Калі вы знайшлі памылку, калі ласка, вылучыце фрагмент тэксту і націсніце Ctrl+Enter.
Першая ластаўка вярнулася ў Беларусь!
Апошнія навіны,Навіна арганізацыі ад 22 сакавіка 2021 года
15 сакавіка ў Брэсцкай вобласці заўважылі першых белых буслоў, што вярнуліся з зімоўкі, а 18 сакавіка там назіралі і вясковую ластаўку.
Вясковая ластаўка. Фота Мікалая Вараб’я
Просім заносіць першыя назіранні абодвух відаў на інтэрактыўную карту “Жывой вясны”. Па ёй можна сачыць, як вясна наступае ў розных абласцях Беларусі: чым больш назіранняў, тым больш насычаным колерам зафарбаваная вобласць.
— Першую ластаўку, што вярнулася з зімоўкі, 18 сакавіка адзначыў у Кобрыне Алег Кальчанка, — расказала спецыялістка АПБ Анастасія Пярко. — Гэта вельмі ранні прылёт, бо звычайна яны вяртаюцца з Афрыкі ў красавіку, калі колькасць лятучых насякомых дастатковая для харчавання. Цяпер жа насякомых няшмат.
У нашай краіне гняздуецца тры віды ластавак: гарадская (у яе на надхвосці ёсць белая пляма), вясковая (у яе хвост сз доўгімі касіцамі) і ластаўка-зямлянка (у яе кароткі хвост, а паміж горлам і брушкам ідзе папярочная карычневая паласа).
Індыкатары «Жывой вясны» — вясковая ластаўка і ластаўка-зямлянка. Вясковых можна выглядваць у небе і на правадах ужо цяпер, а зямлянкі прылятуць да нас у пачатку траўня разам са свіргулямі.
З іншых птушак «Жывой вясны» ў другой палове красавіка павінны прыляцець зязюлі, у канцы траўня – шчуркі-пчалаедкі.
З прылётам кожнага новага віду гэтых вестуноў вясны на карце будзе адзначацца ўсё больш назіранняў, і яна будзе набываць усё больш насычаны колер, паказваючы, як вясна ўступае ў свае правы.
Першыя сустрэчы ўсіх іншых відаў птушак можна запісваць у выглядзе каментара сюды: https://birdwatch.by/vyasna2021. Тут ужо ўтварылася салідная база дадзеных па прылёце птушак за 12 гадоў.
Назірай сам_а і разам з дзецьмі за небам, і калі ўбачыш або пачуеш кагосьці з птушак-вестуноў вясны, дадай назіранне на сайце «Жывы вясны» пры дапамозе формы «Дадаць назіранне«. Таксама ты можаш апісаць сваё назіранне ў групах кампаніі ў сацыяльных сетках Facebook і Вконтакте.
Зладзь экскурсію з дзеткамі да першага гнязда бусла, занятага птушкамі ў вёсцы ці горадзе ў гэтым годзе, а вынікі экскурсіі занясі на сайт.
Раскажы аб сустрэчах з вясковымі ластаўкамі ў сваіх сацыяльных сетках з хэштэгам #жываявясна2021!
У межах кампаніі пройдуць экскурсіі і назіранні за птушкамі, прэзентацыі і экалагічныя гульні ў школах, конкурсы. Ты можаш далучыцца да акцый у сваім рэгіёне або арганізаваць уласную!
Кампанія «Жывая вясна» у Еўропе, Афрыцы і Цэнтральнай Азіі ажыццяўляецца дзякуючы падтрымцы HeidelbergCement.
Даведка: Кампанія «Жывая вясна» пачалася ў 2006 годзе як еўрапейскі праект BirdLife International. У мінулым годзе на сайт «Жывы вясны» паступіла 11669 назіранняў ад удзельнікаў з Еўропы, Цэнтральнай Азіі і Афрыкі. Дзякуючы актыўнаму ўдзелу беларусаў наша краіна апынулася на 2-м месцы сярод 59 краін-удзельніц.
Тэкст: Анастасія Пярко
Падзяліся артыкулам у сацсетках: