Калі вы знайшлі памылку, калі ласка, вылучыце фрагмент тэксту і націсніце Ctrl+Enter.
Белыя буслы вярнуліся ў Беларусь!
Апошнія навіны,Навіна арганізацыі ад 18 сакавіка 2021 года
На Берасцейшчыне адзначаныя першыя белыя буслы. Занось першыя ў годзе назіранні буслоў на сайт кампаніі «Жывая вясна».
Бусел на гняздзе. Фота Паўла Мугі
— Першым рэгіёнам, куды буслы прынеслі вясну, стала Брэсцкая вобласць: акурат там 15 сакавіка зарэгістраваныя сем птушак, — расказала спецыялістка АПБ Анастасія Пярко. — Марыя Карповіч убачыла дзве пары белых буслоў перад Пружанамі і яшчэ адну бліжэй да Ружан. 16 сакавіка ўдзельнік тэлеграм-чату “Ціў-ціў!” Павел Муга назіраў аднаго бусла на гняздзе ў вёсцы Малькавічы Столінскага раёна. З кожным днём іх будзе з’яўляцца ўсё болей – сачыце за небам і заносьце назіранні першых буслоў на інтэрактыўную карту, якая паказвае, як па Беларусі рухаецца вясна.
За белымі бусламі прыляцяць і вясковыя ластаўкі, у другой палове красавіка павінны прыляцець зязюлі. Астатніх птушак – вестуноў вясны чакаем пазней: у канцы красавіка вернуцца ластаўкі-зямлянкі і свіргулі, у канцы траўня – шчуркі-пчалаедкі.
Назірай сам_а і з дзеткамі за небам, і калі ўбачыш адну з птушак — вестуноў вясны, дадай назіранне на сайце “Жывой вясны” праз форму «Дадаць назіранне«. Таксама ты можаш апісаць сваё назіранне ў групах кампаніі ў сацыяльных сетках Facebook і Вконтакте.
Зладзь экскурсію з дзецьмі да першай буслянкі, занятай птушкамі ў вашай мясцовасці, таксама ўнясі гэтае назіранне.
Раскажы пра сустрэчы з бусламі ў сваіх сацсетках з хэштэгам #жываявясна2021!
У межах кампаніі пройдуць экскурсіі і назіранні за птушкамі, прэзентацыі і экалагічныя гульні ў школах. Для дзяцей да 16 гадоў зараз праходзіць конкурс плакатаў. Ты можаш далучыцца да мерапрыемстваў у вашым рэгіёне або арганізаваць уласнае!
Кампанія «Жывая вясна» у Еўропе, Афрыцы і Цэнтральнай Азіі ажыццяўляецца дзякуючы падтрымцы HeidelbergCement.
Даведка: Кампанія «Жывая вясна» пачалася ў 2006 годзе як еўрапейскі праект BirdLife International. У мінулым годзе на сайт «Жывы вясны» паступіла 11669 назіранняў ад удзельнікаў з Еўропы, Цэнтральнай Азіі і Афрыкі. Дзякуючы актыўнаму ўдзелу беларусаў наша краіна апынулася на 2-м месцы сярод 59 краін-удзельніц.
Тэкст: Анастасія Пярко
Падзяліся артыкулам у сацсетках: