Калі вы знайшлі памылку, калі ласка, вылучыце фрагмент тэксту і націсніце Ctrl+Enter.
Як не згубіцца ў анлайн? Жыхароў Мёршчыны навучылі “фішкам” SMM
Апошнія навіны,Навіна арганізацыі ад 4 чэрвеня 2021 года
7-8 траўня ў Мёрах (Міёрах) прайшоў трэнінг па SMM – прасоўванні ў сацыяльных сетках.
Трэнінг быў арганізаваны ў межах праекта “Разам для грамады і прыроды: узмацненне працэсу развіцця ў Міёрскім раёне праз супрацоўніцтва мясцовай улады і грамадзянскай супольнасці”, які рэалізуецца Міёрскім раённым выканаўчым камітэтам, грамадскай арганізацыяй “Ахова птушак Бацькаўшчыны” і Латвійскім сельскім форумам пры фінансавай падтрымцы Еўрапейскага саюза.
Як весці сацсеткі, каб людзям было цікава за імі сачыць? Разабрацца дапамагала спецыялістка АПБ Вікторыя Кірылава.
Трэнінг аказаўся вельмі актуальным для мясцовых гідаў, фермераў, гаспадароў аграэкасядзіб, спецыялістаў заказніка «Ельня», — расказала Вікторыя. – Сацсеткі – вялізны рэсурс для прасоўвання. Я падрыхтавала шмат практычных заданняў, і ўдзельнікі трэнінгу з цікавасцю і стараннасцю іх выконвалі. Разабраліся з тым, хто ж іх мэтавая аўдыторыя, як з ёй працаваць, пра што і як правільна пісаць тэксты, як рабіць якасныя здымкі, якія сторыз публікаваць, як афармляць старонкі ў сацсетках.
Наталля Саракавік, спецыялістка АПБ па развіцці турызму:
Мне здаецца, што калі і можна казаць пра станоўчыя эфекты мінулага 2020 года і сітуацыі з COVID-19, то гэта пераход у анлайн усіх, хто раней яшчэ не хацеў, не мог, баяўся. Цяпер можна смела сцвярджаць, што калі тваёй паслугі няма ў сеціве, то яе зусім няма. Мы арганізавалі трэнінг па асновах SMM для мясцовых гідаў, уладальнікаў аграэкасядзібаў, рамеснікаў, каб дапамагчы ім прыцягнуць турыстаў, расказаць пра паслугі, якія яны прапануюць, зрабіць гэта прыгожа і карэктна з пункту гледжання прасоўвання.
Валерыя Барок вядзе інстаграм заказніка “Ельня”. Яна падзялілася ўражаннямі ад трэнінгу:
Трэнінг быў вельмі карысны. Узяла на ўзбраенне праграмы і платформы для рэдактуры тэксту, апрацоўкі фатаграфій. Выдатна, што была практыка, на якой мы разбіралі нашы акаўнты, дазналіся, што ў нас добра, а што можна палепшыць. Мы ніколі не запускалі таргетаваную рэкламу, а цяпер я даведалася, як гэта рабіць і як ацаніць яе эфектыўнасць. З новымі ведамі з’явілася ўяўленне, куды рухацца далей.
Зычым усім удзельнікам трэнінгу новых пастаянных падпісчыкаў!
Тэкст: Алеся Башарымава
Падзяліся артыкулам у сацсетках: