Дапамажы барадатым кугакаўкам балота Дзікое!

ад 22 сакавіка 2021 года

Балота Дзікое ўваходзіць у склад нацыянальнага парку “Белавежская пушча”, а таксама з’яўляецца асобнай ТВП (Тэрыторыяй, важнай для птушак). Тут выводзяцца адразу некалькі глабальна пагражальных відаў птушак (вяртлявая чаротаўка, вялікі арлец, дубальт).

Калі сярод звяроў Белавежскай пушчы самы знакаміты — зубр, то сярод птушак, безумоўна, — гэта барадатая кугакаўка. Гэта два сімвалы пушчанскіх лясоў і балот.

Сава сама гнёздаў не будуе, а займае чужыя – канюхоў, шулякоў-галубятнікаў, арляцоў, чорных буслоў. Пабудова павінна быць у добрым стане, дастаткова вялікай і размешчана так, каб да яе быў вольны падлёт. Калі такіх гнёздаў няма, кугакаўка можна адкласці яйкі на струхнелы зламаны ствол дрэва. Гэта вельмі небяспечная апора, кладка і маленькія птушаняты могуць загінуць.

Мы хочам дапамагчы кугакаўцы і зрабіць для яе штучныя гнездавыя платформы. У заказніку “Выганашчанскае” большая частка папуляцыі гэтай савы гняздуецца менавіта ў гнёздах, пабудаваных чалавекам.

Дабрабытам кугакавак у рэгіёне балота Дзікое спачатку займаліся сябры Брэсцкага абласнога аддзялення АПБ у межах розных праектаў. З 2006 года тут пачалася праграма па ўсталёўцы штучных гнездавых платформ для гэтай савы. З 2012 года кугакаўкі штогод гняздуюцца на гэтых платформах. За гады існавання праграмы на штучных платформах гнездаваліся як мінімум 7 пар (афіцыйная ацэнка колькасці кугакаўкі на балоце – 7-20 пар).

Барадатая кугакаўка ў штучным гняздзе. Фота Сяргея Сідарука

Барадатая кугакаўка ў штучным гняздзе. Фота Сяргея Сідарука

На жаль, апошнія гады праграма падтрымкі савы спынілася. У 2020 годзе сябры Рабочай групы АПБ па сокалападобных і совападобных разам з захавальнікамі ТВП “Балота Дзікое” правялі маніторынг часткі гнездавых платформ. Высветлілася, што як мінімум чатыры платформы, дзе ў розныя гады выводзіліся кугакаўкі, патрабуюць поўнай замены.

Барадатая кугакаўка. Фота Аляксандра Пекача

Барадатая кугакаўка. Фота Аляксандра Пекача

Кошт прац па замене платформ складае 1213 беларускіх рублёў. Чым хутчэй мы збяром суму, тым хутчэй зможам дапамагчы барадатым кугакаўкам балота Дзікое і зберагчы іх. Зрабіць ахвяраванне можна на рахунак BY70BPSB31351049261149330000 праз пошту ці банк.

УНП: 101546170. БИК BPSBBY2X.

Звяртаем увагу, што гэта спецыяльны рахунак АПБ, які адрозніваецца ад агульнага рахунка на ахвяраванні.

Тэкст: Дзяніс Кіцель

Дапамажы нам захоўваць рэдкія віды!

 

 

 

ВКонтакте АПБ



Падзяліся артыкулам у сацсетках:


Сообщить об опечатке

Текст, который будет отправлен нашим редакторам: