Як на “Цікіных астравах” лічылі драпежных птушак і чорных буслоў

ад 9 чэрвеня 2021 года

Заказнік рэспубліканскага значэння “Балота Мох” з’яўляецца адначасова Тэрыторыяй, важнай для птушак, “Цікіны Астравы”. Тут яшчэ 20 гадоў таму адзначалася 10 пар чорнага бусла і 5 пар скапы – дзякуючы гэтым відам і была выдзелена ТВП.

Якая сітуацыя з бусламі і скопамі цяпер, да нядаўняга часу было невядома.

Пасля даждыстых выходных выглянула сонца, а таму ўжо ў панядзелак і аўторак, 31 траўня і 1 чэрвеня, за ўсімі, хто падняўся ў неба над балотам, уважліва сачылі адначасова некалькі пар вачэй. “Узначальвалі” групы назіральнікаў Дзяніс Кіцель, старшыня Рабочай групы па сокалападобных і совападобных АПБ (РГСС), і Аляксандр Рак, спецыяліст па драпежных птушках з Бярэзінскага біясфернага запаведніка.

Згодна з методыкай улікаў, трэба заняць месца з добрым аглядам на 360 градусаў у час не пазней за 10 гадзін ранку. Менавіта тады зямля награваецца, раса пачынае выпарацца і ўтвараюцца “тэрмікі” – паветра, якое падымаецца вертыкальна. Вось гэтымі патокамі абавязкова скарыстаюцца пярнатыя драпежнікі і птушкі накшталт чорнага бусла. Махаць крыламі – затрачваць энергію, а лунаць на “тэрміку” – амаль з нулявымі стратамі.

Часу з 10 да 14 гадзін драпежніку хапае, каб высачыць з неба здабычу, схапіць яе і прынесці птушанятам. Калі прастаяць на адным месцы не менш за чатыры гадзіны, можна вызначыць большасць драпежнікаў мясцовасці.

За два дні назіранняў на балоце былі заўважаны канюхі-мышаловы, асаеды, балотныя луні, шулякі-карагольчыкі, а таксама адзін арлан-белахвост, тры скапы і тры чорныя буслы. Апошнія тры – прадстаўнікі Чырвонай кнігі Беларусі.

Мінулай зімой некалькі экспедыцыйных выхадаў РГСС па пошуку гнёзд не далі вынікаў. Таму трошкі пазней адбылася яшчэ адна экспедыцыя, падчас якой было пабудавана чатыры штучныя платформы для скапы, а таксама знойдзена адно натуральнае гняздо.

Гняздо скапы на Цікіных астаравах. Фота Дзяніса Кіцеля

Штучнае гняздо скапы на Цікіных астаравах. Фота Аляксандра Рака

Пасля ўлікаў вырашылі даведацца, ці спадабаліся платформы скопам. З чатырох платформ дзве аказаліся занятымі скапой! А вось натуральнае гняздо, нягледзячы на добры стан, птушкі не занялі.

 

Цісні на кнопку, каб падпісацца на ютуб АПБ!

Адзін з удзельнікаў паходаў на балота, Уладзімір Жабёнак, яшчэ вясной адзначыў, што скопы ізноў з’явіліся над ягонай сядзібе. Назіранні паказалі, што гэта самец з адной з пар, што заняла платформу, пабудаваную сябрамі РГСС. Такім чынам, на балоце сёлета жыве як мінімум дзве пары скоп.

Хочаш у вандроўку па балотах? Выбірай гіда!

Складаней з чорнымі бусламі. Мясцовыя кажуць, ёсць адно гняздо, сябры РГСС таксама падазраюць наяўнасць другой пары, але, на жаль, дацягнуць да ранейшага паказніка ў 10 пар пакуль немагчыма.

Дапамажы нам ладзіць экспедыцыі!

Ты можаш падтрымаць працу Рабочай групы па сокалападобных і совападобных, пералічыўшы ахвяраванне на рахунак BY70BPSB31351049261149330000. УНП: 101546170. БИК BPSBBY2X.

Увага! Пазначай правільна прызначэнне плацяжу: “ахвяраванне”, па-руску – “пожертвование”. Інакш мы не зможам скарыстацца гэтымі сродкамі.

Ахвяраванне можна пераказаць толькі праз пошту і (або) банк. Да АРІП гэты рахунак не падключаны.

Звяртаем увагу, што гэта спецыяльны рахунак АПБ, які адрозніваецца ад агульнага рахунка на ахвяраванні.

Тэкст, фота, відэа: Дзяніс Кіцель

Телеграм АПБ



Падзяліся артыкулам у сацсетках:


Сообщить об опечатке

Текст, который будет отправлен нашим редакторам: