У Еўропе зноў інвазія ружовых шпакоў

ад 3 чэрвеня 2021 года

У другой палове траўня пачалася чарговая інвазія ружовых шпакоў на захад і поўнач ад месцаў асноўнага распаўсюджання. Сотні птушак ужо адзначаны ў Францыі і Гішпаніі за апошнія дні. Адзінкавыя сустрэчы віду адбыліся ў Вялікабрытаніі і ў Польшчы.

У параўнанні з папярэднімі масавымі налётамі віду з 2018 і 2020 год, сёлета інвазія адбылася трошкі пазней. Хутчэй за ўсё гэта звязана з параўнальна халоднай і позняй вясной у многіх частках Еўропы.

ружовы шпак

Маштабы сёлетняй інвазіі яшчэ цяжка ацэньваць, бо яна толькі пачалася. Аднак вялікія чародкі птушак напрыканцы траўня ўжо былі адзначаныя на поўдні Францыі і на поўначы Гішпаніі. Самая вялікая група птушак налічвала як мінімум 400 ружовых шпакоў – яе зарэгістравалі на італьянска-французскай мяжы ў той жа час. Гэта значыць, што колькасць птушак ужо пераўзышла інвазію віду ў 2018 годзе і можа стаць больш маштабнай за мінулагоднюю, бо хутчэй за ўсё варта чакаць на большую колькасць шпакоў у найбліжэйшыя тыдні. Мінулагодняя інвазія віда была адной з самых маштабных і ў выніку прывяла да першага гнездавання віду ў Францыі.

Агульная колькасць ружовых шпакоў, адзначаных да пачатку чэрвеня ў Францыі, ужо ацэньваецца чатырохзначнай лічбай, у Гішпаніі лік яшчэ ідзе на сотні. Там большасць птушак бачылі ў Каталоніі, аднак некаторыя ўжо адзначаныя і ў Кантабрыі.

Пакуль адзіная рэгістрацыя віду ў Польшчы адбылася (гл. здымак) 23 траўня 2021 года на ўсход ад Ольштына на паўночным усходзе краіны ў Вармінска-Мазурскім ваяводстве. Гэта параўнальна далёка ад нашых межаў. На Брытанскія астравы першыя ружовыя шпакі даляцелі таксама ў апошнія дні траўня, максімальная групка налічвала пяць асобін, найдалей на поўнач шпакі адзначаны ажно на Знешніх Гібрыдах і на астравах Scilly (Шатландыя).

У Беларусі вядомыя толькі дзве сустрэчы віду: першая адбылася ў траўні 1894 ці 1895 году пад Пінскам, а другая 26 траўня 1979 года ў Мастоўскім раёне (Гричик, Бурко, 2013). Зразумела, што ў гады інвазій імавернасць убачыць від у нас значна павялічваецца.

Назірай за птушкамі! Калі ўбачыш ружовага шпака, сфатаграфуй і паведамі ў АПБ на info@ptushki.org. Гэта будзе сенсацыйнае назіранне. А калі ружовы шпак трапіцца каля аграэкасядзібе — гаспадарам можна чакаць турыстаў.

Паводле www.birdguides.com падрыхтаваў Дзьмітры Вінчэўскі для сайта «Птушкі штодня«

Выкарыстаныя дадзеныя з кнігі В. В. Гричик, Л. Д. Бурко “Животный мир Беларуси. Пoзвоночные” Мн. -2013 – 399 ст.

Здымак Ганны Паморскай

Телеграм АПБ



Падзяліся артыкулам у сацсетках:


Сообщить об опечатке

Текст, который будет отправлен нашим редакторам: