Калі вы знайшлі памылку, калі ласка, вылучыце фрагмент тэксту і націсніце Ctrl+Enter.
Бачыш птушаня сокала на зямлі? Расказваем, як дапамагчы
Апошнія навіны,Навіна арганізацыі ад 8 ліпеня 2021 года
У сокалаў птушаняты вылецелі з гнёзд і пачынаюць дарослае жыццё. У АПБ штодня тэлефануюць грамадзяне, якія знайшлі сакалянят на зямлі ці на балконе. Тлумачым, якая дапамога патрэбная такім птушанятам.
Пустальга за акном. Антон Іваноў
Усё часцей “чырванакніжныя” сокалы-пустэльгі селяцца ў гарадах. Самі гнёзд яны не будуюць, найчасцей селяцца ў нішах на апошніх паверхах шматпавярховак, часам займаюць гнёзды іншых птушак.
Пустальжаняты ў нішы. Фота Аляксандра Мініча
Сакаляняты часам выпадаюць з гнёзд падчас гульні або іх саштурхоўваюць старэйшыя браты ці сёстры. На зямлі яны могуць стаць ахвярай катоў і сабак, трапіць пад колы машын.
У Беларусі выйшлі сакаліныя паштовыя маркі
Калі птушаня ўжо цалкам у пер’ях, то павінна ўмець лётаць, але з зямлі яму ўзляцець складаней, чым з вышыні. Акуратна вазьміце птушку аберуч, прыціскаючы ёй крылы, і падсадзіце на навес над пад’ездам, дах гаража ці любога будынка паблізу з плоскім дахам.
Дарослыя птушкі выдатна бачаць сваіх птушанят зверху, знойдуць іх і будуць дакормліваць найбліжэйшыя тыдні, пакуль маладыя сокалы навучацца паляваць і пачнуць самастойнае жыццё, — кажа рэдактар сайта “Птушкі штодня” Дзмітры Вінчэўскі. — А каб бацькі не забывалі свае абавязкі, маладыя птушкі сочаць за небам і крыкамі прыцягваюць да сябе ўвагу, так што падсадзіць птушак у бяспечнае адкрытае месца — найлепшы для ўсіх варыянт.
Калі птушаня яшчэ ў пуху, то па магчымасці яго трэба як мага хутчэй вярнуць у гняздо. Удакладні ў людзей з апошняга паверху або ў камунальнай службы, як атрымаць доступ да ніш на апошніх паверхах будынка, адкуль, меркавана, выпала птушаня.
Абавязкова вызначыце, як даўно птушаня галадае, — раіць Аляксандр Мініч, сябра Савета Брэсцкага абласнога аддзялення АПБ. – Для гэтага трэба абмацаць кіль – костку на грудзях. Калі птушаня паводзіцца “спакойна”, калі вы бераце яго ў рукі, і кіль у яго моцна выступае, то яно галоднае, знясіленае і ўжо доўга сядзіць на зямлі. Падкарміць яго можна сырой курыцінай, але ні ў якім разе не ежай з чалавечага стала.
Параненай птушцы трэба дапамога спецыялістаў. Гэты від уключаны ў Чырвоную кнігу Беларусі, і вымаць яго з дзікай прыроды (нават каб дапамагчы) без дазволу забаронена.
Паводле заканадаўства спачатку трэба звярнуцца ў раённую ці гарадскую інспекцыю, Мінскі камітэт Мінпрыроды. Спецыяліст падкажа, што рабіць далей.
Што рабіць, калі ўбачыш птушаня-подлетка?
Сокала нельга саджаць у клетку, бо яна абламае пер’е аб пруты. Яе трэба змясціць часова ў каробку, якую на час ператрымкі паставіць у зацішнае зацененае месца.
Пустальга ў скрыні, фота чытача АПБ з Брэста
Дапамагчы параненай птушцы могуць ветэрынары, якія займаюцца птушкамі ў Мінску або Цэнтр дапамогі для дзікіх жывёл «Сірын» пад Мінскам: +375 (29) 191-38-78. Таксама траўмаваных і знясіленых пустэльг прымаюць у Магілёўскім заасадзе (+375 (222) 78-09-94 -) і Гродзенскім заапарку (+375 (152) 622912). Спытаць параду наконт дапамогі ў іншых рэгіёнах можна ў Telegram-чаце “Ціў-ціў”.
Выпуск маладой пустальгі на волю пасля рэабілітацыі ў Гродзенскім заапарку. Фота Дзмітрыя Вінчэўскага, birdwatch.by
Маладая пустальга ляціць у дарослае жыццё пасля рэабілітацыі. Фота Дзмітрыя Вінчэўскага, birdwatch.by
6 ліпеня дзякуючы дамове паміж ветэрынарным аддзелам Гродзенскага заапарка, Гродзенскай гарадской і раённай інспекцыяй Мінпрыроды і Гродзенскім абласным аддзяленнем АПБ шэсць маладых сокалаў-пустэльг, якіх знясіленымі прынеслі ў заапарк людзі, атрымалася пасля рэабілітацыі вярнуць на волю, папярэдне акальцаваўшы іх. Дзякуючы кольцам мы зможам больш даведацца пра іх далейшы лёс.
Тэкст: Алеся Башарымава
Падзяліся артыкулам у сацсетках: