Паляўнічая статыстыка будзе больш дакладнай

ад 18 лютага 2021 года

У 2020 годзе пераглядалася форма “Справаздачы аб вядзенні паляўнічай гаспадаркі”, якую паляўнічыя гаспадаркі штогод падаюць у Нацыянальны статыстычны камітэт Рэспублікі Беларусь.

АПБ выступіла з прапановамі, якія б дазволілі збіраць больш дакладную інфармацыю як па стане фауны, так і па ўдзеянні паляўнічых на яе. Большасць з прапаноў былі ўзгоднены Мінлясгасам і зацверджаны пастановай Статкамітэта № 88 ад 16.10.2020.

Хто, каго, калі

Статыстыка па здабычы птушак цяпер будзе больш падрабязнай. Раней яна падавалася за год, без удакладнення, колькі асобін адстрэлена за вясновы, а колькі за восеньскі сезон. Цяпер такое ўдакладненне будзе. Асобна будзе пазначана, колькі птушак здабылі мясцовыя, а колькі прыезджыя паляўнічыя і ўвесну, і ўвосень.

Па відах водных і каляводных птушак птушак таксама будзе болей канкрэтыкі. Раней статыстыка асобна збіралася толькі па крыжанцы, гогалі і вялікай белай чаплі. Цяпер яна будзе весціся яшчэ і па шэрай чаплі, і па ўсіх качках, на якіх дазволена паляванне: шэрая качка, качка-лапаноска, качка-чырка, качка-цыранка, свіцьва, чубаты нырок, нырок-сівак, — бо паляўнічы павінен вызначыць правільна від да таго як страляць. Вызначэнне здабытых птушак не павінна стаць праблемай: у скрайнім выпадку можна даслаць фота сябру, пашукаць у інтэрнеце ці выкарыстаць папяровы ці лічбавы вызначальнік АПБ. Нырка-сівака, колькасць якога катастрафічна зніжаецца, на прапанову АПБ да Правіл палявання летась таксама выключылі з відаў, дазволеных да здабычы вясной.

Красноголовая чернеть. Фото из архива АПБ

Нырок-сівак. Фота з архіву АПБ

Інфармацыя пра колькасць гусей і качак, здабытых увесну, дазволіць зразумець, у якой ступені паляванне ўздзейнічае на мясцовыя і пралётныя папуляцыі, і ўскосна пра стан гэтых папуляцый.

Норка на паперы

З бланка штогадовай статсправаздачнасці для паляўнічых гаспадарак выдаленая вымерлая ў Беларусі еўрапейская норка. Аб знікненні еўрапейскай норкі ў Беларусі гаварылася яшчэ ў трэцяй нацыянальнай справаздачы Рэспублікі Беларусь у рамах Канвенцыі па біяразнастайнасці ў 2006. Норкі ў нашай краіне ёсць, але амерыканскія – менавіта гэты інвазіўны від і выцесніў абарыгенную еўрапейскую норку.

Амерыканская норка. Фота Аксаны Суботка

Амерыканская норка. Фота Аксаны Суботка

Гэтыя два віды няцяжка зблытаць, і лясгасы штогод пасля 2006 года давалі справаздачу аб улічаных звярках, а некаторыя спасылаліся на афіцыйную статыстыку: маўляў, ну як знік, глядзі сайт нацкамітэта па статыстыцы…

Аляксандр Вінчэўскі, дырэктар АПБ
Мы былі незадаволены афіцыйнай паляўнічай статыстыкай яшчэ з 2000-х гадоў, неаднаразова абмяркоўвалі і нават пісалі ў камітэт, але атрымалася паўплываць на яе толькі сёлета. Спадзяемся, што гэта не дадасць больш працы паляўнічым гаспадаркам, а вучоныя і прыродаахоўнікі больш даведаюцца аб уздзеянні палявання на асобныя віды. У Заходняй Еўропе па здабычы кожнага віду паляўнічых жывёл такая статыстыка збіраецца дзясяткі гадоў. Наступны ўзровень – гэта падлік усіх качак па відах перад паляваннем, але для гэтага трэба павышаць узровень падрыхтоўкі паляўнічых і егераў.

 

Акрамя пазітыўных змен у паляўнічай статыстыкі, АПБ удалося ў 2020 годзе  дамагчыся і карэкціровак па памерах шкоды за незаконную здабычу некаторых жывёл. Так, значна павялічыліся велічыні ўрону за незаконную здабычу птушак атрад шулякападобных і атрада няпарнакапытных (польскі конік і конь Пржэвальскага) і мінімізавалася шкода за незаконную здабычу відаў-інтрадуцэнтаў, што выцясняюць мясцовыя віды жывёл, — янотападобнага сабакі, андатры, амерыканскай норкі.

Тэкст: Алеся Башарымава

Дапамажы нам ратаваць дзікую прыроду Беларусі!

 

 

 

ВКонтакте АПБ



Падзяліся артыкулам у сацсетках:


Сообщить об опечатке

Текст, который будет отправлен нашим редакторам: