Прыгоды італьянскага браканьера ў Тураве

ад 13 мая 2021 года

Тураўшчына знакамітая сваімі балоннямі, на якіх вясной збіраецца мноства птушак: адны адпачываюць падчас міграцыі, іншыя выводзяць птушанят. Гэта прываблівае і паляўнічых, у тым ліку замежных.

вясновае паляванне

9 траўня ў Беларусі закончыўся двухмесячны сезон вясновага палявання на водна-балотных птушак. У іншых краінах Еўропы вясновае паляванне амаль цалкам забаронена ці істотна абмежавана. Таму не дзіўна, што да нас прыязджаюць з-за мяжы аматары расчахліць стрэльбы, тым больш што ўмовы ўезду ў краіну для замежных турыстаў-паляўнічых ва ўмовах пандэміі спрошчаныя. Так, ім дазваляецца перасякаць мяжу праз сухаземныя і рачныя пункты пропуску (у Беларусь прыязджае на туры шмат паляўнічых з Расіі), а таксама ім дазволены ўезд у краіну без самаізаляцыі і ПЦР-тэсту.

вясновае паляванне

У красавіку ў Беларусь завітаў арганізатар паляўнічых тураў Франк Рамана (Frank Romano) з Італіі. У сваім фэйсбуку ён з захапленнем дзеліцца ўражаннямі ад палявання на Прыпяці ў Тураве і хваліцца, што падпісаў з беларускімі партнёрамі кантракт на пяць гадоў.

вясновае паляванне

Аб’ёмы адстрэленых качак на фота Франка Рамана ўражваюць.

вясновае паляванне

Беларуская дзяржава не ставіць лімітаў па колькасці здабычы птушак з паляўнічага спісу, бо за кожную забітую птушку іншаземныя турысты плацяць паляўнічай гаспадарцы 15 еўра! Таму і спіс гэты вясной даволі вялікі і ўключае самцоў васьмі відаў качак і чатыры віды гусей. Практычна можа страляць усіх качак запар, летась з вясновага спісу быў выключаны толькі чырвонагаловы нырок, які атрымаў высокі глабальны пагражальны статус. Таму паляўнічыя, якім важна настраляць як мага больш, каб было чым пахваліцца ў сацсетках і на форумах, звычайна не асабліва пільнуюцца, хто там ляціць – дазволены для палявання від ці не. Ды і віды птушак многія не здольныя вызначаць правільна. Нядзіва, што італьянец сам выклаў на старонцы доказ свайго браканьерства. На адным з фота – самец “чырванакніжнай” качкі-шылахвосткі.

Выглядае на тое, што беларускія арганізатары паляўнічых тураў для замежнікаў нават не адсочваюць, што на іх угоддзях страляюць замежнікі. Ці заплюшчваюць на гэта вочы і падпісваюць з імі доўгатэрміновыя кантракты.

Аляксандр Вінчэўскі, дырэктар АПБ:

Франк Рамана з сябрам паехалі, але яны вернуцца ў наступным годзе. А мы будзем звяртацца ў Дзяржінспекцыю, каб птушкі, здабытыя ў такіх турах, правяраліся больш пільна. Браканьерам няма чаго тут рабіць.

АПБ звяртаецца да інспекцыі па ахове расліннага і жывёльнага свету ўзмацніць катроль за паляўнічымі гаспадаркамі падчас палявання, а беларускіх арганізатараў паляўнічых тураў просіць падрабязна інструктараваць сваіх кліентаў і даносіць да іх падрабязнасці нашага заканадаўства, а таксама сачыць за тым, каб падчас тураў не адбывалася браканьерства.

Тэкст: Алеся Башарымава

Фота з адкрытых допісаў у фэйсбуку Франка Рамана

Дапамажы нам у захаванні рэдкіх відаў!

 

 

 

ВКонтакте АПБ



Падзяліся артыкулам у сацсетках:


Сообщить об опечатке

Текст, который будет отправлен нашим редакторам: