Калі вы знайшлі памылку, калі ласка, вылучыце фрагмент тэксту і націсніце Ctrl+Enter.
Ляляк з вачыма-флікерамі, россып слонак і сола авяльгі
Апошнія навіны,Навіна арганізацыі ад 17 чэрвеня 2021 года
30 траўня сябры клуба АПБ “Рэдкая птушка” выправіліся на экскурсію ў пошуках леляка – птушкі 2021 года.
Ахвочых пазнаёміцца бліжэй з гэтай незвычайнай птушкай набралося 80 чалавек. Падзяліўшыся на дзве групы, удзельнікі на чале з вопытнымі арнітолагамі, супрацоўнікамі АПБ Сямёнам Левым і Анастасіяй Кузьмянковай выйшлі да лесу на ўсходняй ускраіне Мінска.
Гэты вялікі лясны масіў з рэдкімі сухімі сасоннікамі, ляснымі дарогамі, прагалінамі добра пасуе для пражывання леляка, — патлумачыў Сямён. – Мы загадзя праверылі, што гэты від тут сапраўды ёсць, і ўдзельнікі экскурсіі змаглі пачуць леляка, а некаторыя нават і пабачыць яго.
Птушкі пачалі такаваць прыблізна ў 22 гадзіны, калі спусціліся прыцемкі. Адзін ляляк выбраў для такавання сучок бярозы на ўскрайку старой высечкі, што пачала зарастаць. Але разглядаць сябе доўга ён не даў і хутка зляцеў. Другая птушка спявала і нават вылятала на дарогу зусім блізка ад жылых дамоў.
Калі сцямнела, на дарогу вылецела птушка, я падсвяціла ліхтарыкам – гэта аказаўся ляляк, — расказала Анастасія Кузьмянкова. — Потым ён зляцеў назад у падлесак, і мы добра чулі яго песню.
Надзея Бяляўская была на экскурсіі для “Рэдкіх птушак” упершыню і змагла пабачыць гэтага леляка. Яе ўразіў водбліск яго вачэй у святле ліхтарыка, а таксама расказ Анастасіі пра гэты від:
Насця казала, што лелякі часта сядзяць і адпачываюць на дарогах, цяпер мы ведаем, на што звяртаць увагу калі вечарам едзем па такой дарозе.
Убачыш птушку на дарозе — занясі на карту!
Цісні на кнопку, каб падпісацца на ютуб АПБ!
Што можа быць цудоўнейшым, чым вечар на прыродзе, праведзены пад акампанемент птушак? Аркестр з леляка, драчоў, драздоў і пячуравак не толькі парадаваў слых, але і стаў добрай нагодай паспрабаваць сябе ў вызначэнні птушак па галасах. Сваю нотку ў канцэрт унесла і авяльга, якую Надзея пачула ўпершыню:
Я пакуль не вельмі разбіраюся ў птушках і не ведала, як яна спявае. Было цікава: Насця расказвала, што ў авяльгі ёсць прыгожы пераліў, а ёсць крык, як у кошкі, калі наступіш ёй на хвост. І як толькі Насця так сказала, авяльга адразу так закрычала.
Запісвайся на анлайн-курс «Галасы птушак»!
“Рэдкая птушка” Кацярына Букас раней была толькі на адной клубнай экскурсіі.
Мы тады ездзілі на Ельню глядзець шэрых жураўлёў, — расказала яна. – Але я бывала і на птушыных экскурсіях Школы бёрдвочара і Акадэміі бёрдвочынгу, дзе праходзіла навучанне. Гэтым разам акрамя леляка мяне ўразілі слонкі, якія ляталі ў розныя бакі, гэта для мяне было вельмі незвычайна, што атрымалася іх разгледзець. А ў самым пачатку экскурсіі я “злавіла” лайфера – пабачыла ўпершыню ў жыцці баравога жаўрука.
Сторыз Кацярыны Букас з уражаннямі ад экскурсіі
Будзь разам з дзікай прыродай — далучайся да клуба АПБ “Рэдкая птушка”!
Тэкст: Алеся Башарымава
Падзяліся артыкулам у сацсетках: