Калі вы знайшлі памылку, калі ласка, вылучыце фрагмент тэксту і націсніце Ctrl+Enter.
Папаўзень Зорра, сямейная традыцыя і форма гарадской медытацыі: чаму беларусы вешаюць кармушкі
Апошнія навіны,Навіна арганізацыі ад 14 студзеня 2021 года
16-17 студзеня пройдзе штогадовая акцыя АПБ “Птушкі ля кармушкі”. Хто тыя людзі, што вешаюць кармушку з году ў год і чаму яны працягваюць падкормліваць птушак? Сабралі для цябе гісторыі траіх людзей.
Яўген Місіюк, сябра АПБ у катэгорыі “Сямейная”:
Першую кармушку, якая яшчэ была зроблена са звыклай пластыкавай бутэлькі, мы павесілі тры гады назад, калі заўважылі, як мітусяцца сініцы на абрыкосе, што расце пад нашымі вокнамі. Кармушка была не вельмі ўдалая, і часта акрамя сініц да яе прыляталі і галубы, і каўкі, а часам нават і грак. У мінулым годзе мы зрабілі драўляную кармушку без доступу для буйных птушак. Яна падаравала нам магчымасць назіраць за дзевяццю відамі птушак цягам зімы. І гэта ў цэнтры горада! Сёлета мы купілі кармушку ў інтэрнэт-краме. Яна маленькая, з металічнай сеткі. Пакуль яе паслугамі карыстаюцца толькі сініцы: вялікая і сіняя.
Фота Яўгена Місіюка.
Я вешаю кармушку не толькі каб падкарміць птушак, але і каб даць магчымасць паназіраць за птушкамі ў прыродзе жонцы і маленькаму сыну. У Брэсце апошнім часам зімы вельмі мяккія, і на зімоўку застаецца шмат розных відаў.
Нам вельмі запомніўся адзін госць — папаўзень, якому мы далі мянушку Зорра праз яго маску, характэрную для гэтага віду. Ён меў досыць бандыцкі нораў. Зорра маланкай залятаў у кармушку, і ўсе астатнія птушкі пырскалі ў розныя бакі. Вельмі цікава было назіраць за ім: як ён набірае ў доўгую дзюбу адразу некалькі семак сланечніка, як адлядае суседнюю старую ліпу і хавае зерне ў розныя шчыліны і адтуліны ў кары дрэва. Амаль штодня сініцы сварыліся з зелянушкамі. Зелянушкі сварыліся з вераб’ямі. Прылятаў да нас і сірыйскі дзяцел паласавацца несалёным салам і арэхамі. Але ўсе птушкі ўцякалі, калі з задзірыстым посвістам прылятаў Зорра.
Фота Яўгена Місіюка.
Кармушка — гэта вельмі добрая магчымасць на хвілінку зрабіцца сапраўдным натуралістам і паназіраць за жывой прыродай. Не трэба нават выязджаць за межы горада.
Новиков Павел, сябра клуба АПБ “Рэдкая птушка”:
Вспомнить момент, когда решил первый раз повесить кормушку, сложно — ещё с отцом в детстве. Осознанно начал делать это лет 7 назад. Переехал в новую квартиру, наступили холода — ну, думаю, время пришло, нужно повесить.
Вначале делал кормушки из всего, что есть под руками, например, из пластиковой упаковки от яиц. Потом стал менять на что-то приличное. Одну зиму я делал для синиц плетёную кормушку из проволоки, внутрь закладывал жировые шарики. Очень удобно птицам, но не очень удобно мне — сложно класть корм. Сейчас у меня висит кормушка из оргстекла от etno.by, удобная и красивая.
Фото Павла Новикова.
Я люблю фотографировать птиц. Поэтому первая мотивация повесить кормушку эгоистичная: птицы сами ко мне прилетают, идти никуда не нужно. Ну а когда холодно, то сопереживаю птицам, готовлю им корм посытней, смеси из зерновых и жира, сало.
Так получилось, что, попробовав сам, я уговариваю всех знакомых вешать кормушки, иногда даже сам им их привожу. У отца на участке кормушка регулярно кормит большого пёстрого дятла, зеленушек, воробьев и больших синиц, у меня же в основном сейчас синицы и голуби.
Фото Павла Новикова.
Ещё я сделал место подкормки в лесу, чтобы птицы туда прилетали и их проще было найти и пофотографировать. На моей лесной кормушке много разных синиц бывает, дятлов, дубоносов и других видов.
Антон Трафімовіч, журналіст:
Першую кармушку я павесіў гады чатыры таму. Памятаю, сяброўка распавяла, што сінічкам зімой часам настолькі бракуе ежы, што яны выклёўваюць мозг сваім суродзічам. Я вырашыў выратаваць хоць кагосьці ад галоднай смерці і павесіў самаробную кармушку з бутэлькі на балкон. І гэта аказалася надзвычай цікава – проста назіраць за птушкамі за акном.
Я жыву каля Парка Чалюскінцаў у Мінску, і птушак да мяне прылятае вельмі шмат. Штозіму ў мяне сыходзіць цэлы мех сланечнікавага насення вагой пад 30 кг. Калі выпадае снег, суседзі, відаць, думаюць, што ў доме жывуць нейкія гопнікі, якія бясконца выкідваюць лупінне ад насення проста на зямлю. А гэта ўсяго сінічкі і зелянушкі.
Фота Антона Трафімовіча.
У першы сезон у мяне было з дзясятак розных відаў. Я вывучаў птушак па тых, што да мяне прыляталі. Фоткаў і скідваў сябрам з АПБ, каб вызначыць. Так даведаўся пра сініх сініц, таўстадзюбаў, зелянушак. У мяне нават шуляк быў на балконе, які, відаць, паляваў на сініц.
Назіраць за птушкамі за акном – гэта ледзь не медытатыўная практыка для жыхара горада. Птушкі палахлівыя, рэагуюць на кожны крок, таму нельга рабіць рэзкіх рухаў, калі назіраеш за імі. Пры назіранні ты канцэнтруеш усю ўвагу на адным аб’екце. Сапраўды шмат падобнага з медытацыяй.
Але галоўнае – гэта проста цікава. Фактычна, ты трымаеш хатніх сезонных жывёлаў у сябе на балконе. Іх нельга палашчыць, але яны вельмі мілыя, калі назіраць доўга за імі. Там свае разборкі паміж сініцамі і зелянушкамі ўвесь час. Я нават дзве кармушкі цяпер вешаю, каб усім хапіла.
Ну і яшчэ я вяду барацьбу з галубамі, бо гэтыя рабяткі таксама не супраць пад’есці ў мяне на балконе. Але я зрабіў спецыяльную абарону ад галубоў, каб у кармушку маглі трапіць толькі маленькія птушкі. Галубам і без таго хапае ежы ў горадзе. Іх бясконца кормяць на плошчах і рынках. А сінічкі там не харчуюцца. Яны нашмат больш уразлівыя і больш залежныя ад чалавека, чым галубы. Я лічу гэта нармальным, што ў мяне не інклюзіўная кармушка.
Штогадовая акцыя АПБ “Птушкі ля кармушкі” пройдзе зусім хутка — 16-17 студзеня. Паўдзельнічаць ў ёй проста: павесь кармушку і 16-17 студзеня гадзінку пасачы за ёй ды занатуй у форму на сайце АПБ, што за птушкі прыляцелі падсілкавацца і колькі. Дзякуючы дадзеным мы зможам заўважыць, калі нейкіх птушак раптам стане нашмат менш, чым звычайна, і своечасова зразумець, якая дапамога ім трэба. Далучайся да акцыі!
Гутарыла Аліса Матавілава
Падзяліся артыкулам у сацсетках: