Як мы вяртаем пугачоў у Белавежскую пушчу

ад 31 сакавіка 2021 года

Пугач – самая вялікая сава Беларусі. Ён уключаны ў нацыянальную Чырвоную кнігу і сустракаецца больш-менш рэгулярна толькі на Палессі.

Каб пракарміцца і выгадаваць птушанят, пугачы выбіраюць для гнёздаў месцы, вакол якіх добрыя “харчовыя ўмовы” — тэрыторыі з высокай біяразнастайнасцю.

Гэтыя совы пазбягаюць вялікіх масіваў лясоў: там не так лёгка паляваць, калі ў цябе амаль двухметровыя крылы. Але лес ім неабходны як месца, дзе вясной яны будуць ладкаваць гняздо. Пугачы – самыя раннія з нашых соў, цёплай вясной яны могуць пачынаць сезон гнездавання ўжо напрыканцы лютага, але звычайна першыя яйкі ў гнёздах з’яўляюцца ў сакавіку.

Пугачы не будуюць гнёзд, а проста выбіраюць месцы, недасягальныя для ворагаў. Нярэдка яны ўладкоўваюцца проста на зямлі на невялічкіх сухіх астравах каля камлёў дрэў у чорнаальхоўніках ці прыпойменых дубровах. Але і ў такіх умовах пугач не адчувае сябе ў небяспецы і, спужаны з кладкі, часцей за ўсё кідае гняздо.

Калі ў наваколлі месцаў яго палявання ёсць гняздо драпежнай птушкі (канюха, арляца) ці чорнага бусла, пугач лёгка перабіраецца на дрэва. Галоўнае, каб гняздо было дастаткова глыбокім, бо сава спачатку выкопвае ямку і толькі потым адкладвае туды яйкі.

На гнёздах пугачы пачуваюць сябе больш бяспечна, і таму нават ніколі не злятаюць, калі бачаць пад дрэвам нейкіх візітоўцаў. Напрыклад, сёлета ў Бярозаўскім раёне Юры Карпук назіраў пугача, што заняў гняздо чорнага бусла.

Пугач, які заняў гняздо чорнага бусла. Фота Юрыя Карпука

Пугач, які заняў гняздо чорнага бусла. Фота Юрыя Карпука

Нягледзячы на тое, што Белавежская пушча — прызнанае месца, важнае для захавання дзікай прыроды, для пугача яна не зусім падыходзіць. У пушчы пугач можа жыць галоўным чынам на перыферыйнай яе частцы, якая мяжуецца з сеткай меліарацыйных каналаў і сенакосных лугоў.

За гады існавання асабліва ахоўнай прыроднай тэрыторыі “Нацпарк “Белавежская пушча” колькасць знойдзеных гнёзд пугача можна пералічыць на пальцах адной рукі. Адно з апошніх, пацвержаных дакументальна, знайшлі ў 2007 годзе на балоце Дзікім. Тады пугач заняў гняздо арляца (магчыма, нават вялікага).

Гняздо арляца, занятае пугачом. Фота Андрэя Абрамчука

Ініцыятыва прываблівання пугача ў штучныя гнёзды на тэрыторыі Белавежскай пушчы належыць Вадзіму Пракапчуку, які ініцыяваў справу і ў 2008 годзе меў першы вынік – пугач засяліў адну з платформ.

Вадзім Пракапчук з птушанём пугача, вывелася на штучнай платформе. Фота Дзяніса Кіцеля

Вадзім Пракапчук з птушанём пугача, вывелася на штучнай платформе. Фота Дзяніса Кіцеля

З тых часоў паспяховых спраў па пугачы зрабіць у пушчы не атрымлівалася. Тым не менш, ёсць сведчанні, што пугач недзе ў пушчы застаўся, а таму трэба было абавязкова паспрабаваць зрабіць добрую справу. Каб зразумець, у якіх месцах найлепш усталяваць гнездавыя платформы, мы апыталі супрацоўнікаў нацпарку, мясцовых жыхароў у ваколіцах пушчы, гаспадароў аграсядзіб. Але ніхто не змог сказаць нічога канкрэтнага. “Два гады назад тут гукаў пугач”, “Знайшлі гняздо на зямлі з птушанятамі савы”, “Бачыў паляўнічы” – прыкладна такія былі адказы, пераправерыць якія цяпер проста немагчыма. Пасядзеўшы над мапамі, мы абралі шэсць месцаў, якія, на наш погляд, адпавядалі патрабаванням пугача і дзе былі нейкія звесткі пра знаходжанне птушак у мінулым. Днямі ў гэтых месцах каманда Рабочай групы АПБ па сокалападобных і совападобных у складзе Дзяніса Кіцеля і Аляксандра Пекача пабудавала шэсць штучных платформ для пугачоў. Дзве платформы размясцілі каля пляцовак, дзе ў межах сумесных праектаў АПБ і нацпарку было праведзена паўторнае забалочванне тарфянікаў.

Штучная платформа-гняздо для пугача. Фота Аляксандра Пекача

Праверка платформ запланаваная на сезон 2022 года. Спадзяемся, пугачы вернуцца ў пушчу!

Дапамажы совам і ты!

Ты можаш падтрымаць працу Рабочай групы па сокалападобных і совападобных, пералічыўшы ахвяраванне на рахунак BY70BPSB31351049261149330000. УНП: 101546170. БИК BPSBBY2X.

Увага! Пазначай правільна прызначэнне плацяжу: “ахвяраванне”, па-руску – “пожертвование”. Інакш мы не зможам скарыстацца гэтымі сродкамі.

Ахвяраванне можна пераказаць толькі праз пошту і (або) банк. Да АРІП гэты рахунак не падключаны.

Звяртаем увагу, што гэта спецыяльны рахунак АПБ, які адрозніваецца ад агульнага рахунка на ахвяраванні.

Тэкст: Дзяніс Кіцель

Телеграм АПБ



Падзяліся артыкулам у сацсетках:


Сообщить об опечатке

Текст, который будет отправлен нашим редакторам: