую чаргу неабходна праверыць сажалкі ачышчальных збудаванняў і ўчасткі рэк з хуткай плынню.

На што яшчэ звяртаць увагу?

Калі птушак на вадаёме няма ці ён увесь пакрыўся лёдам, таксама пазначай гэта ў анкеце.

Звяртай увагу на акальцаваных птушак і пазначай іх від, нумар кольца, дату і дакладнае месца назірання. Выдатна, калі зможаш зрабіць фота, каб расчытваўся надпіс на кольцы.

Куды дасылаць анкеты?

Анкеты ўліку дасылай у Сакратарыят АПБ не пазней за 7 лютага 2021 года:

  • у электронным выглядзе — на адрас: info@ptushki.org;
  • у папяровым выглядзе — на адрас: ГА «Ахова птушак Бацькаўшчыны», вул. Парніковая, д. 11, пам. 4, 220114, г.Мінск.

Усе ўдзельнікі “птушынага перапісу” атрымаюць поўную інфармацыю пра яго вынікі.

Улікі водна-балотных птушак ладзяць АПБ і Навукова-практычны цэнтр па біярэсурсах Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі.

Далучайся да ўліку птушак і заахвочвай сяброў!

Тэкст: Алеся Башарымава, Сямён Левы

Телеграм АПБ



Падзяліся артыкулам у сацсетках:


Сообщить об опечатке

Текст, который будет отправлен нашим редакторам: