Калі вы знайшлі памылку, калі ласка, вылучыце фрагмент тэксту і націсніце Ctrl+Enter.
Ноч ваўкоў анлайн і ў лесе — далучайся!
Абвестка,Апошнія навіны,Навіна арганізацыі ад 18 лютага 2021 года
Другі ваўчыны фестываль ад АПБ адбудзецца 27 лютага ў новым дэцэнтралізаваным фармаце — абраць месца ўдзелу кожны можа самастойна. Лекцыі будуць анлайн, а на экскурсіі з гідамі да сябе запрашае Белавежская пушча і аграсядзібы краіны.
За адукацыйную частку фестывалю адказваюць спікеры, большасць з якіх займаецца вывучэннем ваўкоў дзеля захавання іх папуляцыі ў сваіх родных краінах і ў свеце. Кожная з чатырох лекцый — гэта гісторыя ваўчыных папуляцый у асобным рэгіёне.
Фатограф National Geographic Ронан Донаван прэзентуе аўтарскі фільм пра арктычных ваўкоў, якія ніколі не ведалі пераследу з боку чалавека. Даследчык з Ірландыі Адам Сміт раскажа пра знікненне ваўкоў у яго краіне і ці ёсць надзея на іх вяртанне. Прафесар Фрайбургскага ўніверсітэта ў Германіі Марка Хойрых падзеліцца досведам таго, як аднаўлялі папуляцыю ваўка ў нацпарку “Баварскі лес”. Гісторыі з жыцця беларускіх ваўкоў раскажа каардынатар праграм Франкфурцкага заалагічнага таварыства ў Беларусі, заснавальнік Воўчага блога Віктар Фянчук.
Ідэя другой, афлайнавай часткі Начы ваўкоў у тым, каб людзі сабраліся невялікімі групамі на ўлонні прыроды, у аграсядзібах ці іншых месцах паблізу лесу. Пасля прагляду лекцыйнай часткі іх чакаюць начныя экскурсіі па лесе з ліхтарыкамі, пошукі слядоў ваўка і іншыя заданні ваўчынага квэста. На асобных лакацыях будуць правадыры — гіды. Астатнія змогуць арганізаваць лясную прагулку самастойна.
Галоўны ваўчыны штаб будзе ў Белавежскай пушчы, але павітацца з аднадумцамі змогуць і госці іншых ваўчыных штабоў — аграсядзіб, якія вырашылі далучыцца да Начы ваўкоў. На мапе ужо з’явіліся асобныя лакацыі, але спіс будзе папаўняцца амаль да самой падзеі. У тым ліку за кошт тых аграсядзіб, якія прапанаюць сябе самі. Гаспадары аграсядзіб, глядзіце спіс патрабаванняў.
Праграма Начы ваўкоў 27 лютага:
Заказвай месца ў аграсядзібе ці гасцініцы каля лесу, каб адчуць усю атмасферу Начы ваўкоў!
Рэгіструйся на Ноч ваўкоў на wolfnight.vouk.by.
Асобная форма рэгістрацыі для аграсядзіб тут.
Арганізатар Начы ваўкоў — грамадская арганізацыя «Ахова птушак Бацькаўшчыны». Мерапрыемства адбываецца пры падтрымцы нацыянальнага парку “Белавежская пушча” і Франкфурцкага заалагічнага таварыства.
Тэкст: Аліна Ляпёшкіна
Падзяліся артыкулам у сацсетках: