Дзікая прырода ў зоне: навукоўцы напішуць стратэгію развіцця для ўнікальнага запаведніка

ад 26 красавіка 2021 года

У Палескага дзяржаўнага радыяцыйна-экалагічнага запаведніка ўпершыню з’явіцца план кіравання. Яго ў рамках праекта АПБ «Палессе — дзікая прырода без межаў» распрацуе навуковы аддзел ПДРЭЗ і навукоўцы з НПЦ НАН Беларусі па біярэсурсах.

Ласі ў Зоне. Фота Валера Дамброўскага

Ласі ў Зоне. Фота Валера Дамброўскага

ПДРЭЗ у Беларусі і Чарнобыльскі радыяцыйна-экалагічны біясферны запаведнік ва Украіне адзіныя ў свеце радыяцыйна-экалагічныя запаведнікі. ПДРЭЗ не адносіцца да асабліва ахоўных прыродных тэрыторый (ААПТ) і ўваходзіць у структуру Міністэрства па надзвычайных сітуацыях Рэспублікі Беларусь. Але за 35 гадоў дзікая прырода адваявала прастору ў людзей: эвакуацыя і працяглая забарона на гаспадарчую дзейнасць зрабілі сваю справу. Тэрыторыю асвоілі барсукі і рысі, з гадамі амаль у дзесяць разоў вырасла папуляцыя завезеных з Белавежскай пушчы зуброў, ад суседзяў прыйшлі новыя віды. Але, як сцвярджае намеснік дырэктара ПДРЭЗ па навуковай рабоце Максім Кудзін, ёсць складанасці з тым, як звязаць навуковую і прыродаахоўную дзейнасць з выклікамі радыяцыйнага становішча:

Мы разлічваем, што план кіравання дазволіць нам разглядаць запаведнік як ААПТ і напоўніць працу даследчага аддзела прыродаахоўнымі сэнсамі. У тым ліку рухацца ў адпаведнасці з дзяржаўнымі праграмамі па развіцці Смарагдавай сеткі і Рамсарскіх угоддзяў, стварыць цэнтры рэнатуралізацыі і рэінтрадукцыі для ахоўных відаў жывёльнага і расліннага свету, напрыклад коней Пржавальскага.

Коні Пржавальскага. Фота Валера Дамброўскага

Коні Пржавальскага. Фота Валера Дамброўскага

Навукоўцы з НПЦ НАН Беларусі па біярэсурсах сумесна з навуковым аддзелам запаведніка рыхтуюць дакумент, у якім будуць прапісаныя меры і метады ліквідацыі наступстваў Чарнобыльскай аварыі, якія не наносяць шкоды дзікай прыродзе, а таксама абавязковыя прыродаахоўныя меры для захавання біяразнастайнасці. Таццяна Трафімовіч, спецыяліст АПБ па прыродаахоўных пытаннях, лічыць, што план кіравання дапаможа замацаваць здаровы баланс інтарэсаў на гэтай тэрыторыі:

Згодна з законам, запаведнікам можна зваць тэрыторыю, якая не зазнавала моцнага ўздзеяння чалавека на працягу як мінімум 75 апошніх гадоў. Але на прыкладзе ПДРЭЗ мы бачым, што за 20-30 гадоў вялікая тэрыторыя без чалавека можа стаць адным з найлепшых у свеце запаведнікаў. Даць прыродзе і далей аднаўляцца пад наглядам навукоўцаў вельмі важна. Іх экспертыза і прафілактыка пагроз падмурак, на якім запаведнік зможа развівацца на карысць дзікай прыроды і людзей.

Воўк у Зоне. Фота Валера Дамброўскага

Воўк у Зоне. Фота Валера Дамброўскага

Як паказалі шматгадовыя даследаванні, у зоне адчужэння нармальна развіваюцца папуляцыі жывёл. Там у адноснай бяспецы адчуваюць сябе водна-балотныя птушкі, для якіх мелкаводдзе, што ўтварылася пасля перакрыцця меліярацыйных каналаў пасля аварыі, сапраўдная раскоша. Разнастайнасць рыб прыцягвае навукоўцаў-іхтыёлагаў. Мядзведзь, арлан-белахвост, пугач і вялікі арлец, якія вярнуліся ў зону пасля аварыі, ствараюць запаведніку славу на ўсю Еўропу. Па словах арнітолага Валерыя Дамброўскага, гэта адзінае месца ў Еўропе, дзе колькасць вялікага арляца расце.

Унікальныя ўмовы і разнастайнасць відаў прыцягваюць у запаведнік навукоўцаў з усяго свету. ПДРЭЗ рэалізуе сумесныя праекты з Нарвегіяй, ЗША, Аўстраліяй, не кажучы ўжо пра краіны-суседкі. У 2019 годзе запаведнік наведаў брытанскі эколаг, прафесар сэр Джон Лоўтан:

Мне пашанцавала пабываць у зоне адчужэння двойчы. Бачыць ваўкоў, ласёў, чорных буслоў, белых сініц і быць амаль аглушаным крыкамі драчоў і кумканнем жаб, знаходзячыся пры гэтым у Еўропе, ажыццявіліся адны з самых маіх вялікіх мараў як натураліста.

Джон Лоўтан. Фота Дар'і Буракінай

Джон Лоўтан. Фота Дар’і Буракінай

Першы план кіравання для Палескага дзяржаўнага радыяцыйна-экалагічнага запаведніка распрацоўваецца ў рамках праекта «Палессе дзікая прырода без межаў», які з’яўляецца кампанентам Праграмы захавання ландшафтаў пад пагрозай (ELP), выконваецца АПБ пры падтрымцы Франкфурцкага заалагічнага таварыства і фінансуецца «Аркадзіяй» дабрачынным фондам Лізбет Раўзінг і Пітэра Болдуіна.

Тэкст: Аліна Ляпёшкіна

Ратуй дзікую прыроду Беларусі разам з намі – зрабі сваё ахвяраванне!

 

 

Телеграм АПБ



Падзяліся артыкулам у сацсетках:


Сообщить об опечатке

Текст, который будет отправлен нашим редакторам: