Калі вы знайшлі памылку, калі ласка, вылучыце фрагмент тэксту і націсніце Ctrl+Enter.
Лямцавы цуд: жыхары Язна і Дзісны засвоілі тэхніку валяння
Апошнія навіны,Навіна арганізацыі ад 29 чэрвеня 2021 года
У красавіку і траўні ў Мёрскім (Міёрскім) раёне прайшлі трэнінгі па валянні для мясцовых майстроў. Пад кіраўніцтвам вопытнай рамесніцы Вольгі Камінскай жыхары аграгарадка Язна і горада Дзісны навучыліся ствараць арыгінальныя сувеніры.
Трэнінгі прайшлі ў межах праекта “Разам для грамады і прыроды: узмацненне працэсу развіцця ў Міёрскім раёне праз супрацоўніцтва мясцовай улады і грамадзянскай супольнасці”, які рэалізуецца Міёрскім раённым выканаўчым камітэтам, грамадскай арганізацыяй “Ахова птушак Бацькаўшчыны” і Латвійскім сельскім форумам пры фінансавай падтрымцы Еўрапейскага саюза.
У Язна вяскоўцы вельмі актыўныя, ёсць у іх і фальклорны калектыў “Язынка”. Яны з імпэтам узяліся за справу валяння, суладна спяваючы народныя песні.
Ларыса Карпава, удзельніца трэнінгу ў Язна, кажа:
Мы вельмі ўдзячныя Вользе Камінскай за душэўнасць і майстэрства, яна так даступна кожнаму данесла матэрыял! З намі былі і мае дзве школьніцы, і пенсіянер, народны майстар па саломцы Тамара Касатая, і кожнаму было цікава. Прыемна што матэрыял і інструменты нам пакінулі ў падарунак, бо тут набыць няма дзе, а на першы час гэта добры запас для самастойнай працы.
У Дзісне майстры таксама атрымалі азы мокрага і сухога валяння, змаглі адчуць новы для сябе матэрыял – лямец (валяную воўну). Рабілі і сашэ, якія можна напоўніць духмянымі траўкамі ці ягадамі, выкарыстоўваць як цацку ці футляр для ключоў, і аб’ёмныя сувенірчыкі — морквачкі, радыскі, качак, і брошкі ды значкі з рознымі птушкамі.
Вольга Смаршчок, загадчыца дзісенскага філіяла Мёрскага раённага цэнтра дзяцей і моладзі, расказала, што ў цэнтры ўжо зрабілі інфармацыйны стэнд па валянні, і дзеткі вельмі зацікавіліся гэтай тэхнікай.
Нашы педагогі на лета ўжо запланавалі экскурсіі, назіранні. Дзеці на экскурсіях пабачаць птушку, яна ім спадабаецца, яны вывучаць яе асаблівасці і зваляюць такую птушку з лямцу. Цікавасць у дзетак ужо ёсць. Бацькі прыводзілі да нас дзетак, каб запісаць у летнія гурткі, а ў педагога на стале ляжалі вырабы з нашага трэнінгу, і дзецям захацелася даведацца, як такое рабіць. Раней з лямцам у цэнтры мы не працавалі, а цяпер збіраемся адкрываць гурток па валянні, думаем, як падрыхтаваць матэрыяльную базу. Пара дзяўчатак ужо засвоіла асновы валяння.
Адна з педагогаў цэнтра дзяцей і моладзі ўжо рыхтуе ў гэтай тэхніцы працу да Дажынак.
Вольга адзначае, што валянне – старая тэхніка, і вяртанне да вытокаў з інавацыйным падыходам вельмі важнае.
Вольга Камінская расказала, што на трэнінгах былі майстры, якія робяць выдатныя працы ў іншых тэхніках. З імі яна разважала пра тое, як ствараць цікавыя рэчы на сутыку розных напрамкаў дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва.
Мы абмяркоўвалі, як сумясціць валянне і ткацтва, валянне і выцінанку, — кажа Вольга. – Таксама я старалася паказаць варыянты, як, маючы іголку, зрабіць нешта са старых нітак, са свежасастрыжанай воўны. Думаю, некаторыя з тых, хто прайшоў трэнінг, будуць валяць і ў далейшым, а педагогі – перадаваць навыкі дзецям.
Сустрэчы з Вольгай Камінскай заўжды знаходзяць цёплы водгук у мясцовых рамеснікаў, — кажа Наталля Саракавік, спецыялістка АПБ па развіцці турызму. – Атмасфера творчасці, натхненне, зарад энергіі – усё гэта згадваюць нашы ўдзельнікі. Праца з воўнай зацягвае і адкрывае новыя магчымасці для вырабу тэматычных сувеніраў, упрыгожванняў, цацак. Зычым творчых поспехаў нашым рамеснікам і чакаем іх прац на мясцовых святах.
Сувеніры, уласнаруч створаныя мясцовымі жыхарамі з натуральных матэрыялаў, — найлепшая памятка пра падарожжа па Мёрскім раёне. Прыязджай палюбавацца балотамі, пабачыць крутыя муралы ў Мёрах, Дзісне і Пераброддзі, знаёмся з мясцовымі людзьмі і набывай сувеніры на памяць!
Спампаваць спіс аграэкасядзіб Мёрскага раёна
Тэкст: Алеся Башарымава
Падзяліся артыкулам у сацсетках: