Калі вы знайшлі памылку, калі ласка, вылучыце фрагмент тэксту і націсніце Ctrl+Enter.
На балоце Мох пабудавалі штучныя гнёзды для скапы
Апошнія навіны,Навіна арганізацыі ад 1 лютага 2021 года
Балоты – важныя месцы пражывання многіх відаў жывёл і раслін. Напярэдадні Дня водна-балотных угоддзяў, які адзначаецца 2 лютага, Рабочая група АПБ па сокалападобных і совападобных зладзіла “скапіную” экспедыцыю на балота Мох.
Межы рэспубліканскага гідралагічнага заказніка «Балота Мох» амаль цалкам супадаюць з межамі Тэрыторыі, важнай для птушак (ТВП) «Цікіны астравы». ТВП было выдзелена для двух відаў птушак, якія ў значнай колькасці засялялі балота: чорнага бусла (10 пар) і скапы (5 пар). Ацэнка колькасці птушак давалася 15-20 гадоў таму, цяпер жа катастрафічна змянілася. Падчас абследавання балота і лясоў не было знойдзена ніводнага гнязда чорнага бусла. Таксама высветлілася, што вядомыя два гнязды скапы, перададзеныя пад ахову ў лясгас шмат гадоў таму, больш не існуюць на старых месцах, новых паблізу таксама не было адзначана. Усё гэта гаворыць пра тое, што статус ТВП пад пагрозай.
Сябры Рабочай групы АПБ па сокалападобных і совападобных прапанавалі варыянт вырабу штучных платформ для скапы ў месцах, дзе яна раней гнездавала, і ў тыповых месцах. Такі вопыт ужо быў у Беларусі: скопы з ТВП «Чырвоны бор», «Асвея» і «Казьяны» шмат гадоў выхоўваюць птушанят на платформах, пабудаваных людзьмі. Імавернасць абвалу такіх гнёздаў значна ніжэйшая, чым у натуральных.
Напрыканцы студзеня ідэя стварэння штучных месцаў гнездавання для скапы ажыццявілася. У розных кутках балота было пабудавана чатыры платформы на адлегласці, якая дазваляе адразу чатыром парам скоп загнездавацца.
Падчас экспедыцыі была зроблена вельмі прыемная знаходка – натуральнае гняздо скапы. Яна сведчыць, што не ўсе скопы зніклі з балота, і шанец на іх вяртанне ёсць!
На вясну і лета плануецца праверка платформ і знойдзенага гнязда, а таксама назіранні з дапамогай трубы і бінокляў, каб спраўдзіць існаванне пар, гнёзды якіх, магчыма, не атрымалася яшчэ адшукаць.
Тэкст, фота: Дзяніс Кіцель, старшыня РГСС
Падтрымай працу па захаванні драпежных птушак! Зрабі ахвяраванне на спецыяльны рахунак АПБ BY70BPSB31351049261149330000 праз пошту ці банк. Дадатковыя рэквізіты: «УНП: 101546170. Региональная Дирекция № 700 по г. Минску и Минской области ОАО «БПС-Сбербанк», БИК BPSBBY2X, г. Минск, пр-т Машерова, 80».
Увага! У графу «Прызначэнне плацяжу» пішы строга «ахвяраванне» ці, калі па-руску, — «пожертвование», інакш РГСС не зможа скарыстацца гэтымі сродкамі.
Падзяліся артыкулам у сацсетках: