Лыжкі з ліпы: як дзісенцы вучыліся разьбярству

ад 5 жніўня 2021 года

26 чэрвеня ў горадзе Дзісна прайшоў трэнінг для мясцовых майстроў. Гэтым разам яны практыкаваліся ў разьбярстве.

Трэнінг прайшоў у межах праекта “Разам для грамады і прыроды: узмацненне працэсу развіцця ў Міёрскім раёне праз супрацоўніцтва мясцовай улады і грамадзянскай супольнасці”, які рэалізуецца Міёрскім раённым выканаўчым камітэтам, грамадскай арганізацыяй “Ахова птушак Бацькаўшчыны” і Латвійскім сельскім форумам пры фінансавай падтрымцы Еўрапейскага саюза.

Трэнінг праходзiў падчас мясцовага свята “Дзісенская хваля”, — кажа Сяргей Рэзаў, спецыяліст АПБ па развіцці турызму. — Сярод удзельнiкаў былі і мужчыны, і жанчыны самых розных узростаў. Хочацца адзначыць, што вёў трэнінг чалавек вядомы і вельмі паважаны ў Дзісне – Уладзiмiр Уладзiмiравiч Майсяёнак, сапраўдны майстар сваёй справы. У выніку ўдзельнікі змаглі атрымаць каштоўны навык працы з драўнінай, рэзкі і далейшай апрацоўкі матэрыялу для стварэння прыгожых сувеніраў. Магчыма, ужо вельмі хутка мы ўбачым высакаякасныя працы новых майстроў з Дзісны.

разьба па дрэве Дзісна

Уладзімір Майсяёнак калісьці зацікавіўся разьбярствам на занятках у мясцовым клубе, а пасля ўдасканальваўся самастойна з дапамогай інфармацыі, якую знаходзіў у Інтэрнэт, і, вядома, практыкі. Натхняльны прыклад!

разьба па дрэве Дзісна

Майстар вырэзвае ў асноўным дэкаратыўныя пано, але для ўдзельнікаў, якія ўпершыню знаёміліся з тэхнікай, падрыхтаваў заданне больш простае.

Мы вырэзвалі драўляныя лыжкі розных памераў, — расказаў спадар Уладзімір. — Я падрыхтаваў загатоўкі з ліпы – кавалкі, выразаныя лобзікам па контуры. Патлумачыў і тое, як зрабіць з дошкі ці палена такія загатоўкі самім. Каб зрабіць лыжку, спачатку працавалі сякеркамі, потым разцамі. Лыжка – добры выраб для пачатку, для трэніроўкі. Парадавала, што было шмат ахвочых паўдзельнічаць у трэнінгу!

Адзін з удзельнікаў, Яўген Фурс, адзначыў, што нават без навыкаў у яго і іншых атрымлівалася някепска.

Тым, хто захоча працягваць развівацца ў разьбярстве, прапанавалі працягнуць практыкавацца ў мясцовым клубе.

Тэкст: Алеся Башарымава

https://www.facebook.com/APB.BirdLife.Belarus/

 

 



Падзяліся артыкулам у сацсетках:


Сообщить об опечатке

Текст, который будет отправлен нашим редакторам: