Калі вы знайшлі памылку, калі ласка, вылучыце фрагмент тэксту і націсніце Ctrl+Enter.
Рэкорд на кармушках! Вынікі акцыі «Птушкі ля кармушкі — 2021»
Апошнія навіны,Навіна арганізацыі ад 21 студзеня 2021 года
Марозныя дні падчас акцыі АПБ «Птушкі ля кармушкі» прынеслі рэкорды: мы атрымалі 419 анкет, удзельнікі налічылі 14933 птушак на сваіх кармушках!
Усяго ў акцыі паўдзельнічала 1567 чалавек. На іх сталоўкі прыляталі самыя розныя птушкі — адзначана 39 відаў.
Летась на кармушках налічылі 6500 птушак 26 відаў.
Гіль. Фота Ірыны Груздзіловіч
Рэйтынг самых папулярных гасцей птушыных сталовак:
Таксама завітвалі стрынаткі, дразды-піскуны, папаўзні, гілі і амялушкі, сойкі, таўстадзюбы, сініцы-апалонікі, шпакі, шчыглы і нават 6 відаў дзятлаў.
Юрок. Фота Ірыны Груздзіловіч
Самыя незвычайныя назіранні — юрок і малінаўка, якія рэдка ў нас зімуюць і рэдка прылятаюць на кармушкі.
Птушкі ля кармушкі. Фота Святланы Цэнкер
Поўны спіс відаў можна спампаваць тут.
— Гэты год атрымаўся асаблівым! Такіх птушак у нас яшчэ не было! — кажа кіраўніца клуба АПБ «Крылаты дазор» сярэдняй школы № 9 г. Слуцка Жанна Валетка. — З самай раніцы на велізарным клёне над кармушкамі важна сядзелі гілі. Яны проста пазіравалі дзецям з акна! Гэтак сама пазней паводзіўся дрозд-піскун: увесь час круціўся на галінцы і заміраў, каб яго фатаграфавалі. А на кармушках разгараліся сапраўдныя страсці. Гракі, каўкі, дамавыя і палявыя вераб’і, вялікія сініцы зладзілі сабе спаборніцтва «Хто хутчэй і больш»!
Слуцкія «дазораўцы». Фота Жанны Валетка
— Каб запрасіць пабольш людзей паўдзельнічаць у акцыі, мы звярнуліся да блогераў, — кажа спецыялістка АПБ па сувязях з грамадскасцю Аліса Матавілава. — Мы вельмі ўдзячныя, што яны з радасцю расказалі пра «Птушкі ля кармушкі» сваім падпісчыкам: Канаплёў і Лейдзік, Лера Аўсеева, Ксюша Тырсікава, Леанід Пашкоўскі, спявачка Palina, Алена Урбанская і падарожніца Паліна. Усцешна, што людзі актыўна рэагавалі ў сацсетках і пыталіся, дзе набыць кармушкі. Думаю, крамы з кармушкамі не чакалі такога наплыву:). Спадзяемся, птушачкі будуць радаваць блогераў і іх падпісчыкаў увесь год!
У розыгрышы значыкаў прызёрамі сталі: Паліна Курэц (в. Мікалаеўшчына), Жанна Валетка (Слуцк), Тата Каверына (Гомель), Кацярына Малолава (Чавусы), Арцём Лаўранюк (в. Дыманава), Аляксандра Апацкая (а/г Лошніца), Сяргей Карпушэнкаў (Заслаўе), Марына Аляксеенка (а/г Башні), Ягор Каржанеўскі (Гомель), Алена Баравікова (в. Грабаўка).
Віншуем!
Зіма працягваецца, і мы заклікаем не спыняцца з падкормкай птушак. Калі ў цябе не было часу павесіць кармушку, але з’явілася натхненне — раім звярнуцца да адмысловай падказкі. Нагадваем, што ўсю зіму можна сачыць анлайн за кармушкай на ўскрайку Белавежскай пушчы — можна пабачыць не толькі птушак, але і звяроў. Стрым працуе ноччу таксама.
Ва ўстойлівыя маразы пры мінус 15 градусах і ніжэй варта падкарміць вадаплаўных птушак зернем, аўсянкай або парэзанай гароднінай, высыпаўшы корм уздоўж берага ля вады.
«Крылатыя дазораўцы» з Жодзіна. Фота Іны Грыневіч
Дзякуй усім удзельнікам акцыі за падтрымку птушак і ўдзел у падліках! Дзяліся сваімі гісторыямі і фота з хэштэгам #птушкілякармушкі ў сацыяльных сетках на працягу зімы. Цікавых назіранняў!
Тэкст: Алеся Башарымава
Падзяліся артыкулам у сацсетках: