Калі вы знайшлі памылку, калі ласка, вылучыце фрагмент тэксту і націсніце Ctrl+Enter.
Як расшыфраваць сляды?
Апошнія навіны,Навіна арганізацыі ад 1 чэрвеня 2021 года
У Мёрах (Міёрах) прайшла “Школа слядоў”, на якой мясцовыя жыхары вучыліся “расшыфроўваць” сляды дзікіх жывёл, што сустракаюцца на тэрыторыі раёна.
Заняткі адбыліся 23-24 студзеня ў межах праекта “Разам для грамады і прыроды: узмацненне працэсу развіцця ў Міёрскім раёне праз супрацоўніцтва мясцовай улады і грамадзянскай супольнасці”, які рэалізуецца Міёрскім раённым выканаўчым камітэтам, грамадскай арганізацыяй “Ахова птушак Бацькаўшчыны” і Латвійскім сельскім форумам пры фінансавай падтрымцы Еўрапейскага саюза.
Школа слядоў. Фота Івана Барка
Якія гісторыі тояць у сабе сляды і пра што могуць расказаць? Сваімі ведамі дзяліўся тэрыёлаг Аляксандр Каштальян. Удзельнікі трэнінгу, якія ўжо маюць досвед правядзення балотных экскурсій, цяпер змогуць расказаць і паказаць турыстам яшчэ больш цікавага.
Іван Барок, дырэктар заказніка “Ельня”:
Я ўдзельнічаў двойчы ў “Школе слядоў”, і ўражанні самыя найлепшыя. Аляксандр Каштальян настолькі ў сваёй тэме і настолькі добра ўмее перадаваць свае веды, што я б паставіў 10 з плюсам. Я маю вопыт і паляўнічага, і кіраўніка паляўнічай гаспадаркі, усё жыццё ў гэтай тэме, добра ведаю сляды дзікіх жывёл. Але ўсё адно вельмі шмат новага для сябе даведаўся на занятках. Здзівіла, што можна адрозніваць па памёце пол жывёлы – у ласёў, напрыклад. Я заўсёды расказваю пра сляды падчас нашых звычайных экскурсій, а на зіму мы ўнеслі нават асобную экскурсійную прапанову па інтэрпрэтацыі слядоў. Лепш за ўсё для такой экскурсіі каб быў снег або вялікая гразь.
Алена Палякова, мясцовы гід:
Я ў захапленні ад “Школы слядоў” і глыбіні ведаў выкладчыка. Мы пабачылі, што нават калі слядоў няшмат, на іх можна прыкмеціць важныя моманты. Адзін з блокаў маёй экскурсіі прысвечаны інвазіўным відам. Там я расказваю ў тым ліку пра янотападобнага сабаку, таму мне вельмі запала ў памяць, як Аляксандр расказваў пра небяспеку, якую нясе гэты від, пра тое, як па-асабліваму гэты звер абыходзіць тэрыторыю, што на гэтай тэрыторыі практычна немагчыма пакінуць ні яйка, ні птушаня. Сваім турыстам я паказваю сляды асноўных відаў, расказваю пра іх спецыфіку, і людзям гэта вельмі цікава.
Хочаш выправіцца ў “дзікую” экскурсію і паспрабаваць разгадаць загадкі звярыных слядоў? Выбірай свайго гіда і руш у Мёрскі раён – там ёсць чаму здзівіцца!
Тэкст: Алеся Башарымава
Падзяліся артыкулам у сацсетках: