“Трэба так расказаць пра прыроду, каб людзі пачалі пра яе клапаціцца”

ад 3 чэрвеня 2021 года

21-22 траўня ў Дзісне прайшоў трэнінг для мясцовых жыхароў “Школа інтэрпрэтацыі дзікай прыроды”.

Трэнінг прайшоў у межах праекта “Разам для грамады і прыроды: узмацненне працэсу развіцця ў Міёрскім раёне праз супрацоўніцтва мясцовай улады і грамадзянскай супольнасці”, які рэалізуецца Міёрскім раённым выканаўчым камітэтам, грамадскай арганізацыяй “Ахова птушак Бацькаўшчыны” і Латвійскім сельскім форумам пры фінансавай падтрымцы Еўрапейскага саюза.

Школа інтэрпрэтацыі дзікай прыроды

Як падаць новую інфармацыю так, каб чалавек адчуў сваю сувязь з ёй, важнасць гэтай тэмы, цікавасць да яе? Гэта тлумачыла і паказвала на практыцы экспертка Валерыя Кліцунова, якая адразу ўцягнула ўдзельнікаў у тэму і стварыла атмасферу абсалютнага даверу, сяброўства, павагі да кожнага меркавання. Дзесяць хвілін усе проста ляжалі на траве, маўчалі, слухалі гукі, якія б ніколі не пачулі. Валерыя звярталася да ўдзельнікаў трэнінгу з пытаннямі і гэтым паказвала ім на практыцы, як наладжваць кантакт з групай. Каб уцягнуць турыстаў у сваю тэму, трэба разнастаіць спосабы ўпрыняцця інфармацыі: расказваць, паказваць, даць нешта паслухаць, паспрабаваць нешта зрабіць.

Уладзімір Шадурскі кажа, што трэнінг быў карысным:

У мяне ў распрацоўцы сайт, і я хацеў зрабіць для горада карту цікавых месцаў. Валерыя параіла ў апісанні даваць не сухую энцыклапедычную дату, а цікавыя факты, якія не дужа б перагружалі чалавека. Напрыклад, можна напісаць, што яшчэ цікавага было ў горадзе ў той час, калі пабудавалі сінагогу. Гэта натхніць людзей больш вывучыць наш горад. Валерыя расказала і пра тое, як важна дзяліцца з турыстамі асабістымі ўражаннямі і назіраннямі. У нас на востраве раней пасвілі ўлетку кароў і коз, а цяпер перасталі. Учора ўвечары мы сядзелі ў парку і бачылі, як па тым востраве бегала ліса. Па Дзісёнцы плаваюць лебедзі і выдра, і іх можна паглядзець са знакамітага старога моста. Быццам і горад, а столькі дзікага жыцця, і яно пераплеценае з гісторыяй – гэта вельмі цікава.

Ала Майсяёнак, педагог, стваральніца музея гісторыі горада Дзісна і этнаграфіі Дзісенскага краю, падзялілася ўражаннямі:

Мне вельмі спадабалася лектар, цікавы чалавек, прафесіянал, які мае дачыненне да стварэння нацыянальных музеяў. Добра, што яна паказала, што дзе робіцца ў Беларусі, бо я ў Дзісне стварыла музей і праводзіла экскурсіі з 1997 года, але мала ведала пра гэта. Ужо ў час сустрэчы да мяне пачалі прыходзіць цікавыя ідэі. Наша Дзісна ўсім вядома як гісторыка-культурны аб’ект, але можна добра паказаць і як экалагічны аб’ект: тут гняздуюцца “чырванакніжныя” птушкі, ёсць цікавыя прыродныя аб’екты, Ельню з нашага боку ніхто не ведае, яна тут вельмі дзікая. У сасонніку мы знайшлі і аберагаем “сон-траву”, і ў мяне вымалявалася ідэя экасцяжыны. Мне вельмі спадабалася ідэя самаактуалізацыі, — дадае Ала. — Чалавек так зроблены, што яму ў нечым трэба самараскрывацца, нешта аддаваць у гэты свет.

Спадарыня Ала разам з Вольгай Мароз, кіраўніцай групы актыўных дзеянняў па ўстойлівым развіцці Дзісенскага краю, прыйшла да высновы, што ўмець інтэрпрэтаваць важна не толькі любому гіду, але і любому прамыслоўцу, педагогу, бацькам — амаль усім. Важна не толькі напоўніць чалавека інфармацыяй, але і заахвоціць да дзеяння. Трэба так расказаць пра прыроду, каб людзі пачалі пра яе клапаціцца, каб яны зрабілі выснову, што ў гэтым жыцці нешта залежыць менавіта ад цябе: калі ты не зробіш, не зробіць больш ніхто.

Тэкст: Алеся Башарымава

Телеграм АПБ

 



Падзяліся артыкулам у сацсетках:


Сообщить об опечатке

Текст, который будет отправлен нашим редакторам: