Маларыта становіцца больш пустальжынай

ад 30 чэрвеня 2021 года

Ужо перастаў здзіўляць факт, што сокал-пустальга гняздуе ў абласных гарадах і сталіцы Беларусі. Брэст, увогуле, — сакаліны мегаполіс, у якім колькасць пар дайшла да лічбы 60!

Пустальга. Фота Дзяніса Піпко

Пустальга. Фота Дзяніса Кіцеля

Вентыляцыйныя адтуліны і розныя тэхнічныя выступы ды заглыбленні фасадаў шматпавярховікаў нярэдка нясуць небяспеку для птушак і іх птушанят. Тым не менш, пустальга, здаецца, знайшла сваю нішу ў простым і пераносным сэнсах і заняла ўжо амаль усе даступныя для яе мясціны. Апошнія гады назіраецца тэндэнцыя распаўсюджання сокала ў маленькія гарады і нават вёскі.

Пустальга на гняздзе. Фота Дзяніса Піпко

Пустальга на гняздзе. Фота Дзяніса Кіцеля

Да таго, як сокалы “акупавалі” гарады, пустальга сялілася на ўскрайках палёў ці ў лесапалосах і займала пустыя гнёзды воранавых птушак. Апошнія гады пустальзе чамусьці надакучыла быць сельскай жыхаркай. Магчыма, ворагаў у гарадах для пустальгі менш, таму і адбылося вялікае перасяленне з палёў у населеныя людзьмі пункты.

У Маларыце пустальга дакладна з’явілася ў 2019 годзе. Пара заняла нішу на пяціпавярховым жылым будынку. Два гады сокалы тут паспяхова выводзілі “нашчадкаў”. У 2020 годзе сябры Брэсцкага абласнога аддзялення АПБ і Рабочай групы па сокалападобных і совападобных (РГСС) усталявалі на тэхнічных паверхах будынкаў штучныя скрыні.

Пустальжаняты ў штучным гнездзішчы. Фота Дзяніса Піпко

Пустальжаняты ў штучным гнездзішчы. Фота Дзяніса Кіцеля

Вясной гэтага года пустэльгі занялі адну са штучных ніш. Хутчэй за ўсё, сюды перабралася пара, якая гнездавала ў горадзе апошнія два гады. Напэўна, птушак уразілі памеры новай “кватэры”. Большая плошча памяншае рызыкі выпаду птушанят з гнязда да моманту, калі яны самі яго павінны будуць пакінуць.

Кладка пустальгі ў нішы. Белыя яйкі - галубіныя. Фота Дзяніса Піпко

Кладка пустальгі ў нішы. Белыя яйкі — галубіныя. Фота Дзяніса Кіцеля

Цікава, што першымі нішу аблюбавалі шызыя галубы і нават адклалі яйкі, але пустальга прагнала галубоў і пачала свой гнездавы сезон. На момант праверкі скрыні ў ёй адначасова знаходзіліся яйкі і голуба, і пустальгі. Што сталася з яйкамі голуба, мы дакладна не ведаем, але здагадацца не складана.

Неспадзявана атрымалася адзначыць у Маларыце яшчэ адну пару сакалоў. У адрозненне ад тыповай “гарадской”, гэтая абрала месцам для гнязда закінутую пабудову гракоў у адным з двароў. За птушкамі можна было лёгка назіраць з чацвёртага і пятага паверхаў будынка насупраць.

Паляваць абедзве пары пустэльг лётаюць за горад на палі і лугі, у харчаванні адзначаны палёўкі. Па нашых назіраннях, вельмі важна, каб побач з месцамі гнездавання знаходзіліся сенакосныя палеткі. Па-над бязмежнымі палямі кукурузы пустальга паляваць не стане.

Дзякуючы дапамозе кіраўніка раённай інспекцыі прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Анатоля Нікіцюка і дырэктара гарадскога ЖКХ Рамана Рачкевіча атрымалася своечасова атрымаць доступ на тэхнічны паверх, а таксама арганізаваць кран-вышку, каб закальцаваць птушанят рэдкай для Маларытчыны пустальгі.

Вось так арнітолаг дабіраўся да гнязда, каб акальцаваць птушанят пустальгі. Фота Юрыя Янкевіча

Вось так арнітолаг дабіраўся да гнязда, каб акальцаваць птушанят пустальгі. Фота Юрыя Янкевіча

Кольцы ад дасведчаных арнітолагаў Дзяніса Кіцеля, Дзяніса Піпко і Юрыя Янкевіча атрымалі 6 птушанят з нішы на будынку і 4 з гнязда грака.

Птушаняты пустальгі. Фота Дзяніса Піпко

Птушаняты пустальгі. Фота Дзяніса Піпко

Хочацца верыць, што такі прыклад узаемадзеяння НДА і дзяржаўных устаноў Маларыты будзе і надалей прыносіць карысць рэдкім прадстаўнікам біяразнастайнасці.

Каб такіх ініцыятыў было больш, падтрымай РГСС, пералічыўшы ахвяраванне на рахунак BY70BPSB31351049261149330000. УНП: 101546170. БИК BPSBBY2X.

Увага! Пазначай правільна прызначэнне плацяжу: “ахвяраванне”, па-руску – “пожертвование”. Інакш мы не зможам скарыстацца гэтымі сродкамі.

Ахвяраванне можна пераказаць толькі праз пошту і (або) банк. Да АРІП гэты рахунак не падключаны.

Звяртаем увагу, што гэта спецыяльны рахунак АПБ, які адрозніваецца ад агульнага рахунка на ахвяраванні.

Тэкст, фота: Дзяніс Кіцель

https://www.facebook.com/APB.BirdLife.Belarus/



Падзяліся артыкулам у сацсетках:


Сообщить об опечатке

Текст, который будет отправлен нашим редакторам: