Калі вы знайшлі памылку, калі ласка, вылучыце фрагмент тэксту і націсніце Ctrl+Enter.
Фотаздымак на сто гектар, касмічны погляд на балота і дасье на тарфянікі
Апошнія навіны,Навіна арганізацыі ад 2 лютага 2021 года
У 2020 годзе АПБ пачала праект па распрацоўцы плана аднаўлення маштабнай сістэмы экалагічна ўзаемазвязаных тарфянікаў.
Напрыклад, парушаныя тарфянікі вакол балота Ельня усё яшчэ ўплываюць на яго гідрарэжым, хаця на самой Ельні гідралагічны рэжым ужо аднаўляўся ў рамках некаторых праектаў.
Найноўшыя тэхналогіі дазволяць стварыць адзіную лічбавую карту і базу дадзеных па ўсіх парушаных тарфяніках Беларусі, што спросціць працу па іх аднаўленні.
Праект “Практычны погляд на аднаўленне тарфянікаў на нацыянальным узроўні: Беларусь” працягнецца да канца 2021 года. Што ўдалося зрабіць за мінулы год?
Аэрафотаздымка і наземныя абследаванні праведзеныя для некалькіх дзясяткаў натуральных і парушаных тарфянікаў ва ўсіх абласцях Беларусі.
Беспілотнікі аказаліся выдатным інструментам для маніторынгу тарфянікаў. Яны лётаюць у аўтаматычным рэжыме па зададзеных параметрах і дазваляюць атрымаць вельмі дакладныя ортафотакарты.
Ортафотакарта. Зялёны ўчастак зняты з дрона, накладзены на спадарожнікавае фота (шэра-карычневая вобласць вакол)
Гэта фактычна вялізны здымак тэрыторыі зверху памерам кіламетр на кіламетр, “склеены” з соцень меншых здымкаў, прывязаны па каардынатах да карты тэрыторыі. За кошт таго што вельмі вялікі працэнт нахлёсту то межы склейкі не відаць. Разрозненне такіх ортафотакарт нашмат лепшае, чым у спадарожнікавых здымкаў. Кожны сантыметр-паўтара адпавядаюць аднаму пікселю на здымку – лісточкі не пабачыш, а галінкі відаць.
Фрагмент ортафотакарты, вышыня здымкі 50 м, разрозненне 1,4 см/піксель
Для параўнання – разрозненне спадарожнікавых здымкаў складае каля 30 см/піксель.
Параўнанне фрагмента ортафотакарты (уверсе) і таго ж участка на спадарожнікавым здымку Google Maps (унізе), выпрацаваны тарфянік Вялікі мох (паўночная частка),
вышыня здымкі 100 м, разрозненне 2,7 см/піксель
Дроны з GPS-датчыкамі дазваляюць даволі дакладна вызначаць вышыню паверхні, дзякуючы чаму можна складаць карты вышынь, або лічбавую мадэль паверхні. Камера на дроне не адрознівае паверхню дрэваў ці хмызнякоў ад паверхні вады ці глебы, таму гаворка менавіта пра мадэль паверхні, а не рэльефу. Але для адкрытых балот паверхня прыкладна адпавядае рэльефу.
Карта вышынь
Карта вышынь дазваляе, напрыклад, пабачыць сцёк, зразумець, у якім напрамку ён ідзе, дзе варта паставіць перамычкі ці плаціны. Гэта значна танней, чым праводзіць наземныя геадэзічныя здымкі, каб запланаваць мерапрыемствы па аднаўленні гідралагічнага рэжыму.
Колеры на здымках спадарожнікаў пэўнай даўжыні хвалі, якая, у сваю чаргу, адпавядае пэўнай расліннасці. Прычым колер расліннасці змяняецца ў залежнасці ад сезону. Асака светла-зялёная ўвесну, а ўвосень бурая, карычняватая. Спадарожнікавыя здымкі, зробленыя цягам некалькіх гадоў і ў розныя сезоны, дазваляюць даведацца, які на балоце тып расліннасці.
Навошта гэта трэба? У спалучэнні з дадзенымі пра гідралагічны рэжым балота, дадзеныя пра расліннасць могуць казаць аб тым, колькі выкідаў парніковых газаў дае гэтая тэрыторыя цяпер, і спрагназаваць, наколькі выкіды скароцяцца пасля аднаўлення гідрарэжыму.
Для Беларусі гэта асабліва актуальна, бо наша краіна — адна з тых, што маюць найбольш высокія выкіды парніковых газаў з асушаных тарфянікаў.
Таксама дадзеныя пра тып расліннасці дапамагаюць выяўляць рэдкія і тыповыя біятопы, якія патрэбна аддаць пад ахову.
Фрагмент карты расліннасці Брэсцкай вобласці
У межах праекта складзеная адзіная лічбавая карта з базай дадзеных аб расліннасці, біятопах і стане экасістэм усіх тарфянікаў Беларусі. Яна дазваляе ствараць тэматычныя карты па розных параметрах – тыпе і дынаміцы расліннасці, узроўні вады, ступені парушанасці праз антрапагенныя фактары.
Фрагмент карты напрамкаў дынамікі расліннага покрыва тарфянікаў Мінскай вобласці
Дагэтуль лічбавыя карты складаліся толькі для асобных тэрыторый, і да кожнага выпадку аднаўлення трэба было падыходзіць індывідуальна, выязджаць на месца. Адзіная карта спросціць выбарку парушаных тарфянікаў па любых параметрах.
Усяго база ўключае 1625 аб’ектаў агульнай плошчай 363400 га, якія падлягаюць экалагічнай рэабілітацыі да 2040 года. З іх 5 тэрыторый агульнай плошчай каля 5000 га – прыярытэтныя для аднаўлення да 2025 года.
У 2021 збор дадзеных будзе працягвацца. Таксама будуць ацэненыя эфекты аднаўлення гідрарэжыму на розных тэрыторыях: эфекты для клімату, для біяразнастайнасці, для ліквідацыі прабелаў у цэласнасці экасістэм — у залежнасці ад таго, што будзе мэтай аднаўлення. Галоўным вынікам праекта стане план аднаўлення ўсіх парушаных тарфянікаў Беларусі.
Даведка. Праект “Практычны погляд на аднаўленне тарфянікаў на нацыянальным узроўні: Беларусь” ажыццяўляецца грамадскай арганізацыяй «Ахова птушак Бацькаўшчыны» і фінансуецца Праграмай ландшафтаў пад пагрозай у партнёрстве з Кембрыджскай прыродаахоўнай ініцыятывай і дабрачынным фондам “Аркадыя”, заснаваным Лісбет Роўзінг і Пітэрам Болдуінам, з дадатковай падтрымкай ад фонда Segré. Партнёры праекта – Інстытут эксперыментальнай батанікі імя В. Ф. Купрэвіча НАН Беларусі і Фонд Міхаэля Зукава, партнёр Грайфальдскага балотнага цэнтра (Германія).
Тэкст: Алеся Башарымава, Уладзімір Малашэвіч
Падзяліся артыкулам у сацсетках: