Калі вы знайшлі памылку, калі ласка, вылучыце фрагмент тэксту і націсніце Ctrl+Enter.
Зімовая экспедыцыя па балоце Мох
Апошнія навіны,Навіна арганізацыі ад 29 студзеня 2021 года
4 снежня ў Мёрах (Міёрах) адбыўся семінар для захавальнікаў дзікай прыроды, а 5-6 снежня – палявыя трэнінгі для мясцовых жыхароў, на якіх яны пазнаёміліся з мясцовай прыродай і асновамі выжывання ў дзікай прыродзе.
Экспедыцыя на балота Мох. Фота Віталіны Лабанавай
Мерапрыемствы прайшлі ў межах праекта “Разам для грамады і прыроды: Міёрскі раён”, які рэалізуецца Міёрскім раённым выканаўчым камітэтам, грамадскай арганізацыяй “Ахова птушак Бацькаўшчыны” і Латвійскім сельскім форумам пры фінансавай падтрымцы Еўрапейскага саюза, прадстаўленага Еўрапейскай камісіяй.
У семінары, які праводзіла арнітолаг Анастасія Кузьмянкова, паўдзельнічала 10 чалавек. Яны навучыліся методыкам назірання і вывучэння драпежных птушак, даведаліся пра асаблівасці іх размнажэння і экалогіі, прычыны іх знікнення і пазнаёміліся з працэдурай перадачы іх пад ахову.
Падчас палявых трэнінгаў Анастасія Кузьмянкова і арнітолаг Дзяніс Кіцель правялі для 10 мясцовых жыхароў экспедыцыі ў рэспубліканскі заказнік «Балота Мох», каб замацаваць правілы паводзін і арыентавання ў лесе і на балоце, а таксама пазнаёміцца з мясцовай прыродай на практыцы.
Балота Мох. Фота Віталіны Лабанавай
На балоце Мох. Фота Віталіны Лабанавай
— Мы абыходзілі балота Мох і шукалі гнёзды драпежных птушак, — расказаў Дзяніс Кіцель. — АПБ калісьці ініцыявала тут Тэрыторыю, важную для птушак (ТВП) “Цікіны астравы”. ТВП тут выдзелена для чорнага бусла і скапы, і мы шукалі гнёзды апошняй, але не знайшлі іх – магчыма, мінулы год для скапы быў непаспяховы. На гэтым балоце няма такіх астравоў, дзе скапа любіла б сяліцца, таму яна часам робіць там гнёзды на нізкарослых, не зусім прыдатных для яе дрэвах, і гэтыя гнёзды праз год-два развальваюцца. Таму падчас экспедыцыі мы адабралі некалькі дрэваў, дзе магчыма пабудаваць штучныя платформы для скапы – збіраемся зрабіць гэта ў канцы студзеня.
Уладзімір Жабёнак. Фота Дзяніса Кіцеля
— Падчас экспедыцыі я першы раз пачуў зімародка, бачылі “чырвонакніжнага” жоўтагаловага дзятла і нават глушца, — падзяліўся ўражаннямі ўдзельнік палявой экскурсіі Уладзімір Жабёнак. — Мы прыйшлі на такавішча цецерукоў, і там глушэц сядзеў.
Глушэц на балоце Мох. Фота Дзяніса Кіцеля
Жоўтагаловы дзяцел. Фота Дзяніса Кіцеля
Заадно, пакуль хадзіў у экспедыцыю, прапрацаваў маршрут для турыстаў па балоце Мох. У мяне ёсць аграэкасядзіба – “Сядзіба аратага”, буду вадзіць на экскурсіі сваіх гасцей.
23 студзеня Уладзімір і яшчэ 14 чалавек атрымалі атэстацыю экскурсаводаў – пра гэта неўзабаве выйдзе матэрыял на нашым сайце.
Тэкст: Алеся Башарымава
Падзяліся артыкулам у сацсетках: