Трансплантацыя лішайнікаў і каляровыя эксперыменты

ад 2 чэрвеня 2021 года

23 траўня ў Мёрах (Міёрах) адбыўся трэнінг па азнаямленні з лішайнікамі, які правёў Аляксандр Яцына, кандыдат біялагічных навук, вядучы навуковы супрацоўнік Інстытута эксперыментальнай батанікі.

лишайники на старом дереве

Трэнінг адбыўся ў межах праекта “Разам для грамады і прыроды: узмацненне працэсу развіцця ў Міёрскім раёне праз супрацоўніцтва мясцовай улады і грамадзянскай супольнасці”, які рэалізуецца Міёрскім раённым выканаўчым камітэтам, грамадскай арганізацыяй “Ахова птушак Бацькаўшчыны” і Латвійскім сельскім форумам пры фінансавай падтрымцы Еўрапейскага саюза.

Лішайнікі – цікавая і малавывучаная ў нашай краіне група споравых арганізмаў. Удзельнікі трэнінгу біялагічнай адукацыі не мелі, але некаторыя ўжо нешта чулі пра лішайнікі, чыталі матэрыялы ў часопісах, некаторыя бачылі ў прыродзе, часам блытаючы лішайнікі з імхамі, хтосьці нават адмыслова фатаграфаваў розныя віды лішайнікаў Міёрскага раёна на тэлефон, настаўнікі збіралі лішайнікі разам са школьнікамі.

Лішайнікі — расліны-сфінксы

осмотр лишайника

Аляксандр пазнаёміў удзельнікаў з лішайнікамі падрабязней, у тым ліку паказаў, як рэактывы змяняюць колер слаявішча (талома) розных лішайнікаў. Акрамя таго, ён патлумачыў, як перасадзіць лішайнік на дрэва і як выбраць правільнае дрэва для трансплантацыі. Гэта адзін са спосабаў захавання папуляцыі некаторых відаў лішайнікаў у Беларусі.

Пасля тэарэтычнай часткі адбыліся экскурсіі ў сядзібны парк вёскі Камянполле і на верхавое балота ды лясы каля яго. Большасць дрэваў у парку вельмі старыя, ім больш за 100 гадоў, і там удалося знайсці больш за 20 індыкатарных відаў лішайнікаў, а таксама ахоўны від – Cetrelia olivetorum. Удзельнікі пад кіраўніцтвам выкладчыка-ліхенолага зрабілі трансплантацыю лішайніка на ліпу і клён. Цяпер будуць сачыць за яго развіццём, а настаўнікам параілі нават напісаць разам са школьнікамі навуковую працу па паркавых лішайніках.

изучение лишайников

Падчас экскурсіі па яловым лесе мы знайшлі цікавы лішайнік на валуне памерам у два футбольныя мячы, — расказаў Аляксандр Яцына. – Я ўважліва яго агледзеў і ў выніку паціснуў плячыма: магчыма, гэта новы від для Беларусі. Але валун з сабой забраць не мог. Мабыць, карма вырашыла, што трэба мне сюды вярнуцца зноў – не толькі па лішайнік, але і да цудоўных экспертаў і аматараў прыроды.

Удзельніца трэнінгу Алена Палякова падзялілася:

Мне вельмі падабаюцца ўсе мерапрыемствы АПБ за іх практычнасць, арганізацыйны падыход. Аляксандр – вельмі пазітыўны выкладчык, адразу ўцягнуў нас у дыялог, узровень прафесіяналізму вельмі высокі, пры гэтым тлумачыць даходліва. Я збіраюся набыць лупу, зраблю растворы і абавязкова ўключу ў праграму сваіх экскурсій новыя элементы з лішайнікамі, будзем рабіць эксперыменты – змяняць іх колер, апускаючы кавалачак лішайніку ў раствор. Практыка паказвае, што эксперыменты захапляюць не толькі дзяцей, але і дарослых. Учора ў мяне была вялікая група, і я паказвала прынцып, па якім вадамеркі рухаюцца па вадзе. Паклала на ваду іголку, абмазаную тлушчам, думала, што будзе цікава толькі дзецям, але ўся група стаяла і сачыла з азартам: патоне ці не?

Яшчэ адзін экскурсавод, які наведаў трэнінг, Максім Доўгун, гаворыць:

Мы былі на гэтым выдатным трэнінгу разам з жонкай. Тэорыя і практыка з трансплантацыяй лішайнікаў на дрэвы, паход па балоце Мох, захоплены сваёй справай выкладчык – усё было выдатна. Было разыграна некалькі кніг па разнавіднасцях моху і лішайніку, адна з якіх дасталася нам. Хочам вывучыць тэму больш дэтальна і ўключыць яе ў нашы экскурсіі ў большым аб’ёме, турыстам гэта будзе цікава. Лішайнікі – індыкатары экалагічна чыстых мясцін, ёсць сярод іх і індыкатары стараўзроставых лясоў. У цэнтры Мінска іх ужо так не пабачыш.

Хочаш трапіць на незабыўную экскурсію па прыродных мясцінах Мёршчыны, пазнаёміцца з дзівосным светам лішайнікаў і паўдзельнічаць у цікавых пазнавальных эсперыментах? Выбірай экскурсавода і выпраўляйся ў дарогу!

Тэкст: Алеся Башарымава, Аляксандр Яцына

Инстаграм АПБ



Падзяліся артыкулам у сацсетках:


Сообщить об опечатке

Текст, который будет отправлен нашим редакторам: