Намалюй плакат пра вяртанне птушак!

ад 15 сакавіка 2021 года

АПБ праводзіць конкурс плакатаў “Вяртанне птушак” у межах міжнароднай кампаніі “Жывая вясна”. Да ўдзелу запрашаюцца дзеці да 16 гадоў.белый аист

У Беларусі 335 відаў птушак, з іх 202 віды пералётныя. Дзясяткі мільёнаў птушак ляцяць з Афрыкі ў Еўропу, і мільёны гінуць падчас гэтай доўгай і цяжкай дарогі.

Людзі не могуць паўплываць на надвор’е і дзікіх драпежнікаў, але частка праблем, з якімі сутыкаюцца птушкі, створана рукамі людзей. Самі людзі могуць і дапамагчы іх пазбавіцца.

— Птушак сотнямі тысяч здабываюць паляўнічыя і браканьеры, — кажа спецыялістка АПБ Анастасія Пярко. — Птушкі разбіваюцца аб празрыстыя ці люстэркавыя шыбы — можна абляпіць шкло невялікімі белымі кружкамі, каб птушкі бачылі іх здалёку. Тысячы разбіваюцца аб лініі электраперадач, калі на правадах няма сігнальных шароў ці іншых прыстасаванняў, якія птушкі могуць убачыць днём і ноччу. Вадаплаўныя і каляводныя птушкі загінуць, калі знойдуць асушаным балота ці пойму ракі, дзе іх продкі спыняліся па дарозе дамоў тысячы гадоў, каб адпачыць і падсілкавацца.

Якiя працы прымаюцца на конкурс?

Арганізатары конкурсу просяць намаляваць або стварыць з дапамогай графічнага рэдактара плакат аб праблемах пералётных птушак, з якімі яны сутыкаюцца падчас вяртання з зімоўкі. На плакаце трэба паказаць і тое, як можна вырашыць гэтыя праблемы.

На плакаце можа быць кароткі і ёмісты надпіс, які заклікае звярнуць увагу на праблему або паказвае спосаб яе вырашэння.

Фота ці сканы плакатаў дашлі ў АПБ на springalive@ptushki.org з пазнакай «Вяртанне дадому» да 19 красавіка 2021 года. Не забудзься пазначыць прозвішча і імя, узрост аўтара, а таксама настаўніка-кіраўніка, назву гуртка, школы.

Вынікі будуць падведзены 23 красавіка 2021 года і з’явяцца на сайце АПБ.

Па тры аўтары найлепшых намаляваных і створаных у графічным рэдактары плакатаў атрымаюць прызы!

Зрабіце ў школе выставу!

Стварайце плакаты школай ці класам, а да 8 траўня – Сусветнага дня пералётных птушак – зрабіце выставу.

Сфатаграфуй яе разам з аўтарамі і тымі, хто прыйшоў паглядзець на працы, вышлі, калі ласка, у АПБ і выкладзі фатаграфіі ў свае сацыяльныя сеткі з хэштэгамі #жываявясна2021  #аховаптушак.

Палажэнне конкурсу можна спампаваць тут.

Даведка: Кампанія «Жывая вясна» пачалася ў 2006 годзе як еўрапейскі праект глабальнай прыродаахоўнай асацыяцыі BirdLife International. З часам да кампаніі  далучыліся краіны Цэнтральнай Азіі і Афрыкі. Летась на сайт «Жывой вясны» паступіла 11.669 назіранняў птушак, што вярнуліся з зімоўкі. Дзякуючы актыўнаму ўдзелу беларусаў нашая краіна апынулася на 2-м месцы сярод 59 краін-удзельніц. Занось свае першыя ў гэтым годзе назіранні птушак-вестуноў вясны на анлайн-карту і далучайце да творчага конкурсу!

Кампанія «Жывая вясна» ажыццяўляецца дзякуючы падтрымцы HeidelbergCement.

Тэкст: Алеся Башарымава

Телеграм АПБ



Падзяліся артыкулам у сацсетках:


Сообщить об опечатке

Текст, который будет отправлен нашим редакторам: